Якасць адукацыі — гэта стрыжнёвае пытанне ўсёй сферы адукацыі. Як дабіцца яе высокага ўзроўню і, што не менш важна, як вызначыць той самы ўзровень? Да гэтай пары пытанне застаецца дыскусійным. Абмяркоўвалі яго і падчас III з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД у ходзе работы секцыі “Менеджмент адукацыі”. Разам з гэтым нашы госці з краін СНД цікавіліся, як арганізавана беларуская сістэма адукацыі, і адначасова дзяліліся сваім вопытам.
ЦТ — дастойны крытэрый якасці адукацыі?
Наконт некаторых крытэрыяў ацэнкі якасці адукацыі, якімі карыстаюцца зараз, ёсць пытанні. У прыватнасці, усё часцей сярод беларускіх прадстаўнікоў сферы адукацыі гучыць думка, што не варта ацэньваць якасць адукацыі па выніках ЦТ. Такое ж меркаванне і ў нашых расійскіх калег, дзе форма кантролю ведаў праходзіць у форме адзінага дзяржаўнага экзамену.
Спрэчным застаецца і ацэньванне якасці работы настаўнікаў толькі па рабоце з адоранымі вучнямі. “Узяць лепшых настаўнікаў, адборных вучняў, падрыхтаваць з іх рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяднікаў і ўсе лаўры аддаць гэтай уста-нове адукацыі. А вазьміце тых, хто схільны да правапарушэнняў, хто ад прыроды не здольны да вучобы, і паспрабуйце з імі нешта вартае зрабіць. Гэта каласальная праца, часам нават большая, чым работа з таленавітымі ад прыроды вучнямі. Я неаднойчы выказваў думку аб тым, што нам трэба было б распрацоўваць такія крытэрыі, якія б давалі магчымасць прасачыць рост вучня ад першага класа да выпуску. Гэта вельмі складана зрабіць, таму што з кожным вучнем працуе не адзін настаўнік, а некалькі. Аднак думаю, па гэтым шляху трэба ісці”, — выказаў сваё бачанне Уладзімір Мацвеевіч Здановіч, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.
Сфера паслуг насельніцтва і якасць адукацыі
“Мы скардзімся на майстэрні за іх кепскую якасць работы. А гэта таксама якасць адукацыі”, — сказаў С.І.Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Для таго, каб адкрыць сваю справу, дастаткова прыйсці ў гарвыканкам, напісаць заяву — і ліцэнзія ўжо ў кішэні. Каго ты набярэш у гэтую майстэрню, справа твая. Можа, там будуць працаваць хлопцы, якія дрэнна наведвалі школу.
Некаторыя краіны зведалі наступствы такой практыкі, таму працуюць па іншай схеме. “У Германіі, калі ты хочаш адкрыць майстэрню, ты павінен прад’явіць доказы, што ў цябе будуць працаваць людзі, якія маюць для гэтага неабходную кваліфікацыю. Так, напрыклад, на першым этапе рабочы ў аўтамайстэрні можа рабіць толькі шынамантаж, на другім этапе — займацца толькі кузаўнымі работамі, на трэцім — гэта ўжо ўніверсальны рабочы.
Гэтая мадэль узніме якасць, якую павінны забяспечваць установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, павысіць іх запаўняльнасць і ўзніме жыццёвы ўзровень краіны. Магчыма гэта здзейсніць у нас? Магчыма. Для гэтага патрэбны палітычная воля, адпаведны дакумент на ўзроўні ўрада”, — патлумачыў С.І.Парошын.
Міф пра беларускі дыплом
Як адзначыў У.М.Здановіч, сфарміраваўся пэўны міф у грамадстве, што дакументы аб адукацыі, выдадзеныя ў Беларусі або ў краінах СНД, не ўяўляюць сабой ніякай каштоўнасці.
“Гэта памылковая думка. Дакументы, выдадзеныя школамі, прызнаюцца безагаворачна. Што да магчымасці працаваць па пэўнай прафесіі, то ў кожнай краіне ёсць свае абмежаванні. Яны ёсць і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Германіі, і ў Францыі…
У якім плане цэняцца нашы дакументы? У дадатку да дыплома можа не аказацца некалькіх прадметаў, якія вывучаюцца ў еўрапейскай краіне. Тады маладому чалавеку прапаноўваюць іх вывучыць, пасля чаго выдадуць дзяржаўны дакумент аб адукацыі гэтай краіны. Так што нашы дакументы прызнаюцца, асабліва медыцынскія”, — расказаў У.М.Здановіч.
Беларускія выпускнікі: шлях у замежжа?
“Калі з пэўнай установы адукацыі працягваць вучобу за межы краіны едзе значная колькасць выпускнікоў, значыць, з выхаваўчай работай тут сур’ёзныя праблемы”, — расказаў дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.
За дэпартаментам замацавана работа па апастыляванні дакументаў аб адукацыі выязджаючых за межы краіны. Такім чынам, арганізацыя валодае інфармацыяй, з якіх школ, нават не ўдзельнічаючы ў ЦТ, вучні едуць у замежныя дзяржавы, прычым тут не падразумяваецца Расія ці іншыя краіны СНД, а менавіта далёкае замежжа.
“Большая частка тых, хто заявіўся на апастыляванне, гэта выпускнікі гімназій і ліцэяў з добрымі атэстатамі. Я прыйшоў да высновы, што ў гімназіі і ліцэях удзяляюць вялікую ўвагу прадметнаму навучанню, а выхаваўчы бок застаецца ў цяні”, — расказаў У.М.Здановіч.
Калі ў школе займаюцца не зусім школьнымі справамі
Нягледзячы на тое, што ў сферу адукацыі выдзяляецца даволі сродкаў, грошай усё роўна не хапае. Адну з прычын гэтага ўдзельнікі секцыі бачаць у выкананні ўстановамі адукацыі неўласцівых ім функцый. З іншароднымі справамі звязана і перагружанасць работнікаў адукацыі.
Так, напрыклад, выказвалася думка аб неабходнасці вывядзення харчавання з-пад адказнасці школы пры захаванні там базы. “За якасць харчавання адказвае дырэктар школы. У шэрагу выпадкаў ён не зусім кампетэнтны ў прыгатаванні ежы, патрабаваннях да якасці харчавання. Кантроль жа вельмі жорсткі. Санітарна-эпідэміялагічная служба пры кожным наведванні знаходзіць парушэнні і штрафуе.
Да таго ж дырэктар школы нясе адказнасць і за санітарны стан, за пажарную бяспеку, за бяспеку самога будынка, за тэрыторыю, якая прылягае да школы. За ўсё, чым, па сутнасці, павінны займацца іншыя ўстановы і спецыялісты. Было б добра рэалізаваць ідэю, каб усімі гэтымі справамі займаліся спецыялізаваныя арганізацыі”, — расказаў У.М.Здановіч.
Так, у суседняй Польшчы настаўнікі і дырэктар у першую чаргу павінны ўдзяляць увагу менавіта адукацыйнаму працэсу (працэсу навучання і выхавання).
Ці заўсёды патрэбна акрэдытацыя?
Яшчэ адно пытанне, якое актыўна абмяркоўвалася падчас секцыі, — гэта акрэдытацыя. У 2011 г. уступіў у дзеянне Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, згодна з якім установы адукацыі павінны быць акрэдытаваныя. Паколькі ўстаноў адукацыі шмат, быў падпісаны загад, згодна з якім усе ўстановы сталі лічыцца акрэдытаванымі без правядзення самой працэдуры. Усім былі выдадзены адпаведныя сертыфікаты.
Надыходзіць час пацвярджэння акрэдытацыі. Аўтаматычна, як гэта было 5 гадоў назад, працэдуру правесці немагчыма: гэта ўжо будзе парушэннем заканадаўства. Дэпартамент кантролю якасці адукацыі збіраецца правесці наступны эксперымент.
“У Брэсцкай вобласці акрэдытацыю мы будзем праводзіць не кропкава па заяве канкрэтнай школы. Будзем ахопліваць цэлыя рэгіёны, напрыклад, тыя, якія знаходзяцца побач. Эксперты з аднаго раёна будуць працаваць у суседнім. Потым мы будзем апрацоўваць матэрыялы і прымаць рашэнні аб акрэдытацыі гэтых устаноў адукацыі. Інакш правесці ў 2016 г. акрэдытацыю 3137 школ проста нерэальна”, — патлумачыў У.М.Здановіч.
Так, установы адукацыі пройдуць акрэдытацыю на працягу паўтара-двух тыдняў. Не выключана, што такі эксперымент будзе распаўсюджаны на ўсю рэспубліку.
Аднак яшчэ засталіся спрэчныя моманты, звязаныя з гэтай працэдурай. “Зараз мы прапрацоўваем пытанне аб тым, каб установа адукацыі не праходзіла паўторна акрэдытацыю, калі яе статус змяніўся на больш нізкі. Напрыклад, агульнаадукацыйная сярэдняя школа стала базавай”, — расказаў Уладзімір Мацвеевіч.
На думку У.М.Здановіча, варта было б адмовіцца і ад акрэдытацыі пачатковых школ па той прычыне, што яны не выдаюць дакументаў аб адукацыі.
Цікава, як жа ў іншых?
Нестандартны прадмет у школе Арменіі — шахматы. Гульня з фігуркамі, якая развівае логіку, прапісана ў вучэбнай праграме. Праходзяць яе ў пачатковай школе.
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі падзяліліся сваімі ведамі наконт сістэм адукацыі ў больш далёкіх краінах. Не так даўно яны ездзілі ў Кітай. Ва ўніверсітэце гэтай краіны ім расказалі, што працэнт першакурснікаў, якія даходзяць да фінішу і заканчваюць вышэйшую ўстанову адукацыі, складае 95%. Прычым замежным бокам выказвалася думка, што гэта вялізная лічба і яе трэба скарачаць.
Звернемся да еўрапейскага рэгіёна. У Германіі толькі каля 35% навучэнцаў паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, з іх заканчваюць установу адукацыі менш за 40%.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА