Беларусы ў Карэліі: лёс землякоў пасля савецка-фінскай вайны

Патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладзе лёсаў былых непаўналетніх вязняў фашызму абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у анлайн- і афлайн-фармаце па ініцыятыве Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Беларускай асацыяцыяй былых непаўналетніх вязняў фашызму. Цэнтральнай тэмай размовы стаў лёс беларусаў, якія перасяліліся ў Карэлію пасля заканчэння савецка-фінскай вайны.

Удзельнікі круглага стала слухаюць выступленне Г.І.Змушко.

У гісторыі беларускага народа шмат драматычных і маладаследаваных старонак. Адной з іх з’яўляецца перасяленне нашых землякоў у Карэла-Фінскую ССР у 1940 годзе. Цікавасць да гэтай тэмы ўзнікла ў шырокіх колах грамадства ў мінулым годзе, у 80-ю гадавіну заканчэння савецка-фінскай вайны. Тады прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, навукоўцы, малалетнія вязні канцлагераў, створаных фінамі на захопленых тэрыторыях, узнялі пытанне аб увекавечанні памяці беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы. На грамадскую ініцыятыву адгукнулася і Міністэрства адукацыі.

“Гераічныя і трагічныя прыклады айчыннай гісторыі сталі надзейнай асновай патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну — найважнейшая задача сённяшняга дня. Разам з тым існуюць яшчэ малавывучаныя старонкі ваеннай гісторыі нашай краіны і Расійскай Федэрацыі. Адна з такіх старонак — лёс беларусаў, якія апынуліся ў Карэла-Фінскай ССР у выніку перасялення пасля савецка-фінскай вайны, а таксама былых вязняў фінскіх канцлагераў у гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку беларусаў. На круглым стале будуць акрэс­лены маладаследаваныя тэмы беларускай гістарыяграфіі. Прадугледжана прэзентацыя кніг “Беларусы ў Карэліі” і “Фінскі капкан”, — паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Нашым суайчыннікам, якія апынуліся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Карэла-Фінскай ССР, давялося адчуць на сабе ўсе жахі акупацыйнага рэжыму. Доўгі час гэтая тэма з’яўлялася белай плямай у айчыннай гістарыяграфіі. Сёння ж намаганнямі даследчыкаў, архівістаў праведзена вялікая праца па запаўненні дадзенага прабелу фактамі з успамінаў відавочцаў тых падзей, а таксама архіўнымі дакументамі. Работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца, у тым ліку па выяўленні дакументаў у сямейных архівах былых вязняў і сведкаў падзей. Дзейсную дапамогу навукоўцам могуць аказаць настаўнікі-краязнаўцы.

Кіраўнік валанцёрскага клуба здзяйснення жаданняў БДУ А.В.Кулюкіна з кнігай М.І.Дзенісевіча «Фінскі капкан».

“У кантэксце патрыятычнага выхавання моладзі важнае значэнне мае непасрэдная сустрэча з жывымі сведкамі. На жаль, тых, хто са зброяй у руках адстойваў нашу свабоду, хто каваў перамогу ў тыле, засталося вельмі мала, таму асаблівае значэнне для выхавання падрастаючага пакалення маю ць успаміны непасрэдных удзельнікаў тых па­дзей, дзяцей вайны, асабліва тых, каму выпала вельмі страшная, недзіцячая доля — быць ахвярамі канцлагераў. Такія непасрэдныя зносіны па эмацыянальным, псіхалагічным уздзеянні могуць быць нашмат мацнейшымі, чым самыя высокамастацкія кінастужкі, дакументальныя стужкі, літаратурныя або пуб­ліцыстычныя творы”, — падзялілася саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспуб­ліцы Беларусь Надзея Васільеўна Калініна.

Удзельнікам круглага стала пашчасціла правесці яркую, незабыўную, эмацыянальную сустрэчу з Галінай Ігнацьеўнай Змушко, былым малалетнім вязнем, старшынёй праўлення Першамайскай раённай арганізацыі сталіцы Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму, удзельнікам творчага калектыву “Лёсы”. Разам з іншымі супрацоўнікамі арганізацыі Галіна Ігнацьеўна праводзіць міратворчую, выхаваўчую і патрыятычную работу сярод моладзі. Удзельнікі калектыву “Лёсы”, які стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзея­чам культуры і мастацтва за захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну і патрыятычнае выхаванне моладзі, часта сустракаюцца з вучнямі і настаўнікамі, праводзяць сумесныя патрыятычныя акцыі “Не фашызму! Дзяцінства без вайны!”, “Залатое кола памяці”, “Дзяцінства, апаленае вайной”, а таксама ўрокі мужнасці. “Пра сваё дзяцінства я мала што памятаю, бо мне было 3 гады і 3 месяцы, калі я апынулася за калючым дротам. Тое, што адбывалася, я, дзіця, не разумела. Калі вярнулася на Ра­дзіму пас­ля вызвалення, то ўпершыню даведалася, што была ў канцлагеры. Ужо потым пра канц­лагер мне расказаў брат Мікалай Ігнацье­віч Дзенісевіч. У тыя страшныя часы мы змаглі выжыць дзякуючы маме, якая нас, чацвярых дзяцей, змагла ўрата­ваць”, — падзя­лілася Галіна Ігнацьеў­на.

Па словах хроснай дачкі аўтара кнігі “Фінскі капкан” М.І.Дзенісевіча Таісіі Канстанцінаўны Пужэвіч, у нашай гісторыі быў час, калі пра лёс вязняў фашысцкіх канцлагераў практычна не гаварылі. “Доўгія гады, жывучы побач, я не ведала, што сям’я майго хроснага бацькі з першых месяцаў вайны апынулася за калючым дротам фінскага канцлагера ў далёкай Карэліі і больш за тысячу дзён і начэй змагалася за жыццё. Аповед Мікалая Ігнацьевіча, які спазнаў нечалавечы голад і холад, страх і прыніжэнні, да глыбіні душы ўразіў мяне, і з таго часу я як дачка ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны (мой тата — марскі пехацінец, абараняў блакадны Ленінград, мама ў званні малодшага сяржанта тэхнічнай службы дайшла да Берліна) стараюся праяўляць клопат і ўвагу да людзей, якія спазналі жахі той страшнай вайны”.

Беларусам, якія апынуліся ў Карэла-Фінскай ССР у 1940 годзе, давялося адчуць усе жахі акупацыйнага рэжыму. Доўгі час гэтая тэма была белай плямай у айчыннай гістарыяграфіі. Сёння ж намаганнямі даследчыкаў, архівістаў праведзена значная работа па запаўненні прабелу фактамі з успамінаў відавочцаў тых падзей, а таксама архіўнымі дакументамі. Работа ў гэтым напрамку працягваецца. Перспектыўным з’яўляецца выяўленне дакументаў у сямейных архівах былых вязняў фінскіх канцлагераў. Актыўную дапамогу навукоўцам могуць аказаць настаўнікі-краязнаўцы.

Пасля вяртання ў Беларусь Мікалай Ігнацьевіч паступіў у медыцынскі інстытут, стаў дзіцячым доктарам. І гэта было невыпадкова. У канцлагеры яму даводзілася напаўжывыя або мёртвыя дзіцячыя целы скідваць у ямы. Гэтыя жудасныя моманты і прадвызначылі прафесійны лёс Мікалая Ігнацьевіча. Ён стаў доктарам, лячыў дзяцей, абараніў кандыдацкую дысертацыю, доўгія гады працаваў выкладчыкам у медыцынскім універсітэце. Акрамя таго, актыўна заняўся пошукам беларусаў, якія вярнуліся з Карэліі. У яго кнігу “Фінскі капкан” увайшлі шматлікія ўспаміны. Надзейным памочнікам у складанні кнігі была яго сястра Галіна Ігнацьеў­на Змушко.

Настольнай кні­гай для настаў­нікаў, якія вырашаць даследаваць лёс беларусаў-перасяленцаў, можа стаць зборнік “Беларусы ў Карэліі, 1940—1944 гг. Дакументы і матэрыя­лы”, выдадзены Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. “Прыемна, што пытанні, якія сёння асвятляюцца на круглым стале, выклікалі ціка­васць у грамадстве. Наша задача — захаваць унікальную дакументальную спадчыну не толькі для нашчадкаў, але і для сучаснікаў. Архівам выдаецца шмат зборнікаў па трагічных старонках гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У сваёй дзейнасці мы актыўна супрацоўнічаем з калегамі з Расійскай Федэрацыі”, — адзначыў дырэк­тар Нацыяналь­нага архіва Рэспублікі Бе­ларусь Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк.

Ідэя выдання зборніка “Беларусы ў Карэ­ліі, 1940 — 1944 гг. Дакументы і матэрыялы” была прапанавана яшчэ ў 2007 годзе сумесна з карэльскім архівам. Акрамя М.І.Дзенісевіча, гэтая тэма ў Беларусі практычна нікім не вывучалася. Адна з прычын — многія архіўныя матэрыялы былі страчаны ў перадваенны і ваенны перыяд. У асноўным захаваліся дакументы ў фондах архіва ЦК КПБ, які быў эвакуіраваны. У зборніку прадстаўлены дакументы пераважна Нацыянальнага архіва Рэспуб­лікі Беларусь, а таксама абласных архіваў. Увага засяродж­ваецца на тым, як было арганізавана перасяленне беларусаў пас­ля заканчэння савецка-фінскай вайны на тэрыторыю, што засталася практычна без насельніцтва. Шмат пытанняў па гэтай тэме патрабуюць далейшага вывучэння. Напрыклад, невядома дакладная колькасць беларусаў, якія перасяліліся. Яшчэ адной белай плямай у айчыннай гістарыяграфіі з’яўляецца ўдзел беларусаў у савецка-фінс­кай вайне. Таму загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Бе­ларусі Аляксей Міхайлавіч Літвін прапанаваў настаўнікам актывізаваць даследчую работу па гэтай тэме на месцах, збіраць звесткі і дзяліцца імі з навукоўцамі.

“Установамі адукацыі нашай краіны праводзіцца велізарная работа па захаванні гістарычнай памяці пра падзеі ваеннай гісторыі, у першую чаргу Вялікай Айчыннай вайны. Настаўнікамі і вучнямі сабрана шмат малавядомых звестак пра партызанскія атрады, падпольныя групы, ваенныя злучэнні, устаноўлены асобныя біяграфічныя звесткі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, увекавечаны імёны землякоў. Гэтая работа сістэмная, і яна будзе працягнута. Цяпер Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, які з’яўляецца арганізатарам шэрага конкурсаў, акцый патрыятычнай накіраванасці, каардынуе пошукавую дзейнасць, працуе над стварэннем адзінай платформы па патрыятычным выхаванні моладзі”, — адзначыла, падводзячы вынікі круглага стала, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ула­дзіміраўна Ануфровіч.

Першая палова ХХ стагоддзя ў гісторыі беларускага народа напоўнена драматычнымі старонкамі. Адна з іх — лёс беларусаў, пераселеных у Карэла-Фінскую ССР у 1940 годзе. У гэтай тэме яшчэ шмат белых плям, а значыць, краязнаўцаў чакае шмат работы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва РЦЭіК.