Беларусь зрабіла прарыў у эвалюцыі гендарных адносін

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым на пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.

“Забеспячэнне гендарнай роўнасці і паляпшэнне становішча жанчын абвешчаны адной з найважнейшых мэт развіцця сучаснага грамадства ў ХХI стагоддзі. Роўнасць мае на ўвазе, што ў ідэале кожны чалавек павінен мець роўныя магчымасці для максімальнай рэалізацыі свайго патэнцыялу і адрозненні ў грамадскім становішчы мужчын і жанчын павінны быць зведзены да мінімальна магчымага ўзроўню, — адзначыла старшыня Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы. — Каб дасягнуць гэтай мэты, кожная краіна выбірае свой шлях з улікам узроўню сацыяльнага і эканамічнага развіцця. Беларуссю за апошнія гады зроблены значны прарыў у эвалюцыі гендарных адносін. Гэта стала магчымым дзякуючы планаванню мер гендарнай палітыкі, паслядоўнай рэалізацыі нацыянальных планаў дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці”.
Завяршаецца рэалізацыя чацвёртага праграмнага дакумента — на 2011—2015 гады. У яго аснову былі пакладзены рэкамендацыі Камітэта ААН па ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. “Мы істотна рушылі наперад у вырашэнні пытанняў роўных правоў і магчымасцей як унутры краіны, так і на сусветнай арэне, — лічыць Мар’яна Шчоткіна. — Беларусь уваходзіць у лік 16 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або перавышае аналагічны паказчык сярод мужчын. Па індэксе гендарнай няроўнасці наша рэспубліка займае 28-е месца сярод 187 краін свету”.
Выкананы практычна ўсе мерапрыемствы Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на пяцігоддзе. Але важны не столькі факт іх выканання, колькі доўгатэрміновы эфект, пазітыўны ўплыў на змяненне ўспрымання грамадствам пытанняў роўнасці, падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна.
Распрацавана Канцэпцыя забеспячэння гендарнай роўнасці. Яе асноўная мэта — вымярэнне прагрэсу ў гэтай сферы праз сістэму гендарна-адчувальных паказчыкаў і індыкатараў. Неабходна прадумаць механізм яе зацвярджэння, лічыць Мар’яна Шчоткіна.
“У Нацыянальным заканадаўстве няма выбарачных або іншых квот, якія шырока прымяняюць еўрапейскія дзяржавы. Але мы ўпэўнена ідзём па шляху падтрымання жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў, — адзначыла старшыня Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы Мар’яна Шчоткіна.
— Жанчыны ў Беларусі лідзіруюць па стратэгічна важных напрамках. Напрыклад, у ліку дзяржаўных служачых яны складаюць 68,5 працэнта. У вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама вышэйшая — 55,4 працэнта ад агульнай колькасці работнікаў. Сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 33,9 працэнта, аналагічны паказчык сярод мужчын — 24,4 працэнта. Сярод прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ — 55,7 працэнта жанчын”.
Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе ўзровень удзелу жанчын у складзе мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў перасягае ўзровень удзелу мужчын (62,7 працэнта ад агульнай колькасці работнікаў гэтых органаў, не лічачы сельскіх выканкамаў).
“Мы практычна дасягаем дэкларуемага міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнага прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў — у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь жанчыны складаюць 29,7 працэнта”, — падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна. Для параўнання: у сярэднім у свеце прадстаўніцтва жанчын у двухпалатных парламентах складае 22,2 працэнта, а ў Еўрапейскім рэгіёне і дзяржавах — удзельніцах АБСЕ (уключаючы скандынаўскія краіны) — 25,4 працэнта.
На чале грамадскага руху таксама жанчыны, яны складаюць больш за палову членаў грамадскіх аб’яднанняў.
Разам з тым, прызнала Мар’яна Шчоткіна, нягледзячы на наяўнасць пэўных пазітыўных вынікаў, фактычная роўнасць мужчын і жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў у поўнай меры ўсё яшчэ не забяспечана. Толькі 9,2 працэнта сярод занятых у эканоміцы жанчын працуюць на кіруючых пасадах. Жанчыны нязначна прадстаўлены на ўзроўні першых асоб органаў выканаўчай улады. На яе думку, перспектыўныя напрамкі дзейнасці — удасканаленне заканадаўства, збалансаванае фарміраванне кадравага рэзерву дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў, развіццё школ лідарства, жаночага руху.
Дарэчы, упершыню Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў праведзена комплексная гендарная экспертыза заканадаўства. Яна паказала, што нацыянальнае заканадаўства ў асноўным з’яўляецца гендарна нейтральным. У той жа час у рамках развіцця галіновага заканадаўства могуць быць замацаваны спецыяльныя дадатковыя меры, накіраваныя на забеспячэнне фактычнай роўнасці мужчын і жанчын, лічыць старшыня Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы.
Пасяджэнне Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы прайшло ў форме семінара на тэму “Рэалізацыя гендарнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”. У ім прынялі ўдзел члены Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.