Беларусь заклікае міжнародныя арганізацыі да ўключэння ў праектную дзейнасць па чарнобыльскай праблематыцы

- 10:02Інфармацыйная гадзіна

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас на пасяджэнні міжустаноўскай групы ААН па Чарнобылі ў штаб-кватэры ПРААН у Нью-Ёрку заклікаў міжнародныя арганізацыі да больш актыўнага ўключэння ў праектную дзейнасць ў гэтым кірунку, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Андрэй Дапкюнас адзначыў неабходнасць забеспячэння ўстойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах і прадставіў прапановы Беларусі па напаўненні далейшага міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскіх пытаннях з удзелам арганізацый сістэмы ААН і зацікаўленых дзяржаў. Паводле слоў дыпламата, МАГАТЭ — адзіная міжнародная арганізацыя, якая цяпер аказвае тэхнічную дапамогу Беларусі па чарнобыльскай праблематыцы. У сувязі з гэтым ён заклікаў Сусветную арганізацыю аховы здароўя, Харчовую і сельскагаспадарчую арганізацыю ААН і Дзіцячы фонд ААН да больш актыўнага ўключэння ў праектную дзейнасць ў гэтым кірунку.

Намеснік міністра праінфармаваў аб мерах, якія прымаюцца беларускім бокам для сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, адзначыўшы набыты Беларуссю ўнікальны вопыт у гэтай сферы і гатоўнасць дзяліцца ім.

Мерапрыемства было арганізавана ПРААН па ініцыятыве Беларусі. На ім абмеркавалі рэалізацыю рэзалюцыі Генасамблеі ААН “Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы”, якая была падрыхтавана дэлегацыяй Беларусі і прынята ў снежні 2016 года. Удзельнікі пасяджэння разгледзелі вынікі міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва за апошні год і абмеркавалі прапановы па арганізацыі далейшага ўзаемадзеяння ў гэтай галіне ў адпаведнасці з чарнобыльскай рэзалюцыяй.