Беларуская мова з маленства

Кожны тыдзень у чацвер у яслях-садзе № 45 Магілёва беларускамоўны дзень: выхавальнікі разам з бацькамі заахвочваюць выхаванцаў да беларускай мовы, далучаючы да каштоўнасцей нацыянальнай культуры.

Беларуская мова паступова ўводзіцца ў розныя віды дзейнасці, дзе развіваюцца першапачатковыя навыкі разумення мовы, уменні ўзнаўляць асобныя словы, кароткія забаўлянкі, песенькі. Неўсвядомлена беларуская мова таксама засвойваецца падчас нерэгламентаванай дзейнасці (праслухоўванне і абмеркаванне мастацкіх твораў “Курачка Рабка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха”; удзел у беларускіх народных гульнях “Грушка”, “Вожык і муха”, “Надзейка”; разглядванне ілюстрацый да мастацкіх твораў).

Такім чынам, рэалізуецца абвешчаны у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі прынцып культураадпаведнасці — ажыццяўленне нацыянальнай культурнай сацыялізацыі дзяцей і фарміраванне яго нацыянальнай самасвядомасці.

Наталля ДЗЯМІДАВА,
выхавальнік ясляў-сада № 45 Магілёва.