Беларускае мастацтва: ад часоў Візантыі да сучаснасці

- 15:23Культура, Рознае

Ужо менш як тыдзень засталося чакаць грандыёзнай падзеі мастацкага жыцця ў краіне — адкрыцця выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”. Экспазіцыя будзе працаваць з 27 сакавіка па 10 ліпеня 2014 года. На працягу чатырох месяцаў жыхары і госці беларускай сталіцы будуць мець магчымасць паглядзець на беларускае мастацтва як на жывы і непарыўны працэс, уключаны ў сусветную культурную прастору. Да гэтага ніколі ў адным музеі не дэманстравалася такая маштабная экспазіцыя нацыянальных артэфактаў, пачынаючы ад часоў Візантыі і заканчваючы сучаснасцю! Дзякуючы ААТ “Белгазпрамбанк” — непасрэднаму арганізатару і фундатару выставы — многія ўнікальныя экспанаты будуць выстаўлены на паказ шырокай публіцы ўпершыню.

І ўсё ж, якія самыя адметныя фішкі чакаюць аматараў мастацтва на выставе “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”? Як паведамілі нашаму карэспандэнту ва ўпраўленні інфармацыйнай палітыкі ААТ “Белгазпрамбанк”, усяго ў экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 500 экспанатаў, якія папярэдне прайшлі старанны экспертны адбор. Сапраўднымі жамчужынамі выставы стануць набыткі Белгазпрамбанка апошніх гадоў — шэдэўры, якія дзесяцігоддзямі, а іншым разам нават стагоддзямі вандравалі за межамі Беларусі, але былі шчасліва выкуплены на розных аўкцыёнах і ў прыватных калекцыянераў у рамках банкаўскага праекта “Арт-Беларусь”.

Па-першае, гэта ўнікальны помнік айчыннай кніжнай культуры — кніга Сімяона Полацкага “Жазло кіравання” 1667 года выдання Маскоўскага друкарскага двара. “Жазло кіравання” ў свой час выклікала шырокі рэзананс у грамадскасці адразу ж пасля выхаду ў свет — фактычна гэта была першая афіцыйная кніга, якая выкрывала раскольніцтва. Каштоўны артэфакт быў выкуплены Белгазпрамбанкам у аднаго з прыватных расійскіх калекцыянераў.
Па-другое, палатно нашага выдатнага мастака першай паловы ХІХ стагоддзя Валенція Ваньковіча “Партрэт Тамаша Зана” — адзіная карціна жывапісца, вернутая на сваю гістарычную радзіму. Прыналежнасць партрэта пэндзлю Ваньковіча адносна нядаўна была пацверджана экспертамі Дзяржаўнага Рускага музея (Санкт-Пецярбург), хаця доўгі час гэты твор фігураваў у мастацкіх каталогах як “Мужчынскі партрэт з кнігай” аўтарства Аляксандра Карнека. Аднаўленне справядлівасці стала магчымым дзякуючы вядомаму пецярбургскаму літаратуразнаўцу, доктару філалагічных навук, кандыдату мастацтвазнаўства Вадзіму Старку. На яго думку, Валенцій Ваньковіч пісаў партрэт паэта-рамантыка Тамаша Зана ў канцы 30-х гадоў ХІХ стагоддзя, калі той вярнуўся пасля 13-гадовай ссылкі з Арэнбурга ў Пецярбург, дзе ўладкаваўся ў Горнай тэхнічнай школе на пасаду бібліятэкара. Да гэтага мастаку паспелі ўжо папазіраваць Пушкін, Жукоўскі, Вяземскі… Можна меркаваць, што напісаць партрэт Зана для Ваньковіча было справай гонару і сяброўскага доўгу — яны сябравалі яшчэ з часоў вучобы ў Віленскім універсітэце. А ў 1841 годзе іх жыццёвыя дарогі зноў разышліся: Валенцій Ваньковіч з’ехаў у Парыж, дзе неўзабаве, у 1842 годзе, памёр ад цяжкай хваробы, а Тамаш Зан вярнуўся ў родную Вільню, дзе працаваў у Корпусе горных інжынераў. Свае апошнія гады Зан дажываў у маёнтку Кахачын Сенненскага павета, дзе да самай смерці ў 1851 годзе працягваў займацца літаратурнай дзейнасцю і збіраць мясцовы фальклор. Як і “Жазло кіравання”, “Партрэт Тамаша Зана” пэндзля Валенція Ваньковіча быў выкуплены ў прыватнага расійскага калекцыянера.
Па-трэцяе, гэта дзве карціны Марка Шагала — “Гадзіннік на палаючым небе” і “Зялёны пейзаж”, створаныя ў канцы 40-х гадоў ХХ стагоддзя, калі майстар, які ўжо атрымаў сусветнае прызнанне, на некалькі гадоў вярнуўся ў Францыю з ЗША. Палотны былі набыты Белгазпрамбанкам на нью-ёркскім аўкцыёне “Сотбіс”.

І, нарэшце, бадай, самая дарагая на сённяшні дзень карціна ў нашай краіне — палатно “Ева” Хаіма Суціна, таксама купленая на “Сотбіс”. Варта нагадаць, што да апошняга часу ў Беларусі наогул не было ніводнай карціны Суціна, а на ўсёй постсавецкай прасторы захоўваўся толькі адзін яго твор — аўтапартрэт (у Эрмітажы). 8 лютага 2012 года на аўкцыёне “Крысціс” Белгазпрамбанк набыў для сваёй карпаратыўнай калекцыі палатно Суціна “Вялікія лугі ў Шартры” (меркавана 1934 год), якая стала іскрынкай ўнікальнага арт-праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. І вось — “Ева”, якую мастак стварыў у 1928 годзе, знаходзячыся на піку славы. Чым жа адметны гэты твор? Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Усава адзначае: “Карціна вельмі прыгожая і ці не найбольш рэалістычная з усіх партрэтных палотнаў Хаіма Суціна. Тут няма той узбударажанасці, таго экспрэсіянізму, якія ўласцівы многім партрэтам мастака. Тут ёсць спакойная гармонія, якая сведчыць пра тое, што ў гэты перыяд жыцця мастак жыў у поўнай згодзе з самім сабой. Таму на гэты твор будзе цікава паглядзець не толькі спецыялістам, якія ўжо бачылі Суціна на мінскай выставе “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, але і шырокаму гледачу. Як вядома, Суцін — рэдкі мастак у нашых краях. І з’яўленне новай карціны ў Беларусі — гэта цудоўна! Акрамя ўсяго, гэта павысіць цікавасць да нашага музея сярод буйных музеяў, прычым не толькі СНД, але і Еўрасаюза — у якасці важкай падставы для выставачнага абмену”.
Напэўна, было б несправядліва нічога не сказаць пра тую агромністую працу, якую правялі ў рамках падрыхтоўкі выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея. Так, загадчык аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрань НММ Аркадзь Шпунт, які займаўся рэстаўрацыяй карціны Валенція Ваньковіча “Партрэт Тамаша Зана”, прызнаўся, што палатно было цалкам пакрыта таніраваным лакам. “Усё наноснае давялося выдаліць, адкрыўшы сапраўдны жывапіс. Але тое месца, дзе ёсць подпіс, мы не чапалі, пакінуўшы пад напластаваннямі, — каб ні ў кога не было падстаў засумнявацца ў аўтэнтычнасці твора. Адным словам, мы проста прывялі карціну ў нармальны выгляд”, — адзначыў спецыяліст.

Гэткім жа чынам рэстаўратары прыводзілі ў нармальны выгляд і шагалаўскі “Зялёны пейзаж”, які быў забруджаны па краях, і яго ж “Гадзіннік на палаючым небе” з драпінамі на алейным напластаванні, і суцінскую “Еву” з так званым траўматычным абсыпаннем…
Усяго праз некалькі дзён гэтыя шэдэўры адкрыюцца воку кожнага ахвочага. Дарэчы, усе, хто наведае выставу “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, атрымаюць у падарунак буклет з планам экспазіцыі і яе апісаннем. Натуральна, выстава будзе працаваць і падчас ужо вельмі блізкага чэмпіянату свету па хакеі. Шматлікія госці нашай краіны, несумненна, таксама зазірнуць у Нацыянальны мастацкі музей і са здзіўленнем адкрыюць для сябе багатую мастацкую спадчыну Беларусі. Але, мабыць, найперш адкрыць яе трэба самім беларусам.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Ілюстрацыі прадастаўлены ўпраўленнем інфармацыйнай палітыкі ААТ “Белгазпрамбанк”.