Беларускія вытворцы прадэманстравалі магчымасці

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў адкрылі ў Ташкенце выставу беларускіх вытворцаў Made in Belarus.

Тэматычныя экспазіцыі расказваюць аб развіцці ў Беларусі такіх галін, як машынабудаванне і транспарт, хімія і нафтахімія, будаўніцтва і дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка і харчаванне, ахова здароўя і фармацэўтыка, лёгкая прамысловасць, навука і тэхналогіі, адукацыя, спорт і турызм. Усяго ў выстаўцы ўдзельнічае больш за 150 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый.

Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў асаблівую ўвагу ўдзялілі стэндам вядомых прамысловых прадпрыемстваў: Беларускага аўтамабільнага завода, Мінскага аўтамабільнага завода, “Белшыны”, “Белкамунмаша”. Спыніліся яны і каля экспазіцый “Гарызонту”, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук, канцэрнаў “Беллегпрам” і “Белдзяржхарчпрам”.

На выстаўцы прэзідэнты не проста заслухоўвалі даклады аб прадукцыі, якая выпускаецца на прадпрыемствах. Кіраўнікі дзяржаў разам з бізнесменамі абмяркоўвалі магчымыя сумесныя праекты і тут жа давалі даручэнні адказным асобам прапрацаваць іх. Размова, у прыватнасці, ішла аб пастаўках прадукцыі, арганізацыі зборачных і перапрацоўчых вытворчасцей, стварэнні лагістычных цэнтраў.

Каля стэнда “Камунаркі” Аляксандр Лукашэнка пачаставаў свайго калегу беларускім шакаладам “Прэзідэнт”, прадпрыемства ўручыла Шаўкату Мірзіёеву падарункавы набор ласункаў. Узбекістанскага лідара пачаставалі таксама беларускім квасам.

Затым кіраўнікі дзяржаў наведалі выстаўку беларускай пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Побач разгарнулася экспазіцыя ўзбекскіх харчовых тавараў. Тут былі прадстаўлены вырашчаныя ў краіне ягады, агародніна, фрукты, арэхі, а таксама нацыянальныя ласункі, сухафрукты, алкагольныя напіткі і іншыя прадукты. Прэзідэнты абмеркавалі пытанні ўзаемных паставак харчовых тавараў, супрацоўніцтва мытных органаў у гэтай сферы.

Дэманстравацца лепшыя дасягненні беларускай эканомікі будуць на пляцоўцы нацыянальнага выставачнага комплексу “Узэкспацэнтр” да 19 верасня.