Беларусь прыкладзе максімум намаганняў для нарошчвання гандлю з ААЭ

Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі Мухамедам Абдалой Мухамедам аль-Гафлі з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў дзейнасць дыпламата ў Беларусі. “Павінен сказаць, што для вас і нас той перыяд, калі вы прадстаўлялі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ў Беларусі, быў насычаны актыўным супрацоўніцтвам. Мы вызначылі і выкрышталізавалі асноўныя напрамкі, па якіх гатовы ўзаемадзейнічаць з ААЭ”.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што існуючы двухбаковы тавараабарот з’яўляецца недастатковым. “Не скажу, што мы маем тавараабарот, які адпавядае патэнцыялам дзвюх краін. Тавараабарот за мінулы год у $70 млн — гэта не той паказчык, які павінен быць паміж нашымі краінамі”, — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што лічба павінна быць на парадак вышэйшай, неабходна прыкласці максімум намаганняў для гэтага.
Тым не менш, як падкрэсліў прэзідэнт, перыяд дыпламатычнай місіі пасла быў станоўчы. “І я вам удзячны за гэта. Вы жаданы госць у Беларусі і заўсёды можаце прыехаць у нашу краіну без усялякіх фармальнасцей. Мы будзем рады вас бачыць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў надзею на тое, што новы пасол ААЭ, які прыедзе ў Беларусь, захавае пераемнасць па развіцці двухбаковых адносін.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь можа прапанаваць Аб’яднаным Арабскім Эміратам супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. “Галоўнае — больш актыўна рэалізоўваць тую дарожную карту, якую мы вызначылі з кіраўніцтвам ААЭ. Упэўнены, што яшчэ не адзін раз будзе магчымасць сустрэцца з вамі і ў ААЭ. І мы чакаем кіраўнікоў вашай краіны ў Беларусі”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з’яўляюцца надзейным партнёрам і сябрам для Беларусі. Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя добрыя пажаданні кіраўніцтву ААЭ за дапамогу і падтрымку, што аказваюцца Беларусі.
ААЭ будуць больш актыўна інвесціраваць у Беларусь, заявіў у сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь Мухамед Абдала Мухамед аль-Гафлі на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі.
Дыпламат падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за добрыя словы, сказаныя ў яго адрас. “Для мяне быў вялікі гонар прадстаўляць ААЭ ў вашай прыгожай дружалюбнай краіне. І я ніводнага дня не адчуваў сябе тут як у чужой дзяржаве”, — адзначыў дыпламат. Ён таксама падкрэсліў, што перыяд яго дыпламатычнай дзейнасці ў Мінску быў вельмі актыўны дзякуючы не толькі яму асабіста, але і “імкненню сяброў з Беларусі і зацікаўленасці беларускага боку ў супрацоўніцтве”.
Мухамед Абдала Мухамед аль-Гафлі высока ацаніў узровень беларуска-эмірацкага супрацоўніцтва, сказаўшы, што адносіны паміж дзвюма дзяржавамі больш як выдатныя. Пасол таксама падкрэсліў, што эмірацкі бок сур’ёзна працуе над рэалізацыяй дамоўленасцей паміж лідарамі дзвюх краін. Ён выказаў упэўненасць, што ўзровень двухбаковага тавараабароту $500 млн будзе дасягнуты.