Беларусь сёння выбудоўвае адносіны ў пазітыўным ключы з рознымі краінамі свету

- 12:22Інфармацыйная гадзіна

Беларусь верыць у поспех перагаворнага працэсу і мірнага ўрэгулявання пытанняў грамадзянскага процістаяння ва Украіне. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Беларусі Паула Антоніа Перэйра Пінта.

У пачатку сустрэчы Паула Антоніа Перэйра Пінта правёў пэўную паралель у знешняй палітыцы Беларусі і яго краіны, нагадаўшы, што ў свой час Бразілія таксама з’яўлялася міратворцам — на Лацінаамерыканскім кантыненце. “Сёння мы, як і іншыя члены міжнароднай супольнасці, уважліва сочым за міратворчай місіяй Беларусі па ўкраінскім пытанні”, — сказаў ён.
Міхаіл Мясніковіч у сувязі з гэтым адзначыў: “Мы сапраўды ўзялі на сябе вялікую адказнасць — садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню ўкраінскага канфлікту, і паслядоўна рэалізуем тыя рашэнні, якія былі прыняты і атрымалі падтрымку ў час мінскіх сустрэч”. Спікер выказаў шкадаванне, што не ўсе дамоўленасці, дасягнутыя ў Мінску, рэалізуюцца бакамі ў поўнай меры. “Але мы верым у поспех перагаворнага працэсу і мірнага ўрэгулявання пытанняў грамадзянскага процістаяння ва Украіне”, — падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.
У цэлым ён адзначыў, што Беларусь сёння выбудоўвае адносіны ў пазітыўным ключы, у тым ліку і са Злучанымі Штатамі Амерыкі, і з Еўрапейскім саюзам. “Такім чынам, гэта рэальнае пацвярджэнне палітыкі шматвектарнасці, якую праводзіць наш прэзідэнт”, — сказаў спікер.