“БелАЗ” першы і ў кіно

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

Карпаратыўны фільм “Гонка кантынентаў” кінапраекта “БелАЗ 70” заваяваў дзве ўзнагароды Міжнароднага фестывалю The Cannes Corporate Media & TV Awards. Такая інфармацыя размешчана на сайце БелАЗа.

Ён удастоены прыза “Залаты дэльфін” у намінацыі “Лепшы карпаратыўны фільм” і прыза “Сярэбраны дэльфін” у намінацыі “Унутраныя камунікацыі”. Кінаролік зняла новасібірская кампанія LBL-Production.

Паводле задумы аўтараў, фільм павінен адлюстроўваць магутнасць тэхнікі беларускага прадпрыемства, якая аднолькава паспяхова працуе ў розных кліматычных умовах. Паказаны адначасовы старт 220-тонных “БелАЗаў” у расійскім Кемераве і паўднёваафрыканскім Кейптаўне, пагрузка, разгрузка, упэўнены рух па тэхналагічных дарогах. “Хто пераможа ў найскладанейшых кліматычных умовах “Гонкі кантынентаў”? У любым выпадку выйграе кар’ерны самазвал “БелАЗ”, здольны працаваць і сібірскай зімой, і афрыканскім летам. Беларускі аўтазавод ніколі не спыняецца ў сваім развіцці, ствараючы на працягу ўжо 70 гадоў машыны, запатрабаваныя ва ўсім свеце”, — адзначаюць аўтары фільма.

The Cannes Corporate Media & TV Awards — адзін з самых прэстыжных аглядаў карпаратыўных і дакументальных тэлефільмаў. У складзе журы фестывалю — лаўрэаты прэмій “Оскар” і “Эмі”.