Беларускія цымбалы ў Балгарыі

Мацвей Козар і ансамбль цымбалістаў “Перазвон” атрымалі дыпломы І ступені XIX Міжнароднага дзіцячага фестывалю “Сонца. Радасць. Прыгажосць” (Несебр, Балгарыя), дзе сабралася 2,5 тысячы дзяцей з васьмі краін.

Чацвёртакласнік Мацвей Козар і васьмікласніцы Ангеліна Мацкевіч і Алеся Юшкевіч асвойваюць майстэрства валодання цымбаламі ў сярэдняй школе № 3 Ашмян, дзе вось ужо 25 гадоў функцыянуюць класы з факультатыўнымі заняткамі музычнага, мастацкага, харэаграфічнага кірункаў. Навучэнцы школы ўжо маюць шэраг узнагарод, сярод якіх заслужаныя перамогі на рэспубліканскіх конкурсах “Беларускія таленты”, “Ільвяня”. Дадаліся ўзнагароды і міжнароднага ўзроўню.

Дамагчыся поспеху дзецям дапамаглі педагогі Алена Станіславаўна Козар, Аксана Міхайлаўна Шчарбачэвіч і канцэртмайстар Валянціна Фёдараўна Рэўт. Выкананыя нашымі цымбалістаў творы І. Лучанка “Мой родны кут”, М. Агінскага “Паланэз”, п’еса А. Безенсона з сюіты “Свет цацак” выклікалі захапленне ў журы і слухачоў.
Удзел у фестывалі атрымалася сумясціць з незабыўным адпачынкам на марскім курорце Сонечны бераг. Экскурсіі, культурныя праграмы, конкурсныя выступленні, новыя сябры — усё гэта дало стымул для новых планаў у наступным навучальным годзе.

Галіна ЯСКЕЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.