Беларусь за поўнафарматны дыялог паміж інтэграцыйнымі аб’яднаннямі

Пра гэта кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей заявіў на сумесным пасяджэнні калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі.

“Размешчаная на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь імкнецца да партнёрства або, як мы кажам, інтэграцыі інтэграцый ці кааперацыі інтэграцый, што блізка ідэі сумяшчальнасці, якая пашыраецца ў Еўропе, і выступае за фарміраванне ўстойлівых механізмаў поўнафарматнага дыялогу паміж інтэграцыйнымі аб’яднаннямі”, — адзначыў Уладзімір Макей.

На яго думку, ёсць перспектывы ўзаемадзеяння ЕАЭС з кітайскай ініцыятывай “Адзін пояс і адзін шлях”. Гэтае пытанне таксама будзе абмеркавана на пасяджэнні калегій двух міністэрстваў. “Цікавасць да гэтай тэмы ідзе, што называецца, ад зямлі, ад канкрэтных суб’ектаў гаспадарання, і мы павінны такую цікавасць падтрымліваць”, — падкрэсліў ён.

У чэрвені 2019 года ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” адбудзецца мерапрыемства высокага ўзроўню ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”. “Уяўляецца, што з улікам сур’ёзнага бізнес-кампанента праграмы мерапрыемства стане карысным для практычнага напаўнення ідэі спалучэння інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўразіі”, — звярнуў увагу міністр.

Ёсць зрухі ў дыялогу і з іншым буйным аб’яднаннем — Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, у якой паслядоўна ўмацоўваецца эканамічнае вымярэнне. “Праведзенае ў мінулым месяцы ў Душанбэ пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў краін — членаў і наглядальнікаў ШАС прадэманстравала імкненне бакоў да ўмацавання ўзаемадзеяння ў гэтай арганізацыі. Перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва, на якіх Беларусь прапануе сканцэнтравацца, — інфармацыйная, харчовая і ядзерная бяспека, развіццё інфармацыйных тэхналогій”, — адзначыў Уладзімір Макей.

Супастаўны ўзровень інтэграцыі ў ЕАЭС і ў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) дазваляе сур’ёзна падысці да абмеркавання ідэі спалучэння і з гэтым аб’яднаннем. Беларускі бок разлічвае, што падпісаны нядаўна ў Сінгапуры мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і АСЕАН надасць новы імпульс гэтай рабоце.

“Прапануем падумаць пра сумеснае вынясенне на разгляд у ходзе аднаго з найбліжэйшых мерапрыемстваў ЕАЭС рашэння, якое нацэльвала б ЕЭК на ўстанаўленне больш цесных інфармацыйных абменаў з калегамі ў сакратарыятах ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”, ШАС, АСЕАН. Практычным вынікам такіх абменаў магла б стаць падрыхтоўка спецыяльнага аналітычнага даклада на тэму спалучэння інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўразіі з выяўленнем перспектыўных галін супрацоўніцтва”, — лічыць ён.

У Беларусі выступаюць за тое, каб такое спалучэнне ў першую чаргу насіла прыкладны характар: развіццё інфраструктурных сувязей паміж краінамі ў сферах транспарту і энергетыкі, стварэнне ўзаемадапаўняльных механізмаў супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі працэсамі, фарміраванне бесперашкоднага асяроддзя для гандлёвага, эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.