Беларусь прадставіць свой вопыт па дасягненні МУР на сусветным саміце

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяна Шчоткіна 24—25 верасня прыме ўдзел у саміце па ўстойлівым развіцці, які арганізаваны Сусветным эканамічным форумам (СЭФ) у Нью-Ёрку. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Беларусь запрошана на саміт упершыню. “Марыяна Шчоткіна прадставіць беларускі вопыт па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, а таксама выступіць з дакладамі па пытаннях гендарнай роўнасці і процідзеяння гандлю людзьмі ў кантэксце работы па МУР”, — праінфармавалі ў прэс-службе.

Удзел у саміце дасць магчымасць не толькі прадставіць падыходы Беларусі да выбудоўвання работы па дасягненні МУР, але і абмеркаваць практычныя пытанні развіцця ўзаемадзеяння з Сусветным эканамічным форумам, адзначылі ў Савеце Рэспублікі. На палях саміту запланаваны двухбаковыя сустрэчы нацыянальнага каардынатара Беларусі па МУР з кіраўнікамі дэлегацый замежных краін і міжнародных арганізацый.

Саміт СЭФ у Нью-Ёрку прымеркаваны да адкрыцця 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Адна з ключавых тэм — узмацненне рэгіянальнага супрацоўніцтва і стварэнне сеткі партнёрскіх сувязей па пытаннях устойлівага развіцця. Гэта тэма сугучна з беларускай ініцыятывай па фарміраванні партнёрскай сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР, агучанай на мінскім форуме па ўстойлівым развіцці ў лютым 2018 года. На саміт для абмеркавання пытанняў збяруцца больш за 700 прадстаўнікоў арганізацый, урадаў, акадэмічных колаў з 70 краін.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *