Беларусь заўсёды будзе надзейнай апорай для ААН

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з першым намеснікам генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед.

“Мы будзем для вас, для ўсіх нас — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — надзейнай апорай. У гэтым вы павінны быць упэўнены. Не толькі таму, што я асабіста вельмі паважаю цяперашняга генсакратара, не толькі таму, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта тая пляцоўка, дзе мы можам адкрыта гаварыць аб нашых праблемах, але яшчэ і таму, што вы, мы ўсе нацэлены на ліквідацыю нераўнамернага развіцця, беднасці, на стварэнне сапраўднага шматпалярнага свету”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што калі-небудзь гэты шматпалярны свет будзе прадстаўлены не 3—5 дзяржавамі, а ўсімі краінамі свету. “Кожны чалавек на планеце мае права быць у цэнтры гэтага шматпалярнага свету, — перакананы прэзідэнт. — У вырашэнні гэтых складаных праблем сучаснасці Еўропа абавязана адыграць сваю ключавую ролю”.

Аляксандр Лукашэнка вітаў правядзенне ў Мінску Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць абмеркаваць асноўны напрамак дзейнасці ўсіх краін ААН на найбліжэйшую перспектыву — пытанні выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. “Менавіта гэта найважнейшы напрамак нашай дзейнасці, і вы разумееце гэта больш, чым хто-небудзь”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Я не стану гаварыць аб тым, што мы зрабілі ў Беларусі, каб заслужыць гэтую сустрэчу, каб даказаць нашу прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця. Вы гэта ўжо, напэўна, добра ведаеце, ды і нашы калегі вам аб гэтым раскажуць. Мы цвёрда адданыя гэтай ідэі, як і вы, таму што ўпэўнены ў тым, што прычынай усіх непарадкаў, у тым ліку самай вялікай праблемы — тэрарызму, з’яўляецца менавіта нераўнамернае развіццё дзяржаў, што параджае перш за ўсё беднасць. Мы прытрымліваемся той формулы, што дай чалавеку работу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу першы намеснік генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед сказала: “Я хацела б перадаць вам найлепшыя, самыя цёплыя пажаданні ад вашага сябра генеральнага сакратара Антоніу Гутэрыша. Ён шмат расказваў мне аб вашых асабістых кантактах і з пэўнай рэўнасцю паставіўся да таго факта, што я еду ў Беларусь, а ён не можа гэтага зрабіць”.

Аляксандр Лукашэнка таксама перадаў самыя шчырыя і добрыя пажаданні генеральнаму сакратару ААН. “Буду рады з ім сустрэцца, як толькі дазволіць яго і мой графік. Гэта вельмі душэўны, цёплы і добры чалавек”, — падкрэсліў прэзідэнт.