Беларускія канікулы школьнікаў з Японіі

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка сустрэўся з японскімі дзецьмі, якія праходзяць аздараўленне ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Падчас сустрэчы японскія школьнікі і іх выкладчыкі падзяліліся ўражаннямі пра адпачынак у Беларусі і даведаліся больш пра сістэму адукацыі і выхавання ў нашай краіне.

Дзеці з Японіі прыяз­джаюць у Беларусь на адпачынак ужо 6 гадоў запар. За гэты час пабываць у “Зубраняці” змаг­лі 280 дзяцей — гэта, перш за ўсё, школьнікі, якія пражываюць у прэфектурах Фукусіма і Міягі, што пацярпелі ад аварыі на АЭС “Фукусіма-1”. У гэтым годзе Беларусь наведалі дзве групы: 50 дзяцей і 10 дарослых — у першай і яшчэ 52 дзіцяці і 8 дарослых — у другой. Як адзначыла Хірока Кавахара, кіраўнік японскай некамерцыйнай арганізацыі Earth Identity Project, якая дапамагала ў арганізацыі візіту, у гэтым годзе сярод гасцей былі і жыхары рэгіёнаў Асака і Хакайда, што перажылі моцныя землетрасенні і тайфуны.

Падчас аздараўлення шко­ль­нікі з Японіі знаёміліся з беларускай культурай і наведвалі найбольш знакамітыя мясціны Беларусі — напрыклад, для іх праводзяць экскурсіі ў Мір і Нясвіж, ім паказваюць Мінск і яго славутасці.

Фінальны пункт праграмы — традыцыйная сустрэча гасцей з Японіі з міністрам адукацыі. Такія гутаркі дапамагаюць ацаніць узаемадзеянне паміж краінамі ў галіне аздараўлення дзяцей, абмеркаваць і палепшыць пра­граму знаёмства з Беларуссю японскіх і замежных школьнікаў увогуле — а іх становіцца ўсё больш.

—Геаграфія аздараўлення дзяцей за апошнія гады значна пашырылася, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — Гэтаму спрыяе спецыяльная пра­грама, якая рэалізоўваецца па ініцыятыве прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і фінансуецца з рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Асаблівы акцэнт міністр зрабіў на ўсталяванне сяб­­роўскіх кантактаў паміж замежнымі і беларускімі школьнікамі: дзеці з Японіі праводзяць шмат часу са сваімі равеснікамі з Беларусі, маюць магчымасць пазнаёміцца і знайсці сяброў. А менавіта  сяброўства і ўзаемапавага на асабістым узроўні фарміруюць фундамент для супрацоўніцтва паміж краінамі, ствараюць цікавасць да іх культуры, гісторыі.

Акрамя самой праграмы аздараўлення, на сустрэчы гучалі пытанні пра сістэму адукацыі Беларусі, пра  летні ад­пачынак беларускіх школьнікаў, міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Міністр расказаў пра вядучыя ўніверсітэты краіны, падрыхтоўку да
50-гадовага юбілею “Зубраняці” і нават згадаў свае школьныя гады.

Напрыканцы сустрэчы госці атрымалі ад міністра салодкія сувеніры, а іх кіраўнік — Хірока Кавахара — мяккую цацку ў выглядзе лісёнка Лесіка, сімвала ІІ Еўрапейскіх гульняў, які будзе нагадваць пра лета, праведзенае ў Беларусі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота Настассі ХРЫШЧАНОВІЧ.