Беларускія Калядкі

- 17:13Нам пішуць

Далучэнне дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры сродкамі народных гульняў, забаў, фальклору з’яўляецца галоўным кірункам навучальнай дзейнасці ў нашай дашкольнай ўстанове. Дзеці ўспрымаюць навакольны свет цэласна, неразрыўна, таму і беларускі фальклор адпавядае дзіцячаму светаўспрыманню рэчаіснасці. 

З вялікім задавальненнем прайшлі беларускія калядкі ў Казлоўшчынскім яслі-садзе. Удзел ў іх прымаў амаль увесь педагагічны калектыў дашкольнай ўстановы. Зала была аформлена пад беларускую хатку, у якой дзяцей сустракала гаспадыня ў нацыянальным касцюме і запрашала усіх на беларускія калядкі. Затым на свята да гаспадыні завіталі калядоўшчыкі: Каза, Мядзедзь, Цыганкі, якія спявалі беларускія песні пра родны край, пра шчодры вечар. Калядоўшчыкі прыняслі з сабой прыгожую Калядную зорку. Дзеці гулялі ў беларускія народныя гульні. Цыганкі варажылі дзецям на картках, кім яны будуць, калі вырастуць дарослымі. Усё свята суправаджалася беларускай музыкай, песнямі. У заключэнні гаспадыня пачаставала дзяцей беларускімі стравамі: бульбай з салам, хатняй каўбасой, дранікамі, хатнімі разнасоламі. Шчаслівыя ўсмешкі дзяцей і добры настрой педагогаў упрыгожылі гэты дзень. Беларускія калядкі згуртавалі ўсіх!

Іна ДЖУРАХАНАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Казлоўшчынскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна.