Беларусы — на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства

- 11:13World Skills

У суботу вечарам беларуская каманда прыбыла ў сталіцу Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў для ўдзелу ў чэмпіянаце WorldSkills Asia — Abu Dhabi — 2018. Нашы ўдзельнікі будуць дэманстраваць прафесійнае майстэрства на адной пляцоўцы з прадстаўнікамі Паўднёвай Карэі, Індыі, Японіі, Германіі, ЗША і іншых краін свету.

Фота да матэрыялу: Беларусы — на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства.Навучэнцы ўстаноў адукацыі і маладыя рабочыя з Беларусі пакажуць навыкі па 8 прафесійных кампетэнцыях, пераважна ІТ-напрамкаў.

— Для нас гэта надзвычай важна, бо згаданыя кампетэнцыі супадаюць з напрамкамі развіцця лічбавай эканомікі Беларусі, устаноў адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў у гэтай сферы, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.

Фота да матэрыялу: Беларусы — на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства.Спаборніцтвы ў Абу-Дабі – вельмі адказны этап у падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які пройдзе ў 2019 годзе ў Казані (Расія). Тут удзельнікі могуць не толькі выпрабаваць сваё прафесійнае майстэрства, але і псіхалагічную ўстойлівасць, бо чакае сур’ёзная канкурэнтная барацьба.

— Мы не ставілі абавязковай мэтай атрыманне медалёў, — сказаў Валерый Мікалаевіч, — больш важна напрацаваць навыкі па кожнай з кампетэнцый, завесці новыя кантакты для нашых экспертаў, што будзе садзейнічаць далейшаму супрацоўніцтву і развіццю. Канкурсанты, якія выступяць у Казані, вельмі хутка (па прычыне ўзросту) пакінуць рух WorldSkills, а эксперты застануцца. І яны нарошчваюць свой вопыт, каб у будучыні перадаць новым канкурсантам.

Удзел Беларусі ў міжнародным руху WorldSkills і знаёмства з лепшым сусветным вопытам уплывае на змест прафесійнай адукацыі, адбываюцца адпаведныя змены ў вучэбных планах і праграмах. Асабліва гэта закранула кампетэнцыі, звязаныя з машынабудаўнічым профілем, зварачнымі тэхналогіямі, ІТ.

— Сёння, развіваючы рэсурсныя цэнтры, мы арыентуемся на ўзровень міжнародных чэмпіянатаў, стараемся аснасціць іх у адпаведнасці з сусветнымі стандартамі. Усё гэта павышае ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, — адзначыў Валерай Мікалаевіч.

Фота да матэрыялу: Беларусы — на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства.У нядзелю ў канкурсантаў WorldSkills Asia вольны дзень: яны трэніруюцца і псіхалагічна рыхтуюцца да спаборніцтваў. У панядзелак з раніцы пройдзе лёсаванне, дзе будзе вызначана працоўнае месца кожнага ўдзельніка, а ўвечары — урачыстае адкрыццё. Спаборніцтвы пачнуцца ў аўторак, 27 лістапада.

А вось эксперты пачалі працаваць ужо ў нядзелю. Іх задача напярэдадні конкурсу — абмеркаваць прапанаваныя заданні і, магчыма, унесці ў іх змяненні, азнаёміцца з крытэрыямі ацэньвання, а таксама з тэхнікай бяспекі на конкурснай пляцоўцы. Тут усё як на вытворчасці, таму за грэбаванне правіламі бяспекі канкурсанты пазбаўляюцца балаў.

Фота да матэрыялу: Беларусы — на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства. Фота да матэрыялу: Беларусы — на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства.Такім чынам, найбліжэйшыя дні абяцаюць быць вельмі насычанымі і цікавымі. Абу-Дабі, які летась правёў міжнародны чэмпіянат WorldSkills, мае намер і сёлета паўтарыць такое ж яркае і маштабнае свята — свята майстэрства і прафесіяналізму. На конкурсных пляцоўках чакаецца шмат гасцей з ліку вытворцаў, выкладчыкаў і навучэнцаў прафесійных школ, дзяцей. Акрамя ўсяго, WorldSkills — гэта вялікі прафарыентацыйны праект, закліканы паказаць моладзі, што рабочыя прафесіі — гэта цікава і перспектыўна, а калі дасягнуць у іх пэўнага майстэрства — то яшчэ і вельмі прыгожа.

Галіна СІДАРОВІЧ,
Абу-Дабі.
Фота аўтара.