Беларусь — В’етнам: перашкод для развіцця гандлёва-эканамічных адносін сёння няма

Беларусь вельмі зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з В’етнамам ва ўсіх галінах. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В’етнама ў Беларусі До Ван Маем, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне.

Прэзідэнт падзякаваў До Ван Маю за работу, якую ён правёў у якасці пасла дружалюбнай Беларусі дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок спадзяецца, што пераемнік гэтага дыпламата будзе такім жа актыўным у развіцці двухбаковых адносін, паколькі “мы вельмі зацікаўлены ў пашырэнні нашага не толькі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, але і супрацоўніцтва ва ўсіх галінах”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што В’етнам — адна з найбуйнейшых дзяржаў не толькі Азіяцкага рэгіёна, але і планеты. “90 млн насельніцтва, квітнеючы, стратэгічна важны рэгіён”, — дадаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што ў найбліжэйшым дзесяцігоддзі В’етнам будзе ў шэрагу самых развітых дзяржаў свету. “Выбудоўваючы з вамі адносіны, мы хацелі б удзельнічаць у гэтым бурным развіцці”, — сказаў прэзідэнт.
“У сваю чаргу мы гатовы зрабіць усё для таго, каб інтарэсы В’етнама былі прадстаўлены тут, у цэнтры Еўропы. Нашы перавагі вы ведаеце, тым больш мы падпісалі ад імя Еўразійскага эканамічнага саюза з вамі дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Думаю, перашкод для таго, каб развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, сёння няма”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла В’етнама ў Беларусі До Ван Мая, важным этапам у развіцці двухбаковых адносін стаў візіт у Беларусь у лістападзе 2014 года генеральнага сакратара ЦК Кампартыі В’етнама Нгуен Фу Чонга. Дыпламат выказаў надзею, што афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў В’етнам, які запланаваны на канец 2015 года, яшчэ больш пашырыць двухбаковыя адносіны.
Пасол засведчыў, што ў гандлёва-эканамічнай сферы новую эпоху ва ўмацаванні традыцыйна дружалюбных адносін адкрыла падпісанне ў маі 2015 года пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж В’етнамам і ЕАЭС.