Беларускія школьнікі заваявалі 58 медалёў на XIX Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе

- 15:15Образование

Навучэнцы з Беларусі паспяхова выступілі на XIX Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля Іванова.

Навучэнцы з Беларусі атрымалі 58 медалёў. На спаборніцтвах нашу краіну прадстаўлялі 90 чалавек, з іх 33 змагаліся за ўзнагароды па матэматыцы, 41 — па інфарматыцы і 16 — па фізіцы. Такім чынам, прадстаўнікі каманды Беларусі атрымалі па матэматыцы 4 залатыя медалі, 5 сярэбраных і 10 бронзавых; па фізіцы — 2 сярэбраныя і 4 бронзавыя; па інфарматыцы — 3 залатыя, 8 сярэбраных і 22 бронзавыя.

«Золата» на алімпіядзе па матэматыцы было ў Мацвея Зоркі і Мікіты Шутро з Ліцэя БДУ, Паўла Цітова з сярэдняй школы № 61 Гомеля і Івана Коршунава з гімназіі № 2 Віцебска. У лік залатых прызёраў на алімпіядзе па інфарматыцы трапілі Рыгор Кошман, які прадстаўляў каманду Мазырскага клуба юных пажарных, Уладзімір Марозаў з Ліцэя БДУ і Дзмітрый Гарбатоўскі з гімназіі № 51 Гомеля. Сярод удзельнікаў алімпіяды па фізіцы лепшы вынік (сярэбраныя медалі) атрымалі Раман Плаксіёнак і Ілья Грыдзюшка з Ліцэя БДУ.

Дарэчы, шасцёра вучняў заслужанага настаўніка Беларусі настаўніцы інфарматыкі Веранікі Лакціной з Віцебска атрымалі медалі падчас XIX Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы: Арцём Бельскі (гімназія № 1 Віцебска, «серабро»), Дзмітрый Барчук (гімназія № 2 Віцебска, «бронза»), Артур Рубіш, Андрэй Сабаленка і Настасся Казлова (гімназія № 8 Віцебска, «бронза», «бронза» і «серабро» адпаведна), Захар Захаранкаў (гімназія № 1 Віцебска, «бронза»).

У камандным заліку каманда Ліцэя БДУ заваявала 3-е месца.

Алімпіяда праходзіла з прымяненнем дыстанцыйных тэхналогій з 1 па 10 лютага ў Алматы (Казахстан) на базе Нацыянальнай школы фізікі і матэматыкі. Яна ўнікальная тым, што праводзіцца адразу па трох прадметах сярод спецыялізаваных фізіка-матэматычных школ. Па выніках падводзіцца індывідуальны рэйтынг і рэйтынг наймацнейшых каманд. Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 1200 чалавек з 25 краін.

****

Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда праводзіцца з 2005 г. пад эгідай Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан і з’яўляецца сумесным праектам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Дарын» і Рэспубліканскай спецыялізаванай фізіка-матэматычнай сярэдняй школы-інтэрната для адораных дзяцей імя Арымбека Жаўтыкава. Спаборніцтвы праходзяць з мэтай папулярызацыі фізіка-матэматычных навук сярод навучэнцаў, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва, наладжвання сяброўскіх адносін паміж профільнымі школамі розных краін, абмену вопытам у арганізацыі і правядзенні алімпіяд, дэманстрацыі ўзроўню адукацыі і культуры Казахстана.

Надзея ЦЕРАХАВА