Беларусь вылучала свайго кандыдата на пасаду генеральнага сакратара АБСЕ

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына вылучана кандыдатам на пасаду генеральнага сакратара АБСЕ. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Каменціруючы звесткі аб вылучэнні Алены Купчыной, якія з’явіліся ў СМІ, Дзмітрый Мірончык сказаў: “Паўнамоцтвы дзеючага генеральнага сакратара АБСЕ Ламберта Дзаньера заканчваюцца 30 чэрвеня. Намі было прынята рашэнне вылучыць на гэтую пасаду пастаяннага прадстаўніка пры арганізацыі пасла Алену Купчыну”.

Паводле слоў прэс-сакратара, гэтае рашэнне прадыктавана шчырым імкненнем Беларусі ўнесці ўклад ва ўмацаванне АБСЕ ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніц. “У сітуацыі вострых рэгіянальных канфліктаў, росту супярэчнасцей паміж сусветнымі гульцамі роля Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе зноў вельмі важная”, — заявіў Дзмітрый Мірончык.

Ён адзначыў, што Алена Купчына, якая доўгі час займала пасаду намесніка міністра замежных спраў Беларусі, прымала непасрэдны ўдзел у рэалізацыі знешнепалітычнай лініі краіны, накіраванай на ўмацаванне бяспекі і стабільнасці ў Еўропе, наладжванне дыялогу паміж Усходам і Захадам, урэгуляванне самых вострых крызісных сітуацый у рэгіёне.

“Лічым, што яе веды, шматгадовы дыпламатычны вопыт і шырокія міжнародныя кантакты будуць карысны для павышэння эфектыўнасці АБСЕ, вырашэння няпростых задач, якія стаяць перад арганізацыяй, уключаючы найбольш важную і складаную — пераадоленне крызісу даверу паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі”, — сказаў прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.