Гомельскі рэгіён у лідарах па тэхнічнай творчасці. Што гэтаму спрыяе?
Развіццё кампетэнцый XXI стагоддзя праз рэалізацыю інавацыйнага праекта “Інапарк — дзіцячы тэхнапарк” абмеркавалі на Рэспубліканскім савеце па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які прайшоў у Гомелі.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мацюшонак адзначае, што Гомельскі рэгіён у лідарах па тэхнічнай творчасці:
— Шмат пераможцаў па тэхнічных кірунках на Гомельшчыне. Па дасягненнях заўважна і супрацоўніцтва абласнога цэнтра з раённымі. Тут моцны метадычны складнік і шмат цікавых інавацый.
Удзельнікам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дзіцячага тэхнапарка як рэсурсу развіцця навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі” Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі стаў у 2018 годзе. Дырэктар установы дадатковай адукацыі Наталля Алейнік гаворыць, што сёння, дзякуючы прыцягненню спонсарскіх, пазабюджэтных сродкаў, а таксама сродкаў, атрыманых ад грантаў, на агульную суму звыш Br65 тысяч, усе вучэбныя аўдыторыі абсталяваны сучаснай тэхнікай і мэбляй.
— Наш цэнтр цалкам забяспечаны высокакваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі. Сярод 29 спецыялістаў — уладальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, трое ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (двое з іх летась), адзін — прэміяй Гомельскага аблвыканкама. Адзін з педагогаў з’яўляецца кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам.
Сёння ў цэнтры працуюць тры метадычныя аб’яднанні і метадычны савет. Для павышэння эфектыўнасці метадычнай работы спецыялісты цэнтра арганізавалі суправаджэнне маладых спецыялістаў. Летась было праведзена восем вучэбных семінараў. У тым ліку лепшы педагагічны вопыт цэнтра трансліраваўся ў рамках XIX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Пра адкрытасць адукацыйнай прасторы цэнтра сведчаць як афіцыйны сайт, так і акаўнты ва “УК”, Іnstagram, TikTок, YouTube, дзе актыўна асвятляецца яго дзейнасць.
Наталля Анатольеўна расказвае, што зусім нядаўна абноўлены і распрацаваны 32 праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, сярод якіх восем — для анлайн-навучання:
— Распрацаваны адукацыйны модуль “Workshop. Энергія будучыні”, аўтарскія дапаможнікі для педагогаў і навучэнцаў. Гэта вучэбна-метадычны комплекс, які ўключае ў сябе праграму аб’яднання FabLab, працоўныя сшыткі для дзяцей па кірунках “Электроніка”, “Протатыпаванне”, Arduino і разгорнутыя планы-канспекты асобных заняткаў для педагогаў, а таксама вучэбна-метадычны комплекс “Кулібінград”. Ён складаецца з разгорнутых планаў-канспектаў заняткаў для педагогаў і дапаможніка для дзяцей, у якім змест праграмы паказаны ў маляўнічых ілюстрацыях з дапоўненай рэальнасцю. Таксама распрацаваны модульныя праграмы, такія як FabLab, GameDev, кожны курс якіх вядзе некалькі вузкапрофільных спецыялістаў. Адкрыта больш за 10 новых кірункаў па вывучэнні моў праграмавання, а таксама па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы. Ідзе распрацоўка новай модульнай праграмы “Біяінжынерыя”.
Дарэчы, ужо ў новым навучальным годзе інфармацыйныя тэхналогіі ў гомельскім цэнтры будуць прадстаўлены па 18 кірунках. Па выніках мінулага года трое навучэнцаў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, двое прынялі ўдзел і сталі пераможцамі міжнародных конкурсаў, восем — рэспубліканскіх.
Выкарыстанне дыстанцыйных форм навучання Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі пачаў 4 гады назад. У 2020/2021 навучальным годзе ў аддаленым рэжыме прайшоў шэраг мерапрыемстваў. Навучанне ў абласной анлайн-школе IQ UP арганізавана незалежна ад месца жыхарства і вучобы для школьнікаў, у тым ліку з малакамплектных сельскіх і аддаленых школ Гомельскай вобласці. Для таго каб пашырыць геаграфію запатрабаваных IT-кірункаў, было прынята рашэнне пра падрыхтоўку педагагічных работнікаў з рэгіёнаў. Ужо са студзеня 31 педагог з 14 раёнаў Гомельскай вобласці праходзіць навучанне.
Адораных дзяцей шмат у краіне. Нашы ўстановы і створаны для таго, каб даваць магчымасці, а потым па розных кірунках прапаноўваць тую ці іншую схему далейшых дзеянняў.
Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко.
— У выніку мы чакаем, што інавацыйныя кірункі адкрыюцца ў раёнах нашай вобласці, — адзначае Наталля Алейнік. — Для таго каб выявіць высокаматываваных дзяцей і падрыхтаваць іх да ўдзелу ў алімпіядах па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, на базе нашага цэнтра пачала работу абласная вочна-завочная школа дакладных навук для дзяцей 5—8 класаў. Ужо ёсць вынікі: у другім этапе рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах “Інфарматыка” і “Матэматыка” шэсць навучэнцаў школы дакладных навук узнагароджаны дыпломамі
І, ІІ і ІІІ ступені. Сямёра прайшлі навучанне на 20-дзённых міжнародных анлайн-курсах па праектнай дзейнасці ў Санкт-Пецярбургу.
Суправаджэнне высокаматываваных і адораных навучэнцаў — адзін з важных кірункаў дзейнасці ў рамках узаемадзеяння з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам.
— Тэхналогіі робяць будучыню, — упэўнены дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко. — Трэба браць дзіця і весці яго ў навуку. Ужо з 6-гадовага ўзросту мы з вамі можам убачыць схільнасці і жаданні дзіцяці. Добра, калі гэта разумеюць бацькі і далучаюцца да развіцця юнай асобы як грамадзяніна і будучага класнага спецыяліста. Адораных дзяцей шмат у краіне. Нашы ўстановы і створаны для таго, каб даваць магчымасці, а потым па розных кірунках прапаноўваць тую ці іншую схему далейшых дзеянняў. Магчыма, не ўсе будуць навукоўцамі — некаторыя пойдуць у рэальны сектар эканомікі і стануць там высакакласнымі спецыялістамі. Наша з вамі задача — выявіць, падтрымаць і суправаджаць адораных дзяцей. Думаю, праз некаторы час мы ўбачым вынік.
Летась 39 навучэнцаў Гомельскай вобласці прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Двое сталі студэнтамі БДУІР і БДУ. Яшчэ двое залічаны на дыстанцыйнае навучанне.
Адзін са школьнікаў узнагароджаны дыпломам І ступені міжнароднага конкурсу “Экаідэі — у жыццё” і заваяваў гран-пры ў гэтым жа конкурсе. На сённяшні дзень Гомельская вобласць лідзіруе ў рэспубліцы сярод усіх абласцей па колькасці залічаных на навучанне.
У 2021 годзе да работы па развіцці інавацыйных кірункаў актыўна далучыліся райвыканкамы Гомельскай вобласці. Адкрыты STEM-класы ва ўстановах адукацыі Лельчыцкага, Светлагорскага і Брагінскага раёнаў. Выдзелены сродкі Жлобінскаму, Рагачоўскаму, Светлагорскаму і Мазырскаму раёнам на набыццё камплектаў па робататэхніцы, ноўтбукаў, 3D-прынтараў і на абсталяванне кабінетаў па электроніцы.
— Работа ішла на працягу многіх гадоў, таму на сённяшні дзень мы можам гаварыць пра закончаную мадэль, якая натуральна ўпісваецца ў рэспубліканскі кластар, — падводзіць вынікі дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі старшыня рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка. — Мы ўбачылі работу з навучэнцамі і педагогамі і ўключэнне ў гэтую мадэль партнёраў. Далей — працэс удасканалення. Даволі цікавы вопыт быў прадстаўлены і гаспадарамі, і Мінскам, і Ваўкавыскам. Асабліва важна, што прысутнічаў раённы цэнтр. Яны паказалі, што і ў раёне ёсць магчымасці для развіцця тэхнічнага кірунку. Незалежна ад таго, дзе дзіця расце і вучыцца, у яго павінны быць роўныя магчымасці. Вядома, вельмі важна, каб была падтрымка з боку ўпраўлення адукацыі, што ёсць у Гомелі. Як пажаданне — не забывайце пра выхаваўчы складнік для юных тэхнароў. Бо тэхнічнае развіццё без чалавечых каштоўнасцей можа быць нават шкодным. Гэты складнік фарміруе псіхаэмацыянальную сферу дзіцяці.
Госці азнаёміліся з дзейнасцю вучэбна-практычнага цэнтра па энергазберажэнні, які ўзяў на сябе місію зрабіць энергазберажэнне ўсвядомленым выбарам кожнага. За гэты час больш за 25 тысяч наведвальнікаў з розных рэгіёнаў краіны наведалі пляцоўку ў Гомелі. Развіццё інавацыйных кірункаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — гэта інвестыцыі ў развіццё тэхналагічнай незалежнасці краіны, — адзначылі ўдзельнікі рэспубліканскага савета.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.