Міністр адукацыі нашай краіны С.А.Маскевіч на гэтых днях знаходзіўся з сяброўскім візітам у рэгіёне Сардзінія Італьянскай Рэспублікі, у ходзе якога сустрэўся з прэзідэнтам Сардзініі Франчэскам Пільяру і абмеркаваў перспектывы далейшага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.
Рэгіён Сардзінія ўваходзіць у склад Італьянскай Рэспублікі, але мае асаблівы статут і аўтаномію. Насельніцтва Сардзініі складае каля 1,7 млн жыхароў, значная частка якіх пражывае ў сталіцы Сардзініі — горадзе Кальяры і яго ваколіцах. Сардзінія лічыцца найбольш спрыяльнай зонай для адпачынку, і кожнае лета яе насельніцтва павялічваецца ўдвая за кошт турыстаў з самых розных краін свету.
Сардзінія і Беларусь ужо шмат гадоў аб’яднаны не толькі сяброўскімі стасункамі, але і цеснымі сувязямі супрацоўніцтва. Як вядома, Італія і непасрэдна Сардзінія мае вялікі вопыт у аздараўленні беларускіх дзяцей, якія штогод там адпачываюць. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі вельмі эфектыўна супрацоўнічае з Сардзініяй у рамках праекта Італьяна-беларускага цэнтра супрацоўніцтва і адукацыі, які займаецца рознабаковым развіццём адносін паміж Італіяй і Беларуссю ва ўсіх сферах дзейнасці. Найбольш прыкметным прадуктам такога супрацоўніцтва стаў вучэбны цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі “Сардзінія Глобал”, які размясціўся ў Мінску і стварыў магчымасць для нашых грамадзян засвоіць найбольш запатрабаваныя прафесіі будаўніцтва, турызму і іншых галін згодна з еўрапейскімі стандартамі. Для якаснага навучання сваіх навучэнцаў вучэбны цэнтр мае сучасную, абсталяваную па апошнім слове тэхнікі матэрыяльна-тэхнічную базу, высокакваліфікаваны кадравы склад педагагічных работнікаў, зместавае насычэнне і навукова-метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу.
Дэлегацыі з Сардзініі шмат разоў наведвалі Міністэрства адукацыі Беларусі і сустракаліся з яго кіраўніцтвам, каб абмеркаваць новыя напрамкі супрацоўніцтва. І вось нядаўна было вырашана замацаваць адносіны паміж краінамі ўжо на італьянскай зямлі. Міністр адукацыі Беларусі С.А.Маскевіч сустрэўся з прэзідэнтам рэгіёна Сардзінія Франчэскам Пільяру і закрануў пытанні далейшых перспектыў беларуска-сардзінскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.
— Апошнім часам спектр тых кірункаў, па якіх мы вядзём супрацоўніцтва з італьянскімі калегамі, істотна павялічыўся, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Але рэзерв, безумоўна, яшчэ ёсць, і мы гатовы яго выкарыстоўваць у поўным аб’ёме.
У час перамоў з прэзідэнтам Сардзініі гаворка ішла аб развіцці стасункаў у навуковай сферы, а таксама аб падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы турызму. Франчэска Пільяру адзначыў, што, улічваючы тое, што Беларусь мае палітычную і эканамічную стабільнасць, імкліва развіваецца, перспектывы на далейшае супрацоўніцтва могуць быць вельмі прадукцыйнымі.
У час візіту С.А.Маскевіч сустрэўся з кіраўніцтвам адукацыйнай галіны Сардзініі і абмеркаваў пытанні пашырэння супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі і развіцця навуковых сувязей паміж установамі адукацыі Беларусі і Сардзініі. Міністр таксама прыняў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі і наведаў навукова-адукацыйныя ўстановы Сардзініі.
Ала КЛЮЙКО.