Беларусь — Сербія: дарожная карта супрацоўніцтва дапаможа актывізацыі ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

У адносінах Беларусі і Сербіі няма праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са сваім сербскім калегам Томіславам Нікалічам, які з 18 па 20 лістапада наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Томіславу Нікалічу за падтрымку як на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, так і на гэтых, і сербскаму народу за тое, што апошнім часам удалося рушыць наперад у адносінах. “Вы ў нас не першы раз, вы сапраўдны сябар, таму што вы не толькі па абавязку сваёй службы наведваеце Беларусь, вы і не будучы прэзідэнтам былі тут”, — сказаў ён.
Гаворачы аб гандлёва-эканамічных адносінах, Прэзідэнт Беларусі нагадаў аб пастаўленай перад урадамі дзвюх краін задачы па дасягненні аб’ёмаў узаемнага гандлю ў памеры $0,5 млрд. У 2014 годзе краіны дасягнулі ўжо $250 млн тавараабароту. “У гэтым годзе мы таксама прырастаем у нашым тавараабароце, таму, думаю, у найбліжэйшы час, прынамсі, у гэтай пяцігодцы, мы дасягнём таго ўзроўню тавараабароту, які з вамі намецілі. Я буду вельмі рад і думаю, што вы таксама, калі нам давядзецца адкарэкціраваць гэтую лічбу ў бок павелічэння”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Што тычыцца палітычных адносін, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем таксама няма. “Мы разумеем сістэму ўлады ў Сербіі. Калі нейкія партыі выказваюць сваё меркаванне і гэта не сыходзіцца з нашай і вашай пазіцыяй, то гэта не агрэсіўнае меркаванне, гэта меркаванне асобных людзей. А ў пераважнай большасці мы маем вельмі пазітыўны прагрэс у гэтым”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, у гэтым заслуга цяперашняга Прэзідэнта Сербіі Томіслава Нікаліча. “Мы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць, таксама як і вы, у міжнародных арганізацыях. Мы паабяцалі, што ў час вашага старшынства ў АБСЕ зробім максімум для таго, каб вы ніколі не сказалі, што мы былі пасіўныя ў гэты перыяд”, — дадаў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што Беларусь нядаўна наведваў міністр замежных спраў Сербіі. Адбылася вельмі канструктыўная размова, абмеркаваны многія пытанні, больш за ўсё закранаючы тэму Украіны. “І ўсё, аб чым прасілі нас вашы калегі, мы свята выконваем, і не толькі таму, што гэта трэба рабіць, што мы вам паабяцалі, але яшчэ і таму, што Украіна — вельмі блізкая, родная нам краіна. І мы хочам, каб там заўсёды быў мір”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
“Словам, такіх праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б у адносінах нашых дзяржаў, сёння абсалютна няма”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што цэніць існуючыя асабістыя дружалюбныя адносіны з Томіславам Нікалічам. На яго думку, яны многае значаць для адносін дзяржаў.
Прэзідэнт Т.Нікаліч на сустрэчы, закранаючы пытанні двухбаковых адносін, канстатаваў, што лідары дзвюх краін умацавалі супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі і асабістую дружбу.
Ён таксама выказаў спадзяванне на трываласць рашэння ЕС па адмене санкцый супраць Беларусі.
“Спадзяюся, што адмена санкцый будзе трывалая. Санкцыі — заўсёды ганьба для тых, хто іх уводзіць, а не для тых, у адносінах да каго іх уводзяць”, — падкрэсліў Прэзідэнт Сербіі. Санкцыі — знак бескантрольнай сілы, дадаў ён.
Томіслаў Нікаліч канстатаваў, што ЕС памыляўся, не супрацоўнічаючы з Беларуссю. Затым нармандская чацвёрка сабралася менавіта ў Мінску, каб весці перагаворы, калі сітуацыя ва Украіне стала трагічнай, звярнуў увагу Прэзідэнт Сербіі.

***

На перагаворах з Прэзідэнтам Сербіі Томіславам Нікалічам у пашыраным складзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі на найбліжэйшыя гады.
“Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час зможам распрацаваць нейкі перспектыўны план, або, як сёння гавораць, дарожную карту супрацоўніцтва з Сербіяй на найблі-жэйшую будучыню”, — сказаў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта Беларусі, гэта стала б добрай асновай для далейшага развіцця супрацоўніцтва дзвюх славянскіх дзяржаў.
Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў стабільную станоўчую дынаміку ў развіцці адносін Беларусі і Сербіі.
Асабліва гэта тычыцца гандлёва-эканамічнай сферы, галіны гуманітарнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы ў вузкім складзе ўжо абмеркаваў з Прэзідэнтам Сербіі шэраг пытанняў і бакі могуць з задавальненнем канстатаваць, што ў Беларусі і Сербіі няма прынцыповых рознагалоссяў. Гэта тычыцца як пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, так і міжнароднага парадку дня.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што краіна гатова на дзяржаўным узроўні падтрымліваць прапановы Сербіі па перспектыўных праектах у самых розных галінах. У прыватнасці, Беларусь гатова рэалізоўваць сумесныя з Сербіяй праекты ў сферы будаўніцтва, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо ёсць станоўчы прыклад прыцягнення сербскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі. У прыватнасці, размова ідзе аб праекце, які паспяхова рэалізоўваецца, па будаўніцтве комплексу “Маяк Мінска”, а таксама нядаўна ініцыіраваным праекце “Мінск-Свет”.
У той жа час Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што развіццё кааперацыйных праектаў — гэта дарога з двухбаковым рухам. “Мы разлічваем на аналагічную падтрымку беларускіх інвестыцыйных праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі на тэрыторыі Сербіі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу па пашырэнне і ўмацаванне кантактаў паміж рэгіёнамі дзвюх краін. Ён з задавальненнем адзначыў, што ўжо ўсе абласныя цэнтры Беларусі звязаны пагадненнямі аб пабрацімстве і партнёрстве з сербскімі гарадамі. Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба гэтыя пагадненні паставіць і на эканамічную аснову, гэта значыць, неабходна прымусіць кіраўнікоў рэгіёнаў больш актыўна займацца рэальнымі эканамічнымі праектамі. У 2015 годзе падпісалі дагаворы Віцебск і Ніш, а таксама Брэст і Субаціца. “Векавыя культурныя сувязі, наша славянская агульнасць, падобнасць гістарычных лёсаў з’яўляюцца трывалай асновай для развіцця супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых органаў улады, актывізацыі народнай дыпламатыі”, — лічыць беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта Беларусі, важным дапаўненнем двухбаковага ўзаемадзеяння, што садзейнічае росту даверу і блізкасці паміж народамі, з’яўляецца гуманітарнае супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы культуры і адукацыі, у галіне спорту. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што бакам трэба актывізаваць работу і ў гэтым напрамку.
Сербія цэніць падтрымку Беларусі ў эканоміцы і палітыцы, адзначыў на перагаворах у пашыраным складзе з кіраўніком беларускай дзяржавы Прэзідэнт Сербіі Томіслаў Нікаліч.
Томіслаў Нікаліч канстатаваў, што Сербія зведвае цяжкасці. “Вельмі цяжка ёй цяпер ісці наперад пад цяжарам праблем, якія яна стварыла сама для сябе. І падтрымка Беларусі вельмі цэнная для нас”, — сказаў ён і выказаў удзячнасць беларускаму боку.
Сербія цэніць і палітычную падтрымку Беларусі, улічваючы прынцыпы міжнароднага права, якіх яна прытрымліваецца ў знешняй палітыцы. “Калі Сербія звяртаецца да вас для абароны яе інтарэсаў у Косаве і Метохіі, вы гэта робіце для нас”, — падкрэсліў Томіслаў Нікаліч.
Лідары дзвюх краін рэгулярна праводзяць сустрэчы, абмяркоўваюць эканамічныя адносіны. “Эканоміка лягчэй развіваецца, калі наладжваецца дружба. Думаю, паміж нашымі і вашымі грамадзянамі існуе і дружба, і любоў, і абсалютнае разуменне”, — адзначыў Томіслаў Нікаліч.