“Беларуская — самая мая!”

- 15:15Нам пішуць

Пад такім дэвізам 21 лютага ў сярэдняй школе № 19 г. Магілёва адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Свята поўнілася цікавымі падзеямі і акцыямі, словамі прызнання і ўдзячнасці роднай мове.

Урокі ў гэты святочны дзень у школе пачыналіся прывітаннямі на роднай мове, паэтычнымі хвілінкамі. У фае гучала беларуская музыка. Вучні, настаўнікі і бацькі мелі магчымасць адчуць прыгажосць нашай мовы, пазнаёміўшыся з матэрыяламі выставы “З любоўю да роднага слова!”.

Добрай традыцыяй стала правядзенне 11-класнікамі інфармдайджэста “21 лютага — Дзень роднай мовы”. Падчас інфармацыйнага выпуску гучалі вершы пра беларускую мову, распавялі гісторыю ўзнікнення гэтага свята, адзначаліся самыя цёплыя, самыя смачныя і самыя мудрыя словы.

Завяршылася свята флэшмобам “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску!”, у якім актыўны ўдзел узялі вучні 6-х класаў.

Н.М.ЗЯТКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 19 Магілёва.