Беларуская АЭС — важны і буйны прыклад міжнароднага ўзаемадзеяння ў энергетычнай сферы

Увядзенне атамнай электрастанцыі ў Беларусі ў строй акажа істотны ўплыў на энергетыку ў рэгіёне. Такое меркаванне выказаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў час дыскусіі на палях Х Еўразійскага эканамічнага форуму ў Вероне.

“БелАЭС карэнным чынам памяняе энергетычную карціну ў гэтым рэгіёне Еўропы”, — падкрэсліў дзяржсакратар. Паводле яго слоў, будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі — гэта вельмі важны і буйны сумесны беларуска-расійскі праект, які можа служыць добрым прыкладам міжнароднага ўзаемадзеяння ў энергетычнай сферы.

“Буйныя энергетычныя і іншыя праекты, думаю, былі б вельмі запатрабаваны і для развіцця супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам. Размова ідзе менавіта аб праектах для міжблокавай кааперацыі, а не аб тых, якія можа рэалізаваць ЕС з асобнымі краінамі ЕАЭС на двухбаковай аснове, — падкрэсліў Рыгор Рапота. — Краіны ЕАЭС геаграфічна з’яўляюцца мостам паміж Усходам і Захадам. Але пакуль гэты гандлёвы і эканамічны мост па розных прычынах эфектыўна не запрацаваў”.

Яшчэ адна магчымасць для супрацоўніцтва Еўрасаюза і ЕАЭС — гэта, паводле слоў Рыгора Рапоты, новы эканамічны пояс Шаўковага шляху, які быў ініцыіраваны Кітаем. “Краіны ЕАЭС маюць вялікі патэнцыял, і яго тут трэба задзейнічаць. Але такія праекты важна рэалізоўваць з удзелам расійскага боку, Расія не павінна выпадаць”, — дадаў ён.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *