Беларусь як адкрытая кніга

Учора ў сталічным адміністрацыйным комплексе па адрасе праспект Пераможцаў,14 адбылося ўрачыстае адкрыццё XXVIІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Свае навінкі і лепшыя кнігі на ёй прадстаўляюць каля 400 экспанентаў з 30 краін блізкага і далёкага замежжа. Ганаровы госць кніжнага форуму — Расія, а цэнтральны экспанент — ЗША. Арганізавана шырокая дзелавая і культурная праграма, якая складаецца з амаль 500 мерапрыемстваў, частка з якіх прайшла ў дзень адкрыцця выставы, аднак наперадзе яшчэ мноства цікавых падзей.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам і гасцям XXVIІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і VІ Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” прывітанне (яго зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч), у якім адзначаецца, што кніжны форум па праве стаў яркай падзеяй культурнага і духоўнага жыцця Беларусі: “Штогод ён адкрывае міжнародны каляндар прафесійных кніжных выстаў, а нашы чытачы першымі могуць убачыць на адной пляцоўцы лепшыя навінкі айчынных і замежных выдавецтваў, сустрэцца як са знакамітымі, так і з маладымі пісьменнікамі і паэтамі”.

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў нашай краіне стаўленне да кнігі заўсёды было асаблівым, беражлівым, паважлівым, а пытанні захавання і эфектыўнага развіцця выдавецкай галіны застаюцца ў ліку важных дзяржаўных прыярытэтаў. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што гэтае мерапрые­мства і далей будзе садзейнічаць прапагандзе якаснай літаратуры і культуры чытання, паслужыць умацаванню міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця XXVIІ ММКВК канстатаваў факт, што ў 2019 годзе ў Беларусі выдадзена амаль 10 тысяч найменняў кніг і брашур, агульным тыражом 24 мільёны экзэмпляраў. “Многія з гэтых кніг, безумоўна, прысутнічаюць на выставе, а побач з імі яшчэ больш за тысячу назваў кніг і брашур, выдадзеных у Расіі на рускай і іншых мовах. У нашай краіне летась было выдадзена больш за 800 кніг на замежных мовах, з іх звыш 550 — на англійскай мове, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Беларусь — адкрытая кніга, пры­ходзьце на кніжную выставу, да ўсіх стэндаў і экспанентаў, зна­ходзьце нешта сваё для чытання, адкрывайце новы свет і памятайце, што кніга з’яўляецца шырокай пляцоўкай для камунікацый і сяброўства”.

На думку дзяр­жаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты, ММКВК — гэта сапраўднае свята зносін, кантактаў, знаёмстваў з найлепшымі ўзорамі літаратуры з усяго свету. “Мінск даўно стаў цудоўнай пляцоўкай, дзе сустракаюцца літаратары і выдаўцы, — патлумачыў ён. — Мінск — гэта гісторыя выдавецкай дзейнасці, гэта Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і многія іншыя. Таму не выпадкова менавіта сталіца Беларусі стала кропкай прыцягнення ўсіх, хто займаецца гэтай высакароднай справай. Су­стракацца на такой выставе — задавальненне, бо на ёй пануе інтэ­лект, добразычлі­васць, узаемнае пазнанне адно адна­го”.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў назваў Мінск кніжнай сталіцай не толькі Беларусі, а і краін-суседзяў: “Гэтая выстава — свята кнігі, якая, нягледзячы на камп’ютар, айпады і айфоны, нікуды не знікае. Гэтымі днямі мы пабачым і пачуем літаратараў розных краін, якія зноў з вялікай радасцю і цеплынёй пераступілі парог гэтай выставачнай залы”. А спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой выказаў удзячнасць, што іх краіна выбрана ганаровым госцем ММКВК. “Наша кніжная справа прадстаўлена 80 выдавецтвамі з 15 рэгіёнаў краіны, якія прывезлі незлічоную колькасць самай разнастайнай літаратуры”, — сказаў ён. Дарэчы, расійскія госці падрыхтавалі сваім беларускім сябрам цікавую і насычаную праграму, якая ўключае звыш 60 мерапрыемстваў.

Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур нагадала, што для іх краіны гонар удзельні­чаць у кірмашы. “Гэта будзе ўжо 22-е выступленне на кірмашы пачынаючы з 1988 года. Сёлета тэма нашага стэнда — “У дарозе: амерыканская літаратура пра падарожжы”. Наша мэта — паказаць магію, таямні­часць і разнастай­насць амерыканскіх дарог, краявідаў, паркаў і гарадоў. Мы правядзём каля 30 розных мера­прыемстваў”, — анансавала яна.

Слоган Нацыянальнага стэнда — “Беларусь — адкрытая кніга”. На ім за пяць дзён пройдзе каля 200 мерапрыемстваў, многія з якіх акцэнтаваны на тэмах Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі і 90-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Сёння — другі дзень кніжнага форуму, які аб’яўлены аўтарскім днём “Думкі ўголас”. Таксама адбудзецца Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час: літаратура як частка культурнага дыялогу”, у якім возьмуць удзе­л больш за 50 аўтараў з 23 краін. У трэці дзень “Беларусь — адкрытая кніга” акцэнту­юць увагу на беларускай тэматыцы: айчынных кнігах, аўтарах і кухні. Акрамя таго, падвядуць вынікі 59 Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Чацвёрты дзень будзе асабліва цікавы баць­кам і дзецям, якія змогуць паў­дзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах і прэзентацыях дзіцячай літаратуры. У гэты дзень узнагародзяць пераможцаў літаратурнага конкурсу “Першацвет” і падвядуць вынікі акцыі “Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць Беларусь праз 10 гадоў”. Пяты дзень выставы завершыцца ўзнагаро­джаннем удзельнікаў кніжнага форуму за лепшыя экспазіцыі.

Як і летась, будзе курсіра­ваць “Паэтычны аўтобус” ад станцыі метро “Няміга” да выставачнага комплексу на праспекце Пераможцаў, праезд на якім бясплатны, як і ўваход на выставу. Мерапрыемствы кніжнага форуму адбудуцца не толькі ў выставачным цэнтры, але і па ўсім гора­дзе: у кнігарнях, Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальнай бібліятэцы, установах вышэйшай адукацыі, сталічных бібліятэках, кінатэатрах і тэатрах. З падрабязнай праграмай форуму можна азнаёміцца на сайце Міністэр­ства інфармацыі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.