Беларусы выбіраюць сваё, роднае, самабытнае

Так ласкава і адначасова паважліва назваў сваю рубрыку, дзе расказваецца пра гісторыю, бытаванне ў роднай мове самабытных беларускіх слоў вядомы беларусазнавец Уладзімір Куліковіч. Яго серыя з дваццаці навукова-папулярных артыкулаў (менавіта столькі на працягу 2015 года выйшла ў рубрыцы “Беларускае слоўка” на старонках газеты “Вячэрні Мінск”) стала пераможцай народнага галасавання ў конкурсе для журналістаў “Аб адукацыі — нефармальна”. За гэтыя артыкулы свой голас аддаў 51% інтэрнэт-карыстальнікаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні. Такая ўпэўненая перамога стала добрай нагодай паразважаць з Уладзімірам Куліковічам аб феномене беларускага слоўка.

— Уладзімір Іванавіч, віншую вас! Прызнанне аўдыторыі многага вартае. Як вы лічыце, ці можна расцэньваць вашу перамогу ў народным галасаванні як цікавасць беларусаў да сваёй мовы, да сваіх каранёў?

— Часткова гэта так. Сёння нямала людзей у Беларусі, якім даспадобы беларуская мова, творчасць на беларускай мове, гучанне беларускага слова. Людзей, якія разумеюць, што эпоха станаўлення сістэмы значэнняў нацыянальнай мовы — гэта эпоха адлюстравання ў словах асаблівасцей псіхалогіі народа, яго светаўспрымання, культурна-этнаграфічных традыцый.

Аднак не будзем адкідаць і той фактар, што сярод тых, хто аддаў свой голас за серыю беларускіх слоўкаў, былі і тыя, хто галасаваў проста за Куліковіча, тыя, з кім зводзіў мяне лёс. А гэта настаўнікі, алімпіяднікі, студэнты, калегі з універсітэта, землякі з Ашмяншчыны і суседзі з роднай вёскі Станцыі Ашмяны, дзе я быў, калі ішло галасаванне.

— “Беларускае слоўка” атрымалася сапраўды цікавым і пазнавальным. Наўрад ці многія ведаюць такія словы, як радзюжка, ушчэп, філіжанка, нішчымніца… Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя стварыць такую рубрыку?

— З 90-х гадоў мінулага стагоддзя, адразу пасля заканчэння філфака БДУ, як толькі пачалася творчая біяграфія, мне неаднойчы даводзілася праца-ваць з настаўнікамі на курсах павышэння кваліфікацыі, са школьнікамі падчас правядзення алімпіяд, у складзе журы разнастайных конкурсаў. Працаваў і з дарослай аўдыторыяй, якая не мела філалагічнай адукацыі (маю на ўвазе курсы, на якіх знаёміў грамадскасць з новымі правіламі беларускай арфаграфіі). Падчас такіх сустрэч заўважаў, што нашы людзі з цікавасцю ўспрымаюць інфармацыю пра гісторыю слоў, што заняткі, на якіх раскрываеш таямніцы паходжання і функцыянавання слова, прыносяць (думаю, настаўнікі мяне зразумеюць) асобае маральнае задавальненне. З таго часу і з’явілася задума стварыць своеасаблівую энцыклапедыю беларускіх слоў. Рэалізоўваць яе пачаў у 2013 годзе дзякуючы зацікаўленасці тагачаснага галоўнага рэдактара газеты “Вячэрні Мінск” Вольгі Аляксандраўны Шпілеўскай. У многім дзякуючы ёй гэтая рубрыка працягваецца і зараз — ужо ў газеце “Мінская праўда”.

У 2017 годзе Уладзімір Куліковіч разам са студэнтамі спецыяльнасці “Выдавецкая справа” факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый БДТУ мае намер прэзентаваць некалькі праектаў, звязаных з тэкстамі рубрыкі “Беларускае слоўка”. Так, у планах выпусціць падарункавае ілюстраванае выданне (рабочая назва — “100 словак беларускай мовы”) з перакладамі матэрыялаў рубрыкі на англійскую мову. Ёсць думкі выдаць вучэбнае выданне для школьнікаў, у якім пасля аповеду пра слова будуць змяшчацца тэставыя заданні на засваенне прачытанага і вывучэнне новага. Аўтар рубрыкі “Беларускае слоўка” працуе і над тым, каб свет убачыла мультымедыйнае выданне з адзнятымі відэаролікамі пра кожнае слоўка.

“Застаецца дробязь — знайсці фундатараў, якія б прафінансавалі выданне ўсіх гэтых праектаў”, — гаворыць Уладзімір Куліковіч.

— З 2013 года, калі з’явілася рубрыка, тлумачэнні атрымалі ледзь не 70 слоў. Першым, пра якое вы расказалі чытачам, стала слова “талака”. Чаму выбар паў менавіта на яго?

— Выбар першага слова тлумачыцца проста: яно паказвае сувязь народнай культуры і мовы. Сваёй формай і гучаннем яно дэманструе адметную рысу нашага вымаўлення — аканне, а глыбінны сэнс яго ўключае добразычлівасць, гасціннасць, шчодрасць, працавітасць нашага народа. Мабыць таму па-руску растлумачыць гэтае слова можна толькі апісальна — “коллективная помощь при выполнении сложных работ”.

— Уладзімір Іванавіч, беларуская мова багатая на сакавітыя словы. Якімі прынцыпамі вы кіруецеся пры падборы слоў для сваёй рубрыкі?

— Крыніц для выбару слоў некалькі. Адна з асноўных — творы мастацкай літаратуры, якія вывучаюцца ў школах і ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Аднак арыентуюся і на песні, якія гучаць па радыё, на тэлебачанні. Нярэдка цікавыя словы падказваюць настаўнікі, калегі з універсітэта. З пытаннямі аб значэнні слоў звяртаюцца ў лістах і чытачы. Напрыклад, па просьбе трох сябровак (да перасялення ў Мінск пасля чарнобыльскай аварыі яны жылі ў вёсцы Аравічы, што ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці) расказаў аб паходжанні і значэнні назвы іх роднага населенага пункта.

Звярну ўвагу, што сярод слоў, якія разглядаюцца ў “Беларускім слоўку”, шмат агульнаўжывальных, пры гэтым у быце вы іх рэдка пачуеце. Прадстаўлены і словы, якія нашымі слоўнікамі кваліфікуюцца як размоўныя ці дыялектныя, аднак, магчыма, праз пэўны час яны набудуць статус агульнаўжывальных.

— Сваім чытачам вы раіце ўжываць беларускія слоўкі ў штодзённым маўленні, напрыклад, паспрабаваць заказаць філіжаначку ў кавярні. Ці заўсёды правільна разумелі вас, калі вы звярталіся да нашых землякоў, выкарыстоўваючы нашы родныя словы? Магчыма, у вашым жыцці быў нейкі камічны выпадак?

— Перш чым расказваць пра нейкае слоўка ў газетнай рубрыцы, я правяраю, ці ведаюць яго мае знаёмыя і сябры з розных мястэчак Беларусі. Самыя звычайныя людзі — без спецыяльнай гуманітарнай, тым больш філалагічнай адукацыі. Калі бачу, што не, гэты факт становіцца падставай узяцца за пяро.

А цікавых момантаў са слоўкамі было безліч. Напрыклад, падчас уступных экзаменаў ва ўніверсітэт жылі ў мяне ў Мінску дзве дзяўчынкі-сваячкі: адна — з Жупран, што на Гродзеншчыне, другая — з Клеччыны, што ў Мінскай вобласці. Адным ранкам на кухні яны разам гатавалі снеданне. І вось мая жупранская зямлячка (Жупраны знаходзяцца ў Ашмянскім раёне, адкуль я родам) кажа: “Я буду крышыць цыбулю. Віка, падай дэнца”. Што толькі ні падавала Віка: і каструлю, і патэльню, і кубак, толькі не дошчачку для наразання, бо не гавораць так пад Клецкам.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ — паважаная асоба сярод настаўнікаў. Многія ведаюць яго як распрацоўшчыка і арганізатара ўсіх этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, як аўтара кніг “Беларускі правапіс”, “Сучасная беларуская арфаграфія”, “Алімпіяды па беларускай мове”.

Сёння з вядомым беларусазнаўцам, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта знаёмім як з аўтарам рубрыкі “Беларускае слоўка”.

— Уладзімір Іванавіч, а ці знойдзецца слова, якое стане новым і для вас?

— Нагоды для адкрыццяў заўсёды мноства. Я радуюся любому новаму слоўку, пачутаму ад людзей, пачэрпнутаму з пісьмовага маўлення. Памятаеце радкі з песні “А я тую барабулю па стале качаю, на прыпечку варэнікі, я на іх міргаю”? Прызнаюся, я не ведаў, што ж качае герой гэтай песні. Аказалася бульбу. Так гавораць на Магілёўшчыне. У нашай мясцовасці другі хлеб так не называлі.

— Ведаю, што весці рубрыку вы працягнеце. З якімі яшчэ словамі пазнаёміцца беларускі чытач?

— Хочацца знаёміць з тымі словамі, якія могуць спатрэбіцца ў гутарцы сучаснаму карыстальніку мовы або дапамогуць зразумець папулярныя беларускія тэксты песень, казак, калыханак, загадак, буйных мастацкіх твораў. Будуць і ўстарэлыя словы (напрыклад, каганец, асвер), якія, магчыма, у перспектыве змогуць стаць агульнаўжывальнымі, як стала, напрыклад, са словамі “прызба”, “бровар”. Планую расказаць і пра новыя словы тыпу далькажык, якія, хоць і з’явіліся нядаўна, ужо актыўна выкарыстоўваюцца.

— Дарэчы, Уладзімір Іванавіч, як вы ставіцеся да новых слоў, да таго ж далькажыка як дублета да паняцця “мабільны тэлефон”? Вакол такіх слоў, як правіла, разгараюцца вялікія дыскусіі…

— Я вітаю любое новае слова, якое з’яўляецца ў мове, бо наватворы — нармальны прадукт жыццядзейнасці мовы, гэта вынік творчай працы і, адпаведна, часцінка культуры. Аднак трэба разумець, што дасягаць паўнавартаснай камунікацыі можна толькі тады, калі суразмоўцы адэкватна разумеюць сказанае. Таму, калі ёсць жаданне ствараць ці ўводзіць новыя словы, варта разумець, што іх гучанне павінна адпавядаць духу нашай мовы, што яны павінны быць мілагучнымі, лёгкімі для вымаўлення і ўспрымання, каб яны былі гаваркімі, як пісаў Ф.Янкоўскі. Такімі, як, напрыклад, слова “спадабанка”, прапанаванае У.Дубоўкам для наймення жанчыны, якая падабаецца. Або слова “аплётка”, пачутае Ф.Янкоўскім, якое ён ужываў замест тэрміна “пераплёт”, ці слова “лецішча” ў значэнні “месца, дзе чалавек адпачывае летам”. Чаму б яго і не выкарыстоўваць замест слова “дача”? Нядрэнным, на мой погляд, з’яўляецца і дзеяслоў “заўзятарыць” як сінонім да слова “балець” у значэнні “перажываць за спартыўную каманду”, слова “імбрычак” у значэнні “заварнічак” ці слова “імбрык” у значэнні “чайнік”. Што тычыцца далькажыка, яно больш кампактнае, чым словазлучэнне “мабільны тэлефон”. Яно прыемнае на слых, да таго ж матываванае (утварылася ад словазлучэння “казаць далёка”), таму і прыжылося.

— Упэўнена, што многія хацелі б дасканала ведаць беларускую мову. Парайце, калі ласка, дзе і як можна навучыцца размаўляць так, каб у маўленні адчувалася самабытнасць роднай мовы.

— Там, дзе ёсць творчы і апантаны настаўнік. Я ведаю сотні такіх педагогаў. Яны ёсць у кожным раёне. І заўсёды, калі маю вольную хвілінку, з прыемнасцю сустракаюся з імі, дзялюся ўласным вопытам, назапашваю іх досвед.

— Уладзімір Іванавіч, вялікі дзякуй за размову! Натхнення вам і паспяховага творчага пошуку!

Гутарыла Святлана ШЫЯН.
Фота з асабістага архіва Уладзіміра КУЛІКОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *