Беларусь прэтэндуе на права правядзення Генасамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Мінск з’яўляецца кандыдатам на права правядзення Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) у 2016 годзе, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі.

Выбары горада, які ў 2016 годзе прыме гэты штогадовы форум, адбудуцца днямі ў Празе (Чэхія) на Генеральнай асамблеі ЕАК бягучага года.
“Генеральная асамблея ЕАК з’яўляецца адной з галоўных падзей кантынентальнага спартыўнага календара, — растлумачылі ў прэс-службе. — У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсяго алімпійскага руху, у тым ліку прэзідэнты МАК, АНАК, ЕАК, лідары кантынентальных асацыяцый МАК, прадстаўнікі НАК, міжнародных спартыўных федэрацый, арганізацыйных камітэтаў Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў, юнацкіх Алімпійскіх гульняў, Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестываляў”.
Прэзентацыя заяўкі “Мінск-2016” пройдзе сёння, 21 лістапада, у Празе. У працэдуры галасавання прымуць удзел прадстаўнікі НАК з 50 краін. Першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў адзначыў, што заяўка на правядзенне 45-й Генасамблеі ЕАК у Мінску была пададзена па ўзгадненні з прэзідэнтам НАК Аляксандрам Лукашэнкам. “25-годдзе НАК Беларусі, якое будзе адзначацца ў 2016 годзе, надасць асаблівую ўрачыстасць і важнасць гэтай падзеі, — лічыць Максім Рыжанкоў. — Спадзяёмся, што калегі з еўрапейскай спартыўнай сям’і падтрымаюць нас. Да таго ж гэта цудоўная магчымасць напярэдадні правядзення летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю “Мінск-2019” ацаніць інфраструктуру, прадэманстраваць арганізатарскія здольнасці, дасягненні і дружалюбную атмасферу Беларусі”.
У час прэзентацыі на Генасамблеі-2015 у Празе будзе працаваць выставачная зона. НАК Беларусі і прадпрыемства “Мінсктурыст” падрыхтавалі і выпусцілі да гэтага мерапрыемства сувеніры, друкаваныя матэрыялы, рэкламныя стойкі. Усе наведвальнікі стэнда “Мінск-2016” змогуць прадэгуставаць прадукцыю шэрага сталічных прадпрыемстваў.
У НАК Беларусі ўпэўнены, што арганізацыя гэтага форуму стане знакавай падзеяй для Мінска і спартыўнага жыцця Еўропы. Для горада і ўсёй краіны гэта будзе важны крок у гісторыі развіцця алімпійскага руху.
Упершыню беларуская сталіца прыняла спаборніцтвы Гульняў у 1980 годзе, калі на стадыёне “Дынама” быў запалены алімпійскі агонь і прайшоў кваліфікацыйны турнір па футболе, а таксама адзін з матчаў чвэрцьфіналу маскоўскай Алімпіяды. У 2011 годзе ў Мінску прайшло пасяджэнне выканкама ЕАК.