Беларусы ў лічбах: старэй на пару гадоў, але крыху здаравей

- 12:33Сацыяльны ракурс

Сярэдняя працягласць жыцця беларусаў паступова расце, але па-ранейшаму мужчыны паміраюць на 10 гадоў раней за жанчын. З кожным годам нараджальнасць павялічваецца, аднак нацыя няўмольна старэе. Гэтыя і іншыя парадоксы сённяшняй дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне — у матэрыяле нашага карэспандэнта.

На 1000 мужчын — 1150 жанчын

Дэмаграфічная сітуацыя ў краіне ў апошнія гады набыла пэўныя станоўчыя тэндэнцыі. На працягу доўгага перыяду — амаль 20 гадоў — колькасць насельніцтва Беларусі змяншалася. І толькі ў 2013 годзе ўпершыню за доўгі час колькасць жыхароў краіны павялічылася. Гэтая станоўчая тэндэнцыя мела працяг і ў мінулым годзе. Летась колькасць насельніцтва павялічылася амаль на 13 тысяч і склала 9 млн 481 тысячу чалавек. Праўда, як адзначыла Алена Іванаўна Кухарэвіч, намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, вызначальным фактарам росту сталі міграцыйныя патокі. Гэта і кампенсавала натуральнае змяншэнне насельніцтва.
— На працягу 20 гадоў у краіне назіраецца працэс дэпапуляцыі — перавышэння колькасці памерлых над колькасцю народжаных. Самым нядобранадзейным у гэтым сэнсе быў 2002 год, калі натуральнае змяншэнне складала 58 тысяч чалавек. Але гэтыя дэмаграфічныя “нажніцы” імкліва скарачаюцца, — адзначыла Алена Іванаўна. — У параўнанні з 2010 годам адзначаецца скарачэнне натуральнага змяншэння насельніцтва аж у 10 разоў. Пры гэтым у двух рэгіёнах — Брэсцкай вобласці і Мінску — нават адзначаецца натуральны прырост насельніцтва. Натуральны прырост зафіксаваны таксама ў 83 са 113 гарадоў і ў 27 з 90 пасёлкаў гарадскога тыпу. Сярод сельскага насельніцтва натуральны прырост адзначаны ў 2 раёнах — Мінскім і Брэсцкім.
Дарэчы, у мінулым годзе гэтыя дэмаграфічныя “нажніцы” скарачаліся за кошт змяншэння колькасці памерлых — гэта таксама адна з пазітыўных тэндэнцый апошняга часу.
— Смяротнасць у краіне змяншаецца. У 2014 годзе памерла 121,5 тысячы чалавек. Гэта на 3,8 тысячы менш, чым у 2013 годзе, і на 15,6 тысячы менш, чым у 2010 годзе. Зніжэнне колькасці памерлых назіраецца ва ўсіх рэгіёнах, — прывяла даныя Алена Іванаўна. — Але, як і раней, мужчын сярод памерлых амаль на 5% больш. Пры гэтым з усёй колькасці памерлых мужчын трэцяя частка знаходзілася ў працаздольным узросце. Сярод памерлых жанчын у працаздольным узросце было 7,5%. Іншымі словамі, мужчыны ў працаздольным узросце паміраюць у 4,4 разу часцей, чым жанчыны.
Традыцыйна самай распаўсюджанай прычынай смерці з’яўляецца смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту. Па гэтай прычыне памерла 55,5% ад агульнай колькасці. На другім месцы — смяротнасць ад анкалагічных захворванняў. Летась па гэтай прычыне не стала каля 17 тысяч чалавек.
У працаздольным узросце вядучай прычынай смяротнасці таксама з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту. На другім месцы — знешнія прычыны, на трэцім месцы — анкалагічныя захворванні.
У выніку большай смяротнасці мужчын па-ранейшаму жанчын у краіне значна больш, чым мужчын, пры тым што традыцыйна на 100 дзяўчынак нараджаецца 104—105 хлопчыкаў.
— У сярэднім па краіне на пачатак гэтага года на 1000 мужчын прыпадалі 1150 жанчын, прычым у гарадской мясцовасці — 1167 жанчын, у сельскай мясцовасці — 1095 жанчын, — адзначыла А.І.Кухарэвіч. — І гэта пры тым, што суадносіны дзіцячага насельніцтва захоўваюцца на карысць хлопчыкаў: так, на 1000 хлопчыкаў ва ўзросце да 15 гадоў прыходзяцца 945 дзяўчынак. Аднак ужо да 34 гадоў больш высокая смяротнасць мужчын прыводзіць да прыкладнай роўнасці палоў, пры гэтым дыспрапорцыя на карысць жанчын у гарадской мясцовасці пачынаецца з 29 гадоў, у сельскай — з 59 гадоў.

Прыярытэты змяніліся

Пачынаючы з 2011 года павялічваецца колькасць народжаных у краіне. Калі ў 2010 годзе колькасць народжаных складала 108 тысяч чалавек, то, прыбаўляючы кожны год, зараз мы выйшлі на лічбу ў 118,5 тысячы чалавек.
— Каэфіцыент нараджальнасці склаў 12,5. Гэта яшчэ невысокі паказчык, але за апошнія 10 гадоў ён адзін з лепшых, што складваўся ў краіне, — адзначыла Алена Іванаўна. — Пры гэтым павялічваецца інтэнсіўнасць нараджальнасці. Больш за палову народжаных — другія, трэція і наступныя дзеці ў сем’ях.
Аднак, як папярэджваюць спецыялісты, гэтая станоўчая дынаміка ў хуткім часе можа як мінімум замарудзіцца. Справа ў тым, што хутка ў актыўны дзетародны ўзрост пачнуць уступаць адносна малаколькасныя групы жанчын, народжаных у канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў. Гэтыя тэндэнцыі заўважны ўжо сёння. Так, у параўнанні з 2010 годам колькасць жанчын фертыльнага ўзросту — 15—49 гадоў — скарацілася на 181 тысячу чалавек.
Сітуацыя можа ўскладніцца і з-за таго, што ў моладзі сёння змяніліся прыярытэты ў сферы шлюбна-сямейных адносін. Маладыя людзі значна пазней сталі ўступаць у шлюб. Жанчыны — у сярэднім у 25 гадоў, мужчыны — у 27. Да таго ж атрыманне адукацыі, прафесіі, эканамічная актыўнасць жанчын прывялі да старэння ўзроставай мадэлі нараджальнасці. За перыяд з 2000 па 2013 год значна скарацілася колькасць нараджэнняў дзяцей на тысячу жанчын ва ўзросце 15—19 гадоў — прыкладна на 20%. Пры гэтым павялічылася колькасць родаў ва ўзросце 25—29 гадоў — у 1,5 разу, 30—34 гадоў — у 2,1 разу, 35—39 гадоў — у 2,6 разу.
Дапаўняе дэмаграфічную карціну ў гэтай сферы краіны паказчык шлюбаў і разводаў. За 2014 год у краіне зарэгістравана 84 тысячы шлюбаў. У параўнанні з мінулым годам на 3,2 тысячы шлюбаў менш. Афіцыйна скасавалі шлюб 35 тысяч сем’яў — амаль на 1,2 тысячы менш, чым у 2013 годзе.
— У мінулым годзе найбольшая колькасць разводаў прыйшлася на сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе 5—9 гадоў, — адзначыла Алена Іванаўна. — Пры гэтым 57% сямейных пар пры разводзе мелі непаўналетніх дзяцей. У выніку 25,5 тысячы дзяцей засталіся ў мінулым годзе без аднаго з бацькоў з-за разводаў.

Нагрузка на працаздольнае насельніцтва павялічваецца

Разам з тым, нягледзячы на павелічэнне нараджальнасці, у цэлым у краіне адзначаецца агульнае старэнне насельніцтва. У выніку павялічваецца сярэдні ўзрост жыхароў Беларусі. На пачатак 2015 года сярэдні ўзрост мужчын склаў 37,2 года, жанчын — 42,4 года (для параўнання: паводле перапісу насельніцтва 1999 года было 34,5 і 39,3 адпаведна). Пры гэтым сярэдні ўзрост жыхароў планеты складае 29 гадоў, Еўропы — 39,9 года.
У выніку ўзрастае пенсіённая нагрузка на працаздольнае насельніцтва.
— Асноўнай тэндэнцыяй змены ўзроставай структуры насельніцтва з’яўляецца павелічэнне долі насельніцтва ва ўзросце, старэйшым, чым працаздольны, і памяншэнне ва ўзросце, маладзейшым, чым працаздольны, — заўважыла прадстаўнік Нацыянальнага статыстычнага камітэта. — Пры гэтым колькасць людзей ва ўзросце, старэйшым за працаздольны, у агульнай колькасці насельніцтва расце больш хуткімі тэмпамі, чым колькасць людзей ва ўзросце, маладзейшым за працаздольны.
Так, у краіне на пачатак 2015 года колькасць асоб ва ўзросце, маладзейшым за працаздольны, склала 1,6 млн чалавек. Колькасць жа насельніцтва ва ўзросце, старэйшым за працаздольны, на пачатак бягучага года дасягнула 2,3 млн чалавек. У выніку сёння амаль кожны чацвёрты жыхар краіны — ва ўзросце, старэйшым за працаздольны, у той час як у 2000 годзе ім быў амаль кожны пяты.
— Доля насельніцтва ў працаздольным узросце па-ранейшаму дастаткова вялікая, хоць назіраецца тэндэнцыя змяншэння, — працягнула Алена Іванаўна. — На пачатак бягучага года колькасць гэтай узроставай групы насельніцтва склала 5,6 млн чалавек (58,6% ад агульнай колькасці насельніцтва) і за год паменшылася на 63 тысячы чалавек. Праблематычна ў будучыні бачыцца сітуацыя з папаўненнем працоўных рэсурсаў. Гэта абумоўлена тым, што ў працаздольны ўзрост будуць уступаць малаколькасныя групы дзяцей, народжаныя ў канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў. На пачатак гэтага года колькасць 15-гадовых падлеткаў, якія праз год дасягнуць працаздольнага ўзросту, склала 91 тысячу чалавек, а людзей, якiя выбываюць з гэтага ўзросту (59-гадовых мужчын і 54-гадовых жанчын), налічваецца 142 тысячы.
У далейшым дыспрапорцыя яшчэ больш узмоцніцца: колькасць дзяцей, якія знаходзяцца зараз ва ўзросце 10—14 гадоў, складае 443 тысячы, а колькасць насельніцтва перадпенсіённага ўзросту (5 гадоў да выхаду на пенсію) — 720 тысяч чалавек.
Прамым наступствам дэмаграфічнага старэння насельніцтва з’яўляецца змяненне ў структуры нагрузкі на працаздольнае насельніцтва. Паказчык пенсіённага цяжару на 1000 асоб працаздольнага ўзросту ўзрос з 370 чалавек, старэйшых за працаздольны ўзрост, у 2000 годзе да 403 чалавек у 2014 годзе.

Алена МАРКЕВІЧ.