Беларусь — Саудаўская Аравія: сувязі напрамую

- 10:19Актуально, Апошнія запісы

У суботу ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” прайшла сустрэча міністра адукацыі нашай краіны Ігара Карпенкі і міністра адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Ахмеда Мухамеда аль-Ісы.

Візіт дэлэгацыі Саудаўскай Аравіі адбываецца па запрашэнні Міністэрства адукацыі Беларусі і праходзіць у перыяд з 9 па 13 верасня. Як было адзначана, яго галоўнай мэтай з’яўляецца выпрацоўка эфектыўнага механізма рэалізацыі мемарандума аб узаемаразуменні паміж галіновымі ведамствамі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі, прынятага ў маі 2016 года, вызначэнне прыярытэтных напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння.

Ігар Карпенка падзякаваў калегам з Саудаўскай Аравіі за наведванне Беларусі і адзначыў, што праграма іх знаходжання будзе насычанай і змястоўнай. “Я ўпэўнены, што ваш візіт надасць новы імпульс нашым узаемаадносінам у галіне адукацыі і навукі. Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці такіх адносін, развіцці іх нарматыўна-прававой базы. Мяркую, што ў межах вашага візіту мы зможам падпісаць шэраг дагавораў”, — звярнуўся да гасцей Ігар Карпенка.

У прыватнасці, міністр адукацыі нашай краіны заўважыў, што ёсць магчымасць заключыць прамыя дагаворы паміж універсітэтамі. Акрамя таго, сістэма беларускай вышэйшай адукацыі адкрыта для падрыхтоўкі кадраў па шэрагу напрамкаў, у тым ліку і для эканомікі Саудаўскай Аравіі.

“Мы гатовы рыхтаваць па адпаведных спецыяльнасцях грамадзян вашай краіны. Можам прапанаваць шэраг спецыяльнасцей, навучанне па якіх вядзецца на англійскай мове. Акрамя таго, мы гатовы абмяркоўваць пытанні ўзаемнага прызнання дакументаў аб адукацыі.

Ведаю пра вашу цікавасць да сумесных навуковых даследаванняў, удзелу ў сумесных навуковых праектах, таму вы зможаце наведаць тыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе вядуцца перспектыўныя навуковыя распрацоўкі. Нашы ўніверсітэты актыўна ўдзельнічаюць у розных міжнародных праграмах навуковых даследаванняў -сумесна з вядучымі ВНУ Заходняй Еўропы, Кітая, ЗША, Індыі. І мы гатовы стаць вашымі партнёрамі ў гэтым напрамку”, — працягваў Ігар Карпенка.

Зараз Беларусь выходзіць на якасна новы ўзровень вышэйшай адукацыі — фармат “Універсітэт 3.0”, які прадугледжвае не толькі рэалізацыю абавязковай адукацыйнай праграмы, але і навуковай. Вынікі такой навуковай дзейнасці будуць прадавацца, тым самым універсітэты змогуць удзельнічаць у эканамічным развіцці нашай краіны. Некалькі вядучых універсітэтаў Беларусі гатовы да рэалізацыі новага фармату. У сувязі з гэтым беларускіх спецыялістаў цікавіць, як развіваецца вышэйшая школа Саудаўскай Аравіі.

У адказ міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі падзякаваў за цёплы прыём і запрасіў Ігара Карпенку наведаць іх краіну, каб бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі каралеўства. Ахмед Мухамед аль-Іса таксама адзначыў, што яны хацелі б пашырыць сваё ўяўленне пра сістэму адукацыі Беларусі і чакаюць больш цеснага развіцця двухбаковых адносін у адукацыйнай сферы.

“На працягу нашага візіту мы дэталёва абмяркуем адносіны ў сферы адукацыі паміж нашымі краінамі, у тым ліку ў галіне навуковых даследаванняў і ўніверсітэцкага абмену. У цяперашні момант нашы ўніверсітэты працуюць над праектамі, звязанымі з тэхнічнай галіной, распрацоўкай новых крыніц энергіі, новымі ўзроўнямі ў развіцці медыцыны. Спадзяюся, што мы зможам развіваць супрацоўніцтва ў гэтых сферах”, — адзначыў міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі Ахмед Мухамед аль-Іса.

Акрамя таго, ён дадаў, што мемарандум, падпісаны краінамі ў мінулым годзе, стаў пачаткам развіцця двухбаковых адносін у сферы адукацыі. Настаў час рэалізацыі рэальных праектаў. “Нядаўна мы запусцілі новы вялікі навуковы праект, які дзейнічае ў тым ліку і з дапамогай міжнароднага супрацоўніцтва. Спадзяюся, што мы здолеем арганізаваць узаемныя візіты выкладчыкаў і галіновых спецыялістаў, каб яны маглі даследаваць магчымасці сумеснай работы над навуковымі праектамі. Нас цікавіць спецыфічны вопыт і веды беларускіх спецыялістаў, якія можна было б прымяняць у нашай краіне”, — паведаміў міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі.

Беларускі міністр адукацыі адзначыў, што нас цікавяць пытанні стажыровак студэнтаў і выкладчыкаў, у прыватнасці тых, хто займаецца вывучэннем арабскай мовы. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце навучанне адпаведных спецыялістаў вядзецца, але зразумела, што паўнацэнная моўная падрыхтоўка немагчыма без вывучэння мовы ў краіне яе носьбітаў, асабліва калі гаворка ідзе пра перакладчыкаў-сінхраністаў. У нашай краіне, у сваю чаргу, гатовы дзяліцца вопытам (і набываць новы) у галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая ў Беларусі развіваецца згодна з сусветнымі тэндэнцыямі. Тое самае можна сказаць і пра медыцынскую адукацыю. Як заўважыў Ігар Карпенка, у нас шмат замежных студэнтаў засвойвае медыцынскія спецыяльнасці, у медыцынскіх універсітэтах падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца і на англійскай мове.

“Ёсць шмат галін, дзе мы можам развіваць супрацоўніцтва, — адзначыў міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі. — Вынікам нашага візіту стануць канкрэтныя праграмы ўзаемадзеяння. Нас цікавіць сфера прафесійнай падрыхтоўкі, бо мы ў сваёй краіне ставім задачу распрацаваць сістэму такіх навучальных устаноў. Акрамя таго, мы хацелі б прапанаваць беларускім студэнтам стыпендыі для навучання ў Саудаўскай Аравіі, у прыватнасці тым, хто вывучае арабскую мову, засвойвае інжынерныя і некаторыя іншыя спецыяльнасці. Стыпендыі будуць пакрываць усе расходы студэнтаў на навучанне і пражыванне”.

Мяркуецца, што вынікам візіту дэлегацыі з Саудаўскай Аравіі стане рэалізацыя шэрага праектаў на ўзаемавыгадных умовах. У прыватнасці, будуць наладжаны прамыя адукацыйныя і навуковыя сувязі. Каб прадэманстраваць патэнцыял беларускіх універсітэтаў, Міністэрства адукацыі плануе ў кастрычніку бягучага года прыняць удзел у Міжнароднай выставе ў Эр-Рыядзе Каралеўства Саудаўская Аравія ў межах калектыўнага раздзела навукова-тэхнічных распрацовак у складзе Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.