Беларусь з’яўляецца донарам стабільнасці ў рэгіянальным кантэксце

- 11:40Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова да канструктыўнага дыялогу і больш цеснага супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з першым намеснікам старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі Карлхайнцам Копфам.

Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу на тое, што апошнім часам кантакты Беларусі і краін Еўрасаюза значна актывізаваліся. “Беларускі бок гатовы да канструктыўнага дыялогу і цеснага супрацоўніцтва з нашымі еўрапейскімі партнёрамі”, — падкрэсліў спікер.
Ён падзякаваў аўстрыйскаму боку за ўклад, які ён уносіць у нармалізацыю адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, і выказаў упэўненасць, што гэтая сустрэча будзе садзейнічаць развіццю дружалюбных кантактаў паміж Беларуссю і Аўстрыяй.
Гаворачы аб двухбаковых сувязях на ўзроўні парламентаў, Уладзімір Андрэйчанка са шкадаваннем канстатаваў, што пакуль такое супрацоўніцтва вядзецца толькі ў міжнародных міжпарламенцкіх арганізацыях. На думку спікера, яго можна актывізаваць за кошт устанаўлення прамых кантактаў паміж камісіямі па міжнародных справах, а таксама шляхам стварэння груп дружбы ў парламентах Беларусі і Аўстрыі.
У цэлым старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў меркаванне, што ў дзвюх краін ёсць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва не толькі па эканамічных праектах, але і ў галіне навукі, культуры, адукацыі, медыцыны, спорту, турызму.
Першы намеснік старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі Карлхайнц Копф у сваю чаргу адзначыў, што Аўстрыя высока цэніць намаганні кіраўніцтва Беларусі па дасягненні прагрэсу ў вырашэнні ўкраінскай праблемы.
“Мы вельмі высока цэнім намаганні кіраўніцтва Беларусі і перш за ўсё Прэзідэнта Беларусі па дасягненні прагрэсу ва ўрэгуляванні ўкраінскай праблемы”, — сказаў Карлхайнц Копф. Ён дадаў, што такой жа думкі прытрымліваецца і Еўрасаюз у цэлым. “Беларусь з’яўляецца краінай, стабільнай не толькі з пункту гледжання ўнутранай палітыкі, але і краінай, якая мае патэнцыял, прыкладае намаганні для таго, каб стабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне. Можам з упэўненасцю сказаць, што Беларусь з’яўляецца донарам стабільнасці ў рэгіянальным кантэксце”, — адзначыў ён.
У гутарцы з журналістамі Карлхайнц Копф таксама звярнуў увагу, што выступае за актывізацыю супрацоўніцтва Беларусі і Аўстрыі на ўзроўні парламентаў. Акрамя таго, першы намеснік старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі адзначыў важнасць актывізацыі адносін у эканамічнай сферы.