Беларусь выступае за мір і стабільнасць у рэгіёне

Беларускі бок шчыра зацікаўлены ва ўстанаўленні міру і стабільнасці ў рэгіёне, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю газеце “Коммерсантъ”.

Адказваючы на пытанне, якое тычыцца ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, Уладзімір Макей адзначыў: “Мы ніколі не стараліся падыграць якому-небудзь боку ва ўрон іншаму. Мы шчыра зацікаўлены ў тым, каб у нашым рэгіёне ўсталяваліся мір і стабільнасць, але не ва ўрон нашым адносінам з Расіяй. Як бы банальна гэта ні гучала, тры брацкія народы стагоддзямі жылі разам. І сёння нам балюча назіраць гэтую вялізную напружанасць, якая існуе ў нашым рэгіёне, у тым ліку паміж двума брацкімі народамі. І калі два браты сварацца, павінен быць нехта трэці, хто змог бы прыкласці намаганні для іх прымірэння. Тут мы не проста адыгрываем ролю пасрэдніка, але і спрабуем зрабіць усё магчымае, каб народ Украіны, у тым ліку ў Данбасе, жыў мірна”.
Таксама міністр заявіў, што Еўрасаюз для Беларусі — гэта другі пасля Расіі гандлёва-эканамічны партнёр. “Наша імкненне мець нармальныя адносіны з ЕС тлумачыцца імкненнем мець нармальныя гандлёва-эканамічныя адносіны. Наша эканоміка арыентавана на экспарт, мы вымушаны прадаваць 60—70% тавараў, якія вырабляюцца ў краіне, і зацікаўлены ў рынках збыту, але ні ў якім выпадку не за кошт Расіі і не ва ўрон Расіі. Гэта адразу стала б відавочным, калі мы паспрабавалі б дамовіцца з Еўропай за кошт ушчамлення якіх-небудзь інатэрсаў Масквы, таму мы ніколі не праводзілі такіх дзеянняў”, — адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі.
Акрамя таго, Уладзімір Макей канстатаваў: “З цягам часу ў Еўрасаюзе зразумелі, што Беларусь — гэта не марыянетка ў чыіх-небудзь руках, а незалежная дзяржава, якая праводзіць самастойную палітыку зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Вядома, збег абставін таксама дапамог Еўрасаюзу ўсвядоміць матывы, якімі кіруецца Беларусь пры прыняцці якіх-небудзь знешне- і ўнутрыпалітычных рашэнняў”.
“Мы не маем нейкіх ружовых надзей, што заўтра адчыняцца ўсе дзверы і Еўрасаюз абдыме Беларусь. Але тэндэнцыя да нармалізацыі адносін прысутнічае”, — таксама адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Акрамя гэтага, Уладзімір Макей заявіў, што размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі не знізіць ваенна-палітычную напружанасць у рэгіёне. “Наадварот, авіябаза выкліча раздражненне ў адрас і Мінска, і Масквы. Акрамя таго, у Беларусі цяпер знаходзіцца столькі авіябаз, што там у лічаныя гадзіны можна размясціць сотні самалётаў. Таму для нас больш актуальна весці размову аб тым, каб быць гатовымі даць аператыўны адказ на выпадак росту напружанасці ў рэгіёне або пагрозы бяспецы Беларусі і Расіі”, — сказаў міністр.
У.Макей удакладніў, што на праведзенай 27 кастрычніка сумеснай калегіі міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі не вялося перагавораў па пытаннях адкрыцця расійскай авіябазы.
Уладзімір Макей адказаў і на пытанне адносна сітуацыі ў Сірыі. У прыватнасці, ён заявіў, што Беларусь падтрымлівае дзеянні Расіі ў гэтай блізкаўсходняй краіне.
Пры гэтым ён адзначыў, што беларускі бок заўсёды выступаў за тое, каб сітуацыя ў Сірыі была нармалізавана шляхам арганізацыі ўнутрыпалітычнага дыялогу з удзелам дзеючага прэзідэнта Башара Асада.