“Беларусіяду” сустракала Мар’іна Горка

18 мая на галоўным стадыёне Мар’інай Горкі прайшлі фінальныя спаборніцтвы спартыўна-адукацыйнага праекта БДПУ “Беларусіяда” сярод каманд усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Пухавіцкага раёна. У фінале згулялі 24 каманды (а гэта больш за 150 школьнікаў) — пераможцы паўфінальных спаборніцтваў, што праходзілі ў розных установах адукацыі Пухавіччыны з канца лютага па сярэдзіну мая.

“Беларусіяда” — спаборніцтвы па народных рухавых гульнях, выбраных па прынцыпах беларускіх традыцый, распаўсюджанасці па рэгіёнах, відовішчнасці. У сёлетнюю праграму “Беларусіяды” на Пухаўшчыне трапілі “Лапта” — актыўная і захапляльная гульня на спрытнасць і кіданне ў цэль, “Дзень-ноч” — спаборніцтва на хуткасць, “Пальчатка” — гульня-стратэгія на вытрымку і хуткасць, “Перацяжкі” — сілавое спаборніцтва з традыцыйнымі правіламі.

— Ужо восьмы год запар падрыхтоўка і правя­дзенне спаборніцтваў сярод студэнтаў і школьнікаў у межах праекта “Беларусіяда” з’яўляецца адным з практычных заданняў заліку і экзамену студэн­таў, якія вучацца на факультэце фізічнага выхавання па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”. Так што “Беларусіяда” — гэта не толькі цікавы фізкультурна-аздараўленчы праект БДПУ, але і своеасаблівая творчая лабараторыя, дзе будучыя спартыўныя рэжысёры вучацца і на практыцы спасцігаюць методыку арганізацыі масавых спартыўна-мастацкіх паказаў, — адзначыў аўтар праекта “Беларусіяда” старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Анатоль Віктаравіч Дрыгін.

Па выніках спаборніцтваў 1-е месца ў гульні “Лапта” заняла каманда Ананіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, у гульні “Пальчатка” перамогу святкавала каманда сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі, у гульні “Дзень-ноч” — Мар’інагорскага ­дзіцячага сада — сярэдняй школы, гульні “Перацяжкі” — Шацкай сярэдняй школы. Він­шуем пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў!

Святлана ШЫЯН,
начальнік прэс-службы БДПУ імя Максіма Танка.