Беларускаму кіно — 95!

У сталічным Доме кіно 17 снежня на ўрачыстым свяце, прысвечаным Дню беларускага кіно, сабралася незлічоная колькасць айчынных кінематаграфістаў, якія атрымалі віншаванні як ад першых асоб нашай краіны, так і ад сваіх калег.

95 гадоў існавання беларускага кіно могуць паказацца кропляй у велічным акіяне сусвету, але менавіта гэтыя гады выхавалі і згуртавалі вакол нацыянальнага кіно дзясяткі зорак самага высокага кшталту. Незлічоныя кіламетры кінастужкі — вынік самаадданай працы сцэнарыстаў і рэжысёраў, кінааператараў і мастакоў, кампазітараў, мантажораў, акцёраў і ўсіх, хто мае дачыненне да вялікага цуду, што завецца светам кіно. У глядзельнай зале сабраліся тыя, каму неабыякавы лёс айчыннага кіно, хто ўвасабляе яго гонар і славу, хто вызначае сённяшні лёс нацыянальнага кінематографа і бу­дзе ўплываць на яго будучыню.

Пачалося кінасвята з віншавання Прэзідэнта Беларусі Аляксан­дра Лукашэнкі, якое зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў. “За шматгадовую гісторыю паступовага развіцця нацыянальны кінематограф падарыў свайму гледачу мноства выдатных карцін. Мы па праве ганарымся нашымі таленавітымі і легендарнымі майстрамі, фільмы якіх атрымалі прызнанне далёка за межамі краіны, сталі здабыткам сусветнай культуры, — гаворыцца ў віншаванні. — Сёння прыхільнікі кінамастацтва чакаюць ад вас шэдэўраў пра сучасную рэчаіснасць, глыбокага асэнсавання стваральнага шляху, які прайшла наша дзяржава за гады незалежнасці. Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы і ў далейшым бу­дзем служыць высокім маральным і эстэтычным ідэалам, беражліва захоўваць і прымнажаць свае лепшыя дасягненні, спрыяць адкрыццю яркіх маладых талентаў, задавальненню сацыяльных патрэбнасцей грамадства, умацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі”.

Сам жа Максім Уладзіміравіч прызнаўся, што з’яўляецца вялікім прыхільнікам айчыннага кіно і перагледзеў, перачытаў усе навіны, якія тычыліся 95-гадовага юбілею. “Для далейшага руху беларускага кіно ўверх у нас ёсць усё: таленавітыя артысты, рэжысёры, сцэнарысты, спецыялісты, якія акружаюць кінематограф з усіх бакоў. І нават тая база, якая, дзякуючы прэзідэнту, была ў апошні час мадэрнізавана на кінастудыі “Беларусьфільм”, дазваляе браць самыя высокія вяршыні ў засваенні тых тэм, якія сёння важныя для нашага грамадства”, — сказаў ён. А затым узнагародзіў Ганаровай граматай Адміністрацыі прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі заслужаных артыстаў краіны, вядучых майстроў сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандра Кашперава і Уладзіміра Мішчанчука. Акрамя таго, была аб’яўлена падзяка прэм’ер-мiнiстра мастаку-прарысоўшчыку першай катэгорыі студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма” Вользе Чыкінай, а таксама ўзнагароджаны 12 чалавек нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

Міністр культуры Юрый Бондар нагадаў, што за 95 гадоў беларускі кінематограф пераадолеў вялікі шлях: ад першай беларускай карціны “Лясная быль” Юрыя Тарыча да доўгачаканага “Купалы” Ула­дзіміра Янкоўскага, прэм’ера якога адбудзецца ў найбліжэйшы час. За ўсю гісторыю айчыннага кінематографа было створана больш за 650 мастацкіх, 2 тысячы дакументальных і 500 анімацыйных фільмаў. Многія з іх — хрэстаматыйныя кінастужкі, якія з’яўляюцца візітнай карткай беларускага кінематографа і, безумоўна, нашым культурным набыткам. Асаблівыя словы ўдзяч­насці міністр выказаў у адрас ветэранаў галіны, якія стварылі творы экраннага мастацтва, на якіх вучацца новыя пакаленні. “Беларускія кінематаграфісты ўмелі паказваць вайну. Для многіх з іх яна была часткай жыцця. Драму “Знак бяды” Міхаіла Пташука еўрапейскія кіназнаўцы ўключылі ў дзясятку лепшых карцін пра вайну. Светлая памяць пра цэлую плеяду знакамітых імён назаўсёды занесена ў скарбніцу нацыянальнага кіно. І нам ёсць чым ганарыцца, калі мы адзначаем чарговую юбілейную дату беларускага кінематографа”, — дадаў ён.

Юрый Бондар падкрэсліў, што рэканструяваны “Бе­ларусьфільм” становіцца цэнтрам развіцця кінаіндустрыі ўсёй краіны, цэнтрам прыцягнення таленавітых лю­дзей, здольных унесці свой уклад у развіццё айчыннага кінамастацтва. “Асаблівыя надзеі мы ўскладаем на маладых кінематаграфістаў у тандэме з прызнанымі майстрамі кіно, іх вопытам і найвышэйшым прафесіяналізмам. Усебаковая падтрымка дэбютантаў, павышэнне ўзроўню прафесійнай адукацыі ў гэтай сферы, яго адаптацыя да рэальных патрэб кінаіндустрыі павінны стаць асновай для адраджэння былой славы беларускага кіно, — сказаў ён. — Думаю, самыя лепшыя моманты беларускага кіно яшчэ наперадзе. Галоўнае — верыць у поспех, рабіць усё для новых дасягненняў, і ўсё атрымаецца”.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Бе­ларусь­фільм” Уладзімір Карачэўскі прызнаўся, што яму вельмі цікава працаваць з беларускімі кінематаграфістамі. “Я веру ў наша кіно і ў нас. Хачу пажадаць нам усім цікавых работ і ўдзячнага гледача, каб праз гады мы ганарыліся тым, што стварылі”, — дадаў ён. На юбілейным свяце былі згаданы найбольш яркія старонкі станаўлення і развіцця беларускага кіно, імёны сапраўдных майстроў айчыннага кінематографа і фільмы, якія ведаюць ва ўсім свеце.

Кіназнаўца і кінакрытык, кандыдат філалагічных навук Людміла Саянкова, віншуючы калег са святам, нагадала, што для любой справы неабходны тры складнікі: веды, жаданне і ўменні. “Як паказвае вопыт знакамітых рэжысёраў і фільмаў, часам дастаткова толькі адной першай часткі — жадання, якое вызначае ўсё, бо можна не мець грошы, можна быць малавопытным, аднак калі ёсць тая вялікая воля, якая вядзе па жыцці кожнага з нас да перамогі, то ўсё атрымаецца, — сказала яна. — Я жадаю, каб у нас усіх была такая воля і тое кіно, якое мы прадстаўлялі б на сусветных кінафестывалях, каб яно гучала і мы ганарыліся ім. У нас ёсць свой капітал — таленавітыя творчыя людзі, якімі варта вельмі даражыць і дапамагаць ім”.

Ва ўсім свеце кіно — гэта адкрытая пляцоўка для дыялогу культур, творчасці і абмену вопытам, гэта сумесныя праекты, міжнародныя фестывалі і конкурсы. Многія айчынныя карціны рэгулярна адзначаюць на міжнародных кінафорумах. Актыўна развіваецца сумесная вытворчасць з вядучымі замежнымі кінакампаніямі, а таму можна смела гаварыць, што і далей у беларускага кіно будзе яркая і насычаная гісторыя.

Вольга АНТОНЕНКАВА.