Беларуская мадэль духоўнасці

У пятніцу ў Мінскім епархіяльным упраўленні прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы з мэтай вызначэння новых кірункаў далейшага супрацоўніцтва і падпісання чарговай праграмы ўзаемадзеяння на 2015—2020 гады. У сустрэчы прымалі ўдзел міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Л.П.Гуляка, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

— Аналізуючы нашы зносіны за папярэдні перыяд, пачынаючы з 2004 года, можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта праграма супрацоўніцтва — асноўны, па сутнасці, нарматыўны дакумент, які рэгулюе адносіны паміж сістэмай адукацыі нашай краіны і царквой у рамках дзеючага заканадаўства, — адзначыў ва ўступным слове Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў..
За апошні час роля адукацыі яшчэ больш узрасла, асабліва ў справе фарміравання высока маральнай, духоўна багатай, гарманічнай асобы. Сістэма адукацыі не толькі дае веды, а галоўнае — выхоўвае маладых людзей. Сёння, калі ва ўсім свеце грамадства перажывае актыўны націск псеўдадухоўных і псеўданавуковых ідэй, калі ідзе наступленне на ідэалы сям’і і традыцыйныя асновы грамадства, вельмі важна звярнуць увагу на падрастаючае пакаленне, на нашых дзяцей і маладых людей. Таму сістэма адукацыі і Праваслаўная царква ставяць перад сабой важную мэту — засцерагчы падрастаючае пакаленне ад амаральных паводзін і бескультур’я, каб адстаяць тыя высокамаральныя ідэалы, якія ўласцівы нашаму грамадству.
Сёння асабліва адчуваецца патрэбнасць у далучэнні дзяцей і моладзі да асноў нацыянальнай духоўнай культуры. Эфектыўная ўзаемасувязь духоўнасці і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей ляжыць у аснове нашай сістэмы адукацыі, дзяржаўнасці і з’яўляецца неад’емным кампанентам нашага жыцця.
— Я з вялікай надзеяй і ўпэўненасцю магу сказаць, што сумесная дзейнасць Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы і ў будучым будзе плённай і дзейснай на ніве выхавання дзяцей і моладзі і падрыхтоўкі іх да самастойнага жыцця, выхавання сапраўдных грамадзян нашай краіны, — заявіў Міхаіл Анатольевіч.
Начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі М.А.Саротнік у справаздачы аб праведзенай рабоце адзначыла, што супрацоўніцтва паміж сістэмай адукацыі і Праваслаўнай царквой ажыццяўляецца з улікам неабходнасці ўмацавання духоўна-маральнай асновы навучання і выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Гэтае супрацоўніцтва стала цесным, паслядоўным і плённым. Усе праведзеныя ў рамках супрацоўніцтва мерапрыемствы спрыялі духоўна-маральнаму, патрыятычнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў, азнаямленню іх з гістарычнай роляй праваслаўя, культуры і дзяржаўнасці беларускага народа.
У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі праводзіцца павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па пытаннях духоўна-маральнага, патрыятычнага выхавання навучэнцаў на аснове праваслаўных традыцый айчыннай культуры. У навучальных установах арганізавана праектная дзейнасць па тэматыцы духоўнага адраджэння, вядзецца эксперыментальная работа па духоўнай асвеце. У гэтым задзейнічаны як агульнаадукацыйныя ўстановы, установы дашкольнай адукацыі, так і вышэйшая школа. Найбольш актыўнымі з’яўляюцца Інстытут тэалогіі пры БДУ, многія рэгіянальныя ўніверсітэты. Усюды арганізаваны валанцёрскі рух з удзелам БРСМ і іншых грамадскіх маладзёжных арганізацый.
Важным крокам у развіцці праваслаўнай асветы сярод навучэнцаў з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне вучэбна-метадычнага комплексу для правядзення факультатыўных заняткаў “Асновы праваслаўнай культуры” ў 1—4 класах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Была распрацавана вучэбная праграма, у аснове якой закладзена фарміраванне асноў духоўна-маральнай культуры ў малодшых школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа, фарміраванне культуры адносін да сябе, да сваёй сям’і, прыроды, дзяржавы ў адпаведнасці з традыцыйнымі праваслаўнымі каштоўнасцямі, якія сталі нацыянальнай рысай характару беларускага народа. У ходзе рэалізацыі праграмы фарміруюцца першачарговыя веды аб праваслаўнай культуры і гістарычнай спадчыне нашай Айчыны.
Як заўважыў суаўтар вучэбна-метадычнага комплексу А.В.Бройка, укараненне вучэбнай праграмы па асновах праваслаўнай культуры істотна дапамагло ў рабоце педагогаў з цяжкімі падлеткамі, з нядобранадзейнымі сем’ямі і стала своеасаблівым механізмам, накіраваным на папярэджанне негатыўных з’яў. Зніжаецца колькасць правапарушэнняў і злачынстваў, выпадкаў п’янства і наркаманіі.
Вучэбная праграма дапоўнена метадычным дапаможнікам, які абагульняе шматгадовы вопыт духоўна-маральнага выхавання малодшых школьнікаў і супрацоўніцтва сістэмы адукацыі з праваслаўнымі прыходамі. Дапаможнік будзе карысны для настаўнікаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, бацькоў і свяшчэннаслужыцеляў. Плануецца, што ў самы бліжэйшы час факультатывы па выбары па тэме праваслаўнай культуры будуць уводзіцца ў больш пашыраным варыянце для школьнікаў старшых класаў. Такім чынам, у нашай краіне будзе сфарміравана беларуская мадэль духоўна-маральнага выхавання школьнікаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях нашага народа.
На пасяджэнні быў разгледжаны праект Праграмы супрацоўніцтва паміж галіновым міністэрствам і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015—2020 гады. Прарэктар АПА доктар педагагічных навук Г.І.Нікалаенка паведаміла, што ў праграме супрацоўніцтва выкладзена цэласная сістэма работы, якая прызвана забяспечыць усебаковасць і ўзгодненасць усіх удзельнікаў гэтага ўзаемадзення. У праграме прадугледжаны мерапрыемствы ў галіне выхавання і сацыяльнай работы па фарміраванні патрыятычных пачуццяў, грамадзянскасці, па развіцці творчасці дзяцей і моладзі, умацаванні духоўна-маральных асноў сям’і, а таксама мерапрыемствы да памятных дат, валанцёрскі рух, праваслаўная асвета. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы залежнасцей, негатыўных уплываў таталітарных сект і дыструктыўных культаў. Адметнай рысай новай праграмы з’яўляецца рэалізацыя лепшых традыцый, сфарміраваных за час супрацоўніцтва, і ўкараненне новых яго форм. Гэта міжнародныя і рэспубліканскія педагагічныя чытанні, дзейнасць валанцёраў, рэалізацыя праекта “Музей Бібліі”.
У новым дакуменце прадугледжана прымяненне сучасных інфармацыйных тэхналогій — анлайн-апытанняў, віртуальных тэматычных пляцовак, форумаў, суполак.
У новай праграме ўдзяляецца вялікая ўвага праваслаўнай асвеце, інфармаванні аб узаемадзеянні Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы на Нацыянальным адукацыйным партале, сайтах галіновага міністэрства, устаноў адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі.
— Наша супрацоўніцтва павінна стаць значнай вехай не толькі для Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і для ўсяго грамадства, — адзначыла Галіна Іванаўна. — Рэалізацыя праграмы павінна ахапіць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — навучэнцаў, педагогаў, бацькоў і ў цэлым увесь соцыум.
Праграма супрацоўніцтва на наступныя 5 гадоў была падпісана міністрам адукацыі М.А.Жураўковым і Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.