Беларускія амазонкі

- 11:00Выхаванне

Слова “гайд” перакладаецца як “праваднік”, “лідар”. Такое тлумачэнне ідэальна адпавядае сутнасці дзявочага руху пад назвай гайдынг, задачы якога — выхаваць у дзяцей упэўненасць у сабе, самаарганізаванасць, уменне прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, абудзіць жаданне быць карыснымі грамадству, развітымі інтэлектуальна, духоўна і фізічна, адным словам, быць лідарамі ў любых абставінах.

Па слядах англійскага медзведзяняці

Адзін з актыўных атрадаў гайдаў на Міншчыне — аб’яднанне дзяўчынак на базе Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Жодзіна. Яго кіраўнік — Ганна Сяргееўна Міхірова. Нядаўна яна была прызначана камісарам па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Нацыянальнага Савета Асацыяцыі беларускіх гайдаў і стала, па сутнасці, папулярызатарам руху ў краіне.

Ідэя стварыць клуб “Па слядах мішкі Падынгтана”, які з’яўляецца сімбіёзам гайд-ідэй і кніжнага клуба з вывучэннем англійскай мовы, узнікла невыпадкова. У падлеткавым узросце Ганна Сяргееўна наведвала школьнае аб’яднанне гайдаў. Юнацкае захапленне расцягнулася на ўсё жыццё. Стаўшы дарослым членам арганізацыі, лідарам, і атрымаўшы педагагічную адукацыю, яна не пакінула ідэю актыўна займацца гайдынгам, быць карыснай для дзяцей. “У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы Жодзіна маю ініцыятыву па стварэнні такога аб’яднання з задавальненнем падтрымалі, — расказвае кіраўнік клуба. — Клуб гайдаў вырашана было зрабіць яшчэ больш прадметным, засяродзіўшыся не толькі на развіцці творчага і лідарскага патэнцыялу дзяўчынак, набыцці імі практычных уменняў, якія спатрэбяцца ў жыцці, але паралельна і на вывучэнні англійскай і роднай моў. Дарэчы, мішка Падынгтан таксама нездарма стаў сімвалам клуба для дзяўчынак. Аб’яднанне было заснавана ў 60-гадовы юбілей першай казкі пра знакамітае англійскае медзведзяня”.

У Беларусі зараджэнне гайдынгу прыйшлося на першую палову XX стагоддзя. Атрад дзяўчат, які называў сябе “Сёстры вогнішча”, дзейнічаў у Вілейскай гімназіі з 1926 па 1929 год. Вярнуўся гайдаўскі рух у нашу краіну 28 гадоў назад.

Ад “птушачак” да лідараў

У гайдынгу ёсць раздзяленне на ўзроставыя групы: дзяўчынкі ад 7 да 10 гадоў называюцца “птушачкамі”, ад 11 да 14 — “гайдамі”, ад 15 да 18 — “рэйнджарамі” і ад 18 гадоў — “лідарамі”. Зараз сярод удзельніц клуба “Па слядах мішкі Падынгтана” — дзяўчынкі-птушачкі і гайды. Самыя маленькія спасцігаюць карысныя для іх навыкі праз гульню і актыўную дзейнасць. Падлеткі вучацца быць патрыётамі, прымаць рашэнні і быць адказнымі за свае словы і справы. Праз інтэрактыўныя заняткі і трэнінгі асобаснага росту педагог тлумачыць дзецям тэмы правоў дзіцяці, экалогіі, здаровага ладу жыцця, пазнання роднага краю, мастацтва, першай медыцынскай дапамогі, бяспечных паводзін і многія іншыя. Гэтае аб’яднанне — нібы інтэрактыўная энцыклапедыя для кожнай актыўнай дзяўчынкі.

Акрамя бібліятэчных заняткаў Ганна Сяргееўна разам з дзяўчатамі ходзяць у паходы, наведваюць краязнаўчыя музеі, арганізуюць паезд­кі па гарадах Беларусі, ладзяць віртуальныя вандроўкі і лінгвістычныя квесты, папулярызуюць бібліятэкі ў сацыяльных сетках, падтрымліваюць грамадскія ініцыятывы і валанцёрскі рух. Для кожнай з прадстаўніц руху нормай жыцця з’яўляецца дапамога людзям. І маленькая дзяўчынка-“птушачка”, і дарослы лідар атрада лічаць сваім абавязкам прыносіць карысць грамадству. Кіраўнік клуба падкрэслівае, што ўсе грамадскія ініцыятывы шчыра падтрымліваюць бацькі дзяўчат-гайдаў, адчуваючы, што іх дзіця расце з правільнымі прынцыпамі і ў правільным асяроддзі.

“Не вучыць, а ствараць умовы”

“На занятках часта практыкую адзін з метадаў гайдынгу — патрульную сістэму. Увесь атрад дзеліцца на групы, якія працуюць як каманды пад кіраўніцтвам самага вопытнага члена групы. Ён выконвае функцыі лідара, які атрымлівае ад мяне заданні, дадатковыя матэрыялы для іх выканання і “выкладае” ў сваёй камандзе. Напрыклад, вучыць малодшых завязваць вузлы, чытаць карту мясцовасці, правільна складаць аптэчку, адрозніваць лекавыя расліны ад іншых відаў і г.д. Гэта неабходна для таго, каб яны вучыліся фарміравац­ь свае лідарскія якасці, карыстаючыся прынцыпам “роўны навучае роўнага”. Такім чынам, у кожнага ёсць магчымасць раскрыцца, паспрабаваць сябе ў ролі галоўнага, праявіць сама­стойнасць. Зразумела, я аказваю ім падтрымку, але ўсё ж стараюся менш умеш­вацца і больш назіраць. Функцыі дарослага ў гайдынгу — хутчэй не навучыць, а стварыць умовы, натхніць кожную дзяўчынку, весці яе па шляху асобаснага росту”, — расказвае Ганна Сяргееўна.

Для вывучэння англійскай лексікі кіраўнік гуртка прымяняе шматлікія гульнявыя методыкі, практыкуе чытанне англійскай літаратуры ў арыгінале. Зразумела, вялікім попытам карыстаюцца творы Майкла Бонда пра прыгоды няўрымслівага медзведзяняці. Веданне мовы немалаважнае, таму што клуб вя­дзе перапіску з гайдамі Паўночнага Хэмпшыра (Вялікабрытанія). Два гады назад прадстаўнікі краіны-заснавальніцы гайд-руху прыязджалі ў Беларусь у міжнародны летнік на возера Сялява, наведвалі клуб “Па слядах мішкі Падынгтана”. Таксама юныя гайды падтрымліваюць сувязь з такімі ж гайдаўскімі клубамі нашай краіны — брэсцкімі, столінскімі, а таксама гайдамі з Неманіцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна.

Лясныя лэдзі

Прыроднае асяроддзе — гэта ідэальнае месца для дзейнасці гайдаў. Шукаць выйсце з экстрэмальных сітуацый, развівац­ь валявыя якасці, назіральнасц­ь, падтрымліваць добрую фізічную форму, умацоўваць здароўе — усё гэта лепш за ўсё практыкавац­ь у паходных умовах. Таму лета дзяўчаты-гайды праводзяць у актыўным рэжыме. 18—20 чэрвеня прайшлі міжрэгіянальныя палатачныя зборы гайдаў “Гайдынг — твой поспех!”, прысвечаныя дню нараджэння Асацыяцыі беларускіх гайдаў. А на мінулым тыдні адбылася самая доўгачаканая падзея лета — міжрэгіянальныя турысцка-экалагічныя зборы “Амазонкі-2021”, якія прайшлі ў інфармацыйна-экалагічным цэнтры дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Рэспубліканскі заказнік “Прыбужскае Палессе”. Арганізацыяй палатачных збораў займаецца Брэсцкае абласное аддзяленне Асацыяцыі беларускіх гайдаў. Супрацоўніцтва двух рэгіёнаў стала ўжо традыцыяй. Сёлета ў зборах прынялі ўдзел дзеці не толькі з Брэста і Жодзіна, але і са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

За тыдзень знаходжання ў паходных умовах дзяўчаты прайшлі майстэрні па выжыванні ў прыро­дзе (вязанне вузлоў, складванне асабістага рыштунку, кастровая справа, сляды звяроў, ягады і грыбы ў лясах Беларусі, шыфроўка і сігналы і інш.). Яны шукалі травы, каб скласці гербарый, вывучалі расліны Чыр­вонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Але “лясныя лэ­дзі”, як называюць сябе дзяўчаты, на тое і лэдзі, каб не забываць пра творчыя заняткі. Яны стваралі вышыўку-абярэг, брошку ў выглядзе канюшыны — эмблемы гайдаў, а таксама бранзалет і лясны татэм.

Свята Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на якое прыйшоўся другі дзень знаходжання ў лагеры, юныя амазонкі адзначылі праграмай “Паці па-беларуску”: гулялі ў беларускія народныя гульні “Проса”, “Пеўні”, “Бульба”, ва­дзілі карагоды, спявалі прыпеўкі і народныя песні ля кастра. На Івана Купалу прайшла начная гульня-арыентаванне “У пошуках агняцвету”, падчас якой дзяўчаты шукалі імправізаваную папараць-кветку з салодкім сюрпрызам. Дарэчы, сімвал свята, расліна чыставуст велічны, якая лічыцца правобразам папараць-кветкі, сапраўды расце на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Прыбужскае Палессе”. Акрамя гэтага, дзяўчаты прыгадалі купальскія прыметы: ноч была зорная — будзе многа грыбоў, раніцай было шмат расы — да вялікага ўраджаю агуркоў.

Гайды Маша Хамуцініна і Зоя Крукава:

“Гэтыя летнія зборы мы запомнім жабінымі канцэртамі па начах, гукам дажджу, ружовымі аблокамі над вогнішчам, смакам аўсянай кашы з чарніцамі і самай любімай паходнай гарбаты з мятай, пахам ядловай смалы і падсмажанага хлебу з салам”.

“Адно з самых важных мера­прыемстваў збораў — прахо­джанне турыстычных маршрутаў. Дзяўчаты бяруць заплечнікі з рыштункам і ідуць па пэўным маршруце. Для вопытных амазонак запланавана дыстанцыя даўжынёй каля 20 км, якая ўключае ў сябе праходжанне экалагічнай сцяжыны “Міжазёрная”. У пункце назначэння гайды ставяць палаткі, распальваюць вогнішча, самастойна гатуюць ежу. Такім чынам, кожнай дзяўчынцы даецца магчымасц­ь паспрабавац­ь свае сілы ў са­праўдных паходных умовах. Трэба правільна сабраць заплечнік, беспамылкова прачытац­ь сімвалы і знакі на карце маршруту, удала паставіць палатку і нацягнуц­ь над ёй тэнт, каб у выпадку непагоды не было непрыемных нечаканасцей, — расказвае кіраўнік клуба гайдаў. — Усе тэхнічныя моманты дзяўчаты “адпрацоўваюц­ь” падчас тэарэтычных заняткаў у клубе. Напрыклад, правільна выбраць і скласці неабходныя для паходу рэчы ў заплечнік зусім не так проста, як можа здацца на першы погляд. Не ва ўсіх адразу атрымліваецца справіцца з паходным дыванком, спальнікам. Прадумац­ь напоўненасць свайго заплечніка трэба загадзя, каб не было ня­зручна або цяжка несці яго”.

Падчас збораў юныя амазонкі звычайна раздзяляюцца на дзяжурныя патрулі. Дзяўчаты разумеюць сваю адказнасць: калі першы дзяжурны патруль своечасова не зробіць вогнішча, другі не ўскіпяціць ваду, то ўсе турысты застануцца без снедання. Такая самастойнасць у турыстычных умовах добра трэніруе дысцыпліну і самаарганізаванасць.

“Кожны вечар ля вогнішча праходзіць вячэрняя праграма: паходныя песні пад гітару, гульні. Дзяўчынкі вядуць свае песеннікі, — расказвае Ганна Сяргееўна. — У гайдаў ёсць гімн “Лясныя лэдзі”, у якім спяваецца пра тое, як усе ляцяць у самалётах на мора, а мы на электрычцы з заплечнікамі рушым у паход”.

Сёлетні летнік прайшоў пры спрыяльным надвор’і. А вось у мінулым годзе ўдзельнікі лагера прайшлі выпрабаванне стыхіяй: падняўся моцны, амаль ураганны вецер, на турыстычнай базе, дзе стаяў лагер, адключылася святло. Але палаткі, нягле­дзячы на гэта, засталіся стаяць на месцы і нават не намоклі знутры, таму што былі ўсталяваны па ўсіх правілах. Дзяўчаты не напужаліся, а наадварот, праверылі свае гайдаўскія навыкі ў экстрэмальных умовах. Затое яны са смехам прызнаюцца, што гэтую праверку на трываласць нерваў не прайшлі іх бацькі.

Напрыканцы збораў у дзяўчат-гайдаў была магчымасць замацаваць свае навыкі, здаўшы залік па дысцыпліне “на выжыванне”, і атрымаць за гэта нашыўку “Camp Skills”. Кожная зялёная гайдаў­ская кашуля — гэта гісторыя юнай амазонкі. Там ёсць і асабістыя адзнакі (напрыклад, аб уменні распаліць вогнішча з адной запалкі, што лічыцца вяршыняй майстэрства!), і адзнакі са збораў, але сярод асабліва важных — значок, які даецца за тое, што дзяўчына дала ўрачыстае абяцанне гайда “слу­жыць сваёй Радзіме, заўсёды дапамагац­ь іншым людзям, выконвац­ь законы гайдаў”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва клуба.