Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык прадставіў вопыт Беларусі ў сферы маладзёжнай палітыкі на маладзёжным форуме Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС), праведзеным у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, паведамілі ў Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН.
Прадстаўнік Беларусі адзначыў такія дасягненні па рабоце з моладдзю, як дзяржаўныя праграмы па падтрымцы таленавітай моладзі, стымуляванне зацікаўленасці студэнцкай моладзі ў навуковай дзейнасці, гарантыі па прадастаўленні першага рабочага месца маладым спецыялістам, падтрымка маладых сем’яў. Упершыню ў гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за тысячу прадстаўнікоў дзяржаў і маладых лідараў. Кіраўніцтва сакратарыята ААН анансавала новую глабальную ініцыятыву па стварэнні дастойных умоў працы для моладзі, падкрэсліўшы, што выкараненне беднасці і няроўнасці будзе залежаць непасрэдна ад прадстаўнікоў моладзі як рухаючай сілы грамадства.
Віктар Якжык таксама прыняў удзел у рэгулярнай сесіі Выканаўчага савета Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). У сваім выступленні прадстаўнік Беларусі адзначыў ключавую ролю сям’і ў выхаванні і абароне правоў і інтарэсаў дзяцей. У якасці прыкладу плённага супрацоўніцтва ЮНІСЕФ і Беларусі намеснік міністра адзначыў сумесны выпуск адукацыйных матэрыялаў для маладых бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей да сямі гадоў і дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Прадстаўнік Беларусі падкрэсліў, што адным з прыярытэтных напрамкаў сумесных намаганняў ЮНІСЕФ і дзяржаў — членаў ААН павінен стаць улік спецыфічных праблем краін з сярэднім узроўнем даходу. Віктар Якжык прапанаваў стварыць базу даных найлепшых нацыянальных практык па выкананні мэт устойлівага развіцця ў частцы абароны правоў дзяцей. Намеснік міністра падкрэсліў, што такая сістэма садзейнічала б абмену станоўчым вопытам паміж дзяржавамі, выкарыстанню паспяховых практык зацікаўленымі ўрадамі.
У час свайго знаходжання ў Нью-Ёрку Віктар Якжык таксама сустрэўся з пасланнікам Генеральнага сакратара ААН па справах моладзі Ахмадам Альхендаві. На сустрэчы была дадзена высокая ацэнка актыўнай пазіцыі Беларусі па падтрымцы моладзі. Прадстаўнік Беларусі інфармаваў Ахмада Альхендаві аб правядзенні ў Беларусі ў 2016 годзе Міжнароднага форуму “Моладзь без межаў”, у якім чакаецца ўд зел прадстаўнікоў больш як 60 дзяржаў. У сувязі з гэтым субяседнікі дамовіліся падтрымліваць кантакты адносна магчымасці ўдзелу пасланніка Генеральнага сакратара ААН па справах моладзі ў гэтым мерапрыемстве.