“Белая Русь” будзе ствараць дэпутацкія групы ў мясцовых Саветах

- 10:28Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым паведаміў старшыня РГА “Белая Русь” Генадзь Давыдзька на пасяджэнні прэзідыума Рэспубліканскага савета арганізацыі.

Стварэнне такіх груп — падмога штодзённай дзейнасці дэпутатаў. “Асноўная мэта — аказанне арганізацыйнымі структурамі “Белай Русі” дапамогі дэпутатам у ажыццяўленні імі сваіх паўнамоцтваў”, — сказаў Генадзь Давыдзька. Вопыт такой работы ўжо ёсць — у Палаце прадстаўнікоў.

Групы будуць аб’ядноўваць дэпутатаў для падрыхтоўкі, прыняцця і тлумачэння рашэнняў, якія прымаюць мясцовыя Саветы. Такім чынам, члены “Белай Русі”, якія сталі ўладальнікамі дэпутацкіх мандатаў, і актыў грамадскага аб’яднання змогуць кансалідаваць намаганні, вырашаючы праблемы рэгіёна.

Генадзь Давыдзька падкрэсліў, што “Белая Русь” служыць апорай для сваіх прадстаўнікоў, якія ўвайшлі ў склад мясцовых Саветаў. “Белая Русь” — гэта таварыства, супольнасць. Членства ў арганізацыі, якая прызначана аказваць ім каласальную падтрымку, узмацняе дэпутатаў”, — дадаў старшыня грамадскага аб’яднання.

Дэпутатамі мясцовых Саветаў 28-га склікання сталі больш як 6,5 тысячы членаў “Белай Русі”, або 36% ад агульнай колькасці. У параўнанні з ранейшым скліканнем іх колькасць павялічылася на 9%.

На пасяджэнні прэзідыума падводзіліся папярэднія вынікі ўдзелу “Белай Русі” ў мясцовай выбарчай кампаніі. Адзначалася, што грамадскае аб’яднанне прымала ўдзел ва ўсіх яе этапах — пачынаючы ад збору подпісаў і пікетаў і заканчваючы назіраннем за ходам галасавання. Акрамя таго, праводзілася вялікая колькасць акцый, якія заклікалі людзей прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Вялікая работа праводзілася з маладымі выбаршчыкамі.