Беларускія школьнікі прадставяць свае праекты ў ЗША

- 10:23Навука і інавацыі

3D-прынтар уласнага вырабу і смартфон новага пакалення, нанаакумулятар і матэматычны більярд, Beam-робат — лічыльнік сонечнай энергіі і трэнажор для рэабілітацыі людзей, якія перанеслі інсульт, прадставілі юныя навукоўцы на навукова-інжынерным конкурсе Belarus Science and Engineering Fair. У Год навукі і пяцігадовы юбілей конкурсу, па прызнанні журы, былі прадстаўлены як ніколі моцныя і перспектыўныя навуковыя распрацоўкі.

Работы фіналістаў ацэньвала некалькі складаў журы: навуковае, педагагічнае, маладзёжнае і бізнес-журы. У склад навуковага журы ўвайшло больш за 20 прадстаўнікоў навуковай грамадскасці краіны. Канкурсантам трэба было прадэманстраваць уменне прэзентаваць сваю работу, даказаць яе перспектыўнасць і ўнікальнасць, адстаяць уласны пункт гледжання, адказаць на дадатковыя пытанні.

Дыпломамі і каштоўнымі прызамі былі ўзнагароджаны навучэнцы, якія сталі пераможцамі ў секцыях “Інфарматыка”, “Матэматычныя навукі”, “Праектаванне і робататэхніка”, “Фізіка”, “Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагальныя тэхналогіі”.

Лепшымі ж работамі, якія ў маі прадставяць нашу краіну на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair у Лос-Анджэлесе (Каліфорнія, ЗША), аказаліся распрацоўка вучаніцы 10 класа гімназіі № 1 Жодзіна Аляксандры Кахавец “Залатарнік як перспектыўная сыравіна для нацыянальнай фармакалогіі і энергетыкі” і работа вучня 11 класа сярэдняй школы № 11 Слуцка Уладзіслава Гадалава “AirPhone — смартфон новага пакалення”. І калі Аляксандра ўпершыню прадставіць краіну за мяжой, то для Уладзіслава гэта будзе ўжо другая паездка на фінал міжнароднага навукова-інжынернага конкурсу, у якім ён удзельнічае з 7 класа.

AirPhone, які Уладзіслаў Гадалаў прадставіў на сёлетнім конкурсе, — лагічны працяг праекта Geneces, прадстаўленага на гэтым жа конкурсе ў мінулым годзе.

— Geneces — гэта мабільны дадатак, які з’яўляецца воблачнай экасістэмай, — расказвае юны інфарматык. — Такім чынам, Geneces дазваляе ўмоўна бязмежна пашырыць праграмныя і апаратныя магчымасці любога сучаснага партатыўнага ўстройства за кошт выкарыстання аддаленых вылічальных магутнасцей. Гаворачы простымі словамі, кліенцкае ўстройства не выконвае абсалютна ніякіх аперацый, а толькі атрымлівае вынік выканання па сетцы інтэрнэт.

Распрацаваны і сабраны хлопцам тэлефон, прадстаўлены сёлета, з’яўляецца смартфонам новага пакалення, які не выконвае абсалютна ніякіх вылічальных аперацый, працуючы за кошт аддаленых вылічальных магутнасцей (“аблокаў”).

— Любы ўладальнік такога тэлефона можа выбраць сабе тую аперацыйную сістэму (Android, Windows Phone і г.д.), якая зручна яму. Праект AirPhone — бізнес-перспектыўны. Па маіх прагнозах, кошт смартфона складзе не больш за 50 долараў, пры гэтым магчымасці AirPhone пераўзыходзяць нават самыя дарагія мадэлі смартфонаў, — тлумачыць Уладзіслаў Гадалаў. — AirPhone з’яўляецца адным з самых бяспечных смартфонаў, дзякуючы тэхналогіям Geneсеs SafeData і SmartAuth. Акрамя гэтага, AirPhone спалучае ў сабе мноства іншых, не менш важных магчымасцей. Напрыклад, тэхналогію Geneces AirPC, з дапамогай якой AirPhone працуе не проста як смартфон, але і сістэмны блок камп’ютара.

Дарэчы, тэлефон атрымаўся даволі сімпатычным і з дызайнерскага пункту гледжання. За кошт выкарыстання воблачных тэхналогій хлопец пашырыў габарыты платы, зменшыў энергаспажыванне, што дазволіла паменшыць памер акумулятара. Таўшчыня тэлефона атрымалася ўсяго 4.9 мм.

Акрамя дыплома I ступені ад навуковага журы ў секцыі “Інфарматыка”, Уладзіслаў атрымаў яшчэ і ўзнагароду карпарацыі Intel за дасягненні ў галіне навук — Intel Excellence in Computer Science. Разам з ім аўтары іншых яркіх конкурсных работ былі адзначаны прызамі партнёраў конкурсу і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Традыцыйна падзякамі і каштоўнымі прызамі ад арганізатараў мерапрыемства адзначаны і педагогі — кіраўнікі даследчых работ навучэнцаў, якія сталі пераможцамі.

У рамках Belarus Science and Engineering Fair таксама прайшлі кірмаш праектаў, фестываль факультэтаў БДУІР, навуковае шоу Ximikids “Вясёлая навука” і публічныя лекцыі маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук, спецыялістаў УВА і незалежных экспертаў.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва МАІРА.