Беларусь прыняла тысячы дзяцей — вымушаных мігрантаў

- 11:29Сацыяльны ракурс

У мінулым годзе Беларусь прыняла небывалую колькасць вымушаных мігрантаў. Як прызнаюць міжнародныя спецыялісты, уладай краіны былі прыняты своечасовыя меры ў гэтай сітуацыі — як для захавання інтарэсаў і правоў вымушаных перасяленцаў, так і для рэгулявання сітуацыі ўнутры краіны. Дзякуючы гэтаму, не ўзнікла напружання ў крымінагеннай сітуацыі, падтрымлівалася раўнавага на рынку працы. Такую думку на прэс-канферэнцыі, прысвечанай сітуацыі з бежанцамі ў Беларусі, выказаў Аляксандр Ціханавіч Татура, намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.

Днямі ў сусветнай павуціне тысячы “рэпостаў” атрымаў фотаздымак чатырохгадовай сірыйскай дзяўчынкі. Маленькая, з неверагодна глыбокімі чорнымі вачыма, яна спужана глядзіць у аб’ектыў, узняўшы пухлыя, яшчэ з дзіцячымі перавязачкамі, ручкі ўгору. І, толькі прачытаўшы гісторыю гэтага фотаздымка, разумееш, адкуль столькі страху і асуджанасці ў гэтых дзіцячых вачах: яна не ведае, што такое фотаапарат, але ў свае чатыры гады выдатна ведае, што такое зброя, і, пераблытаўшы фотакамеру з прыцэлам, думае, што выратаваць яе можа толькі гэты зразумелы на ўсіх мовах рух — “рукі ўгору”. З такім недзіцячым вопытам тысячы дзяўчынак і хлопчыкаў шукаюць прытулку ад вайны ў іншых краінах. Беларусь — адна з тых краін, якія на працягу апошніх гадоў прымаюць вымушаных мігрантаў з зон ваенных канфліктаў. І, зразумела, найбольш уразлівая катэгорыя сярод іх — дзеці — патрабуе асаблівай увагі і клопату. У мінулым годзе колькасць вымушаных мігрантаў, што прыбылі ў Беларусь, павялічылася ў разы.
— У сувязі з канфліктамі, да гэтага часу існуючымі гуманітарнымі крызісамі ў Сірыі і Украіне, колькасць вымушаных мігрантаў і асоб, якія шукаюць прытулак, значна павялічылася. Гэта назіралася ў мінулым годзе, захавалася такая тэндэнцыя і сёлета, — адзначыў на прэс-канферэнцыі Жан Іў Бушардзі, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі.
Дарэчы, сёлета ўпершыню ў краіне Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі разам з Міністэрствам унутраных спраў быў рэалізаваны рэгіянальны праект “Прадастаўленне абароны найбольш уразлівым катэгорыям асоб, што шукаюць прытулак у Рэспубліцы Беларусь, якія пацярпелі ў выніку гуманітарнага крызісу”. Гэта першы ў гісторыі Беларусі прыклад, калі краіна выступіла ў якасці краіны перасялення, прыняўшы асоб, якія пражывалі да гэтага ў іншым рэгіёне. У рамках праекта бежанцы з Сірыі — 8 дзяцей і 4 дарослых — атрымалі ўсю неабходную дапамогу. Пасля таго, як будуць закончаны некаторыя фармальнасці, яны змогуць перасяліцца ў падрыхтаванае жыллё, набытае ў рамках сумеснага з МУС праекта, што фінансуецца УВКБ ААН.
Частка выхадцаў з Сірыі, якія зараз шукаюць прытулак у Беларусі, — гэта студэнты, якія прыбылі ў нашу краіну да таго, як разгарэўся канфлікт на іх Радзіме. Цяпер яны не маюць магчымасці вярнуцца назад ці нават проста атрымаць нейкія неабходныя дакументы.
Але, зразумела, найбольшы наплыў вымушаных мігрантаў у Беларусь апошнім годам ідзе з Украіны.
— У цяперашні час грамадзяне Украіны — гэта найбольшая катэгорыя з тых, хто шукае прытулак у Беларусі. Па стане на канец сакавіка 2015 года на тэрыторыі Украіны налічвалася каля 1 млн 100 тысяч унутрана перамешчаных асоб. Яшчэ каля 800 тысяч грамадзян Украіны выехала за межы сваёй краіны ў пошуках выратавання. З іх 300 тысяч афіцыйна звярнуліся з хадайніцтвамі аб прадастаўленні абароны. Астатнія атрымалі законнае права на пражыванне на тэрыторыі іншых краін на іншых падставах, ― прывёў даныя Жан Іў Бушардзі. ― У асноўным гэта найбліжэйшыя да Украіны краіны — Расія, Беларусь, Польшча. І калі ў абсалютных лічбах Расійская Федэрацыя прыняла найбольшую колькасць грамадзян Украіны, то ў пераліку да агульнай колькасці насельніцтва краіны, куды прыбылі ўкраінцы, Беларусь займае першае месца.
— Калі ў 2013 годзе самай шматлікай групай вымушаных мігрантаў, якія звярнуліся з хадайніцтвамі аб абароне ў Рэспубліцы Беларусь, былі выхадцы з Сірыі, якія склалі больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці вымушаных мігрантаў, то ў цяперашні час структура краін, адкуль у Беларусь прыбываюць асобы, якія шукаюць прытулак, характарызуецца істотнымі зменамі, — адзначыў Аляксандр Ціханавіч Татура. — Заяўнікі з Украіны склалі 76,5% ад агульнай колькасці тых, хто хадайнiчае аб абароне, і з’яўляюцца самай шматлікай групай вымушаных мігрантаў, якія звярнуліся з хадайніцтвамі аб абароне ў 2014 годзе. Па стане на пачатак бягучага года з хадайніцтвамі аб абароне звярнуліся 663 грамадзяніны Украіны.
Але грамадзяне, якія звяртаюцца за статусам бежанцаў, — гэта толькі невялікая колькасць у агульнай масе вымушаных мігрантаў з Украіны. У абсалютнай большасці яны знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі на іншых законных падставах — атрымалі дазвол на часовае знаходжанне, від на жыхарства і інш. Усяго за мінулы год на тэрыторыю Беларусі ў “часовым рэжыме” прыбыло каля 80 тысяч украінцаў. У бягучым годзе паток вымушаных мігрантаў не зменшыўся.
Улічваючы актуальнасць гэтага пытання, яшчэ ў жніўні мінулага года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Указ № 420 “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэтым дакументам спрошчаны шэраг пытанняў, звязаных з прадастаўленнем дакументаў, якія неабходны для легалізацыі грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі, іх уладкавання, вырашэння бытавых, жыццёвых, у тым ліку і ў адносінах адукацыі, пытанняў.
Як паказала практыка, гэты дакумент сапраўды дапамагае тым, хто быў вымушаны пакінуць Радзіму, уладкоўвацца на новым месцы. Вырашаюцца пытанні з працаўладкаваннем. Так, сёння сфарміраваны пералік арганізацый, якія гатовы прыняць на работу грамадзян Украіны, у тым ліку і з прадастаўленнем жылых памяшканняў. Гэты пералік размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і абнаўляецца штомесяц.
Гэтым жа дакументам быў устаноўлены і парадак атрымання грамадзянамі Украіны адукацыі ў Беларусі. Так, асобы, якія маю ць часовы статус на тэрыторыі Беларусі, могуць на бясплатнай аснове ўладкоўваць сваіх дзяцей у дашкольныя, агульныя сярэднія ўстановы, прэтэндаваць на навучанне ў прафесійных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Па звестках Міністэрства адукацыі, у 2014 годзе ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі залічаны для атрымання адукацыі 55 грамадзян Украіны і асоб без грамадзянства, якія пражывалі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. З іх 15 чалавек — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, 40 чалавек — на ўмовах аплаты, прадугледжаных для грамадзян Беларусі. Ва ўстановы дашкольнай адукацыі прыняты 755 выхаванцаў з ліку грамадзян Украіны, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — яшчэ 1424 дзіцяці.

Алена МАРКЕВІЧ.