Белая вежа спачувае Нотр-Даму

Тое, што здарылася з галоўным сімвалам французскай сталіцы і, наогул, французскай гісторыі вечарам, у панядзелак 15 красавіка, узрушыла ўвесь свет. Пачаў гарэць сабор Парыжскай Божай Маці — не проста гістарычны сімвал і галоўны турыстычны аб’ект Парыжа, а… сэрца Францыі, дзе захоўваюцца многія ўнікальныя гістарычныя артэфакты сусветнай гісторыі, у тым ліку цярновы вянок Хрыста, дзе сабраўся ўпершыню французскі парламент, дзе каранаваўся Напалеон. Сэрца, успетае многімі музыкантамі і пісьменнікамі, найперш, канечне, Вікторам Гюго. Сэрца, без якога немагчыма ўявіць ні саму французскую сталіцу, ні саміх французаў з іх Эсмеральдай, выкрадзенай цыганамі, з іх Квазімодам, званаром-гарбуном, які аглухнуў ад звону саборных званоў, ды іншымі героямі знакамітага рамана.

І было неверагодна шчымліва глядзець па тэлебачанні на тое, як ­плачуць парыжане яшчэ ад адной трагедыі — акурат так, як плакалі яны некалькі гадоў назад, калі расстралялі мастакоў-карыкатурыстаў з сатырычнага ­часопіса “Шарлі Эбдо”. Але цяпер быццам расстралялі іх агульнае гістарычнае і сучаснае сэр­ца — гарэў Нотр-Дам дэ Пары. Адзін з рэспандэнтаў журналісту так і сказаў у інтэрв’ю: “Га­рыць Нотр-Дам, а адчуванне такое, што быццам га­рыць уся Францыя, гарым усе мы…” А яшчэ адна францужанка, якая жыве не ў Парыжы, а за многа кіламетраў ад французскай сталіцы, са слязамі на вачах прызналася: “Мы, як толькі пачулі пра пажар на Нотр-Даме, адразу пабралі спальныя мяшкі, заскочылі ў машыну і рынуліся туды. Мы ведалі, што на берагах Сены мы правядзём усю ноч, пакуль не даведаемся, што стане з нашым сэрцам…” Прэзідэнт Французскай Рэспублікі Эмануэль Макрон, які ўвечары тэрмінова прыехаў да палаючага сабора, адмяніўшы з-за гэтай трагедыі свой традыцыйны зварот на французскага народа, назваў Нотр-Дам нулявым кіламетрам французкай гісторыі і французскага народа. Ён паабяцаў пры гэтым, што французы абавязкова знойдуць сілы і сродкі, каб запусціць нанова французскае сэрца… Такая кансалідацыя нацыі не можа не ўражваць.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 44, 18 красавіка.

Мікола ЧЭМЕР.