У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча з дэпутатамі Сейма Рэспублікі Польшча на чале з сустаршынёй Польска-Беларускай парламенцкай групы Адамам Андрушкевічам. Беларускі бок прадстаўлялі намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка, прадстаўнікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі галіновага міністэрства. У сустрэчы прымаў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.
— Адносіны паміж нашымі краінамі маюць вельмі даўнюю гісторыю і прынеслі нашым народам вялікі плён, — адзначыла на пачатку сустрэчы Раіса Станіславаўна Сідарэнка. — Калі прааналізаваць наша супрацоўніцтва, аб якім узроўні нашых узаемаадносін мы сёння ні гаварылі б, усюды нашы дарогі перасякаюцца, з кожным разам нашы сувязі мацнеюць. Гэта зразумела і лагічна. У нас адна агульная задача — выхоўваць новае пакаленне грамадзян на прынцыпах дружбы, узаемаразумення паміж нашымі краінамі, каб і надалей развіваць цёплыя сяброўскія, культурныя і дзелавыя адносіны.
Тэмамі для абмеркавання на сустрэчы сталі пытанні аб перспектывах развіцця беларуска-польскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, рэалізацыі права прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей на атрыманне адукацыі на польскай мове ў Беларусі.
Працягваючы размову, Р.С.Сідарэнка адзначыла, што ў сферы адукацыі Беларусі і Польшчы непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі ўсталяваліся цесныя і прадукцыйныя сувязі, якія дазваляюць узаемна ўзбагачаць адукацыйную галіну дзвюх краін. Так, у прыватнасці, толькі прамых дагавораў паміж УВА Беларусі і Польшчы заключана на сённяшні дзень больш за 220.
У канцы мінулага года адбылася знамянальная падзея ва ўзаемаадносінах дзвюх краін — падпісанне пагаднення паміж урадамі Беларусі і Польшчы, што дазволіла пашырыць гарызонты супрацоўніцтва і тым самым актывізаваць абмен студэнтамі, аспірантамі, педагогамі, павялічыць колькасць і пашырыць тэматыку сумесных адукацыйных і навуковых праектаў. У гэтым задзейнічаны ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, вышэйшай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У частцы перамоў наконт прававога стану нацыянальных меншасцей Беларусі, у тым ліку магчымасці выбару іх прадстаўнікамі мовы выхавання і навучання, было адзначана, што гэтыя палажэнні рэгулююцца шэрагам заканадаўчых дакументаў, у першую чаргу Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама Законам “Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь” і Кодэксам аб адукацыі ў частцы рэалізацыі права карыстацца роднай мовай.
Як падкрэсліла Р.Сідарэнка, у сістэме адукацыі нашай краіны прадстаўлена права ўсім грамадзянам на атрыманне ведаў на роднай мове. Што тычыцца непасрэдна вывучэння польскай мовы ў нашай краіне, то сёння функцыянуюць дзве школы (сярэдняя школа № 36 Гродна, сярэдняя школа № 8 Ваўкавыска), дзе 80% урокаў выкладаецца на польскай мове. Вывучэнне польскай мовы адбываецца таксама ў 10 УВА нашай краіны. Акрамя таго, у многіх школах Беларусі арганізаваны факультатыўныя заняткі, на якіх усе жадаючыя могуць вывучаць польскую мову.
Калі браць іншыя кірункі развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Польшчай, то яно імкліва развіваецца ў сферы прафесійнай, спецыяльнай адукацыі, навуковай дзейнасці. Так, у прыватнасці, у прафесійнай адукацыі найбольш актыўна развіваюцца сувязі паміж Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і Пазнанскім цэнтрам бесперапыннай і практычнай адукацыі. Асабліва наблізіліся гэтыя ўстановы ў падрыхтоўцы сумесных праграм прафесійнай адукацыі, узаемным абмене методыкамі навучання, у развіцці руху WorldSkills.
Прадстаўнікі дзвюх краін закранулі пытанне маладзёжных абменаў, якое сёння вельмі актуальнае. З цягам часу гэты кірунак супрацоўніцтва не зменшыў тэмпаў, а становіцца ўсё больш інтэнсіўным. Толькі за апошнія два гады ў рамках праграм міжуніверсітэцкага акадэмічнага абмену 330 студэнтаў беларускіх УВА прайшлі навучанне ў Польшчы. У рамках маладзёжнага абмену наша моладзь прымае ўдзел у шматлікіх сумесных мерапрыемствах, міжнародных семінарах, канферэнцыях, еўрапейскіх праграмах.
Адам Андрушкевіч разам са сваімі калегамі падзяліўся вопытам у прадастаўленні правоў і стварэнні ўмоў для вывучэння роднай мовы нацыянальным меншасцям, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, і перш-наперш беларусам. Госці з Польшчы выказалі жаданне запазычыць напрацоўкі беларускіх калег у гэтым кірунку.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.