Беларуская навука з’яўляецца прыбытковай

Аб гэтым заявіў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў на адкрыцці выстаўкі-кірмашу дасягненняў беларускай акадэмічнай навукі.

“Сродкі, што накіроўваюцца на навуку, даюць вынік. Самая нізкая акупнасць — гэта даход 3—5 рублёў на адзін рубель затрат. А ёсць вынік 20 і больш рублёў на рубель затрат. Бюджэтныя сродкі — гэта адна пятая частка ад патрэб НАН, усё астатняе навука павінна зарабіць сама. Цяпер НАН Беларусі ні ў якім разе не з’яўляецца стратнай. Гэта вельмі выніковая арганізацыя. Укладанне грошай у навуку заўсёды высокарэнтабельнае, прыбытковае і эфектыўнае. Гэтая тэндэнцыя назіраецца і ў Беларусі, і ва ўсім свеце”, — сказаў Уладзімір Гусакоў.
Паводле яго слоў, у распрацоўках беларускіх навуковых інстытутаў зацікаўлены міжнародныя заказчыкі. “Сёння інстытут цепла- і масаабмену вырабляе люстэркі для касмічнай галіны Кітая. Ёсць заказы з Саудаўскай Аравіі, ЗША”, — растлумачыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Напрыклад, амерыканскія вучоныя зацікавіліся беларускімі распрацоўкамі ў галіне ядзерных даследаванняў і нанатэхналогій, а таксама падрыхтоўкі кадраў. У цэлым НАН Беларусі падтрымлівае адносіны з навуковымі супольнасцямі і арганізацыямі 90 краін.
Беларуская навука гатова прапанаваць айчынным і замежным вытворцам шэраг найноўшых распрацовак, якія яшчэ не набылі шырокай вядомасці. Як растлумачыў Ула-дзімір Гусакоў, гэта распрацоўкі ў атамнай галіне, сферы біятэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі, дыстанцыйнага кіравання, зандзіраванне тэрыторыі з дапамогай спадарожніка.
Беларуская навука за апошнія 15 гадоў зрабіла прарыў, адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.
“Нельга сказаць, штоў нас вырашаны ўсе праблемы. Ёсць цяжкасці, якія трэба вырашаць, але тое, што дасягнута за апошнія 10—15 гадоў, — гэта прарыў”, — лічыць Уладзімір Гусакоў.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі звярнуў увагу на тое, што перад акадэміяй пастаўлены задачы інтэгравацца ў эканоміку, працаваць на эканоміку, забяспечваць інавацыйнае развіццё краіны, навукова-тэхнічны прагрэс. І гэтыя задачы паспяхова вырашаюцца.
Уладзімір Гусакоў адзначыў, што беларуская навука заўсёды была высокаразвітой. “Але пасля распаду Савецкага Саюза мы аказаліся без сродкаў да існавання, спыніліся буйныя ваенныя і прамысловыя заказы. Давялося перабудоўвацца і шукаць новых заказчыкаў, і цяпер НАН Беларусі дасягнула стадыі ўстойлівага развіцця”, — сказаў ён.
“Выстаўка-кірмаш дасягненняў навукі — важная падзея для развіцця ўсіх галін эканомікі. Тут дэманструюцца нашы найноўшыя распрацоўкі, і мы спадзяёмся на заключэнне па выніках выстаўкі дагавораў і кантрактаў, рэалізацыю новых праектаў, наладжванне больш цесных сувязей паміж намі і міністэрствамі, ведамствамі і прадпрыемствамі”, — адзначыў Уладзімір Гусакоў.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі склала
топ-100 распрацовак для прамысловасці, паведаміў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.
“НАН Беларусі штогод стварае больш як тысячу распрацовак. А топ-100 для прамысловасці — гэта найлепшыя распрацоўкі. Напрыклад, у галіне машынабудавання для МАЗа, МТЗ, машынабудаўнічых і станкабудаўнічых прадпрыемстваў, аграрнага комплексу, медыцынскага сектара, хімічнай галіны”, — растлумачыў Уладзімір Гусакоў.
Топ-100 распрацовак для прамысловасці прадстаўлены ўжо зацікаўленым карыстальнікам. У час работы выстаўкі рэйтынг быў прэзентаваны ўраду.
Старшыня Прэзідыума НАН нагадаў, што кожны год фарміруецца таксама топ-10 дасягненняў беларускай навукі. Гэта найбуйнейшыя фундаментальныя даследаванні і распрацоўкі сусветнага ўзроўню.
На выстаўцы былі прадстаўлены больш як 500 інавацыйных распрацовак. Уладзімір Гусакоў акцэнтаваў увагу, што гэта толькі невялікая частка вынікаў работы НАН. “Усё выстаўляць сёння, мабыць, няма неабходнасці, але калі будзе зацікаўленасць, выстаўка можа быць прадоўжана ў навуковых інстытутах, дзе беларускія распрацоўкі будуць прадстаўлены больш дэталёва”, — дадаў ён.