Дзяўчаты з Жодзіна зачаравалі журы і публіку міжнароднага конкурсу ў Балгарыі. Валянціну Паўлаву называлі “жамчужынай фестывалю”, а Любе Кляцко публіка ў зале апладзіравала стоячы.
“Морска перла” — міжнародны конкурс-фестываль мастацтва, які праходзіў у Балгарскім горадзе Ахелой. Сюды, на бераг Чорнага мора, прыехалі ўдзельнікі з 11 краін свету. Конкурс-фестываль дае магчымасць адораным маладым людзям і дзяўчатам праявіць свае таленты ў розных намінацыях: вакал, харэаграфія, тэатральнае, кіна- і фотамастацтва, жывапіс, інструментальная музыка і арыгінальны жанр.
Нашы дзяўчаты прымалі ўдзел у песенным конкурсе. Васьмігадовую Любу Кляцко шматнацыянальная публіка сустракала авацыямі. Маленькая спявачка, выхаванка ўзорнай студыі эстраднай песні “Голд”, зачаравала ўсіх не толькі цудоўным голасам-званочкам, але таксама сваёй непасрэднасцю і ўпэўненасцю. І гэта нягледзячы на тое, што дзяўчынцы выпала нялёгкая задача выступаць першай у сваёй узроставай групе. Песні “Спявай, беларуска” і “Алоўкі” разам з Любай падпявалі нават тыя, хто не ведае ні слоў гэтых музычных твораў, ні нават рускай мовы. У выніку Люба заняла 2 месца ва ўзроставай катэгорыі 7—11 гадоў.
Студэнтка БДУ Валянціна Паўлава выбрала для выступлення песні з рэпертуару Крысціны Агілеры і Лары Фабіян. І не памылілася. Валя стала не толькі пераможцай у вакальным конкурсе, але і ўладальніцай гран-пры ўсяго фестывалю “Морска перла”, а таксама неафіцыйнага звання “жамчужыны фестывалю”. Сакрэтам свайго поспеху Валянціна дзеліцца ахвотна: “Пасля кожнага выступлення, кожнай перамогі я зноў і зноў павышаю планку патрабаванняў да сябе і імкнуся яе дасягнуць. Гэтаму нас вучаць у народнай студыі эстраднай песні “Сярэбраная трэль”. Нашы педагогі — кіраўнік студыі Нэлі Амбарцумян і прадзюсар харэограф Нарыяна Гаспаран — з першых дзён патрабуюць ад нас дасканаласці ў кожным гуку, кожным руху, вучаць нас быць артыстам кожнае імгненне на сцэне”.
“Морска перла” з балгарскай мовы перакладаецца як марская жамчужына. Менавіта жамчужыны мастацтва — рэдкія, унікальныя, вытанчаныя і шукалі на конкурсе-фестывалі. Знайшлі іх мноства, і дзве самыя прыгожыя — з Беларусі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.