Бераг дзіцячых мар

- 12:51Родная земля

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 260 фашысцкіх канцлагераў. Адзін з іх быў створаны ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці, непадалёк ад шыкоўнага палаца, узведзенага ў канцы ХІХ стагоддзя. Стромкія, неагатычныя вежы, арыгінальная ляпніна прасторных пакояў, а побач — змрочнае месца, дзе ў нашых дзяцей акупанты бралі кроў для сваіх параненых салдат. Так было ў чэрвені 44-га. У верасні 2012 года ўсё па-іншаму: на месцы канцлагера — разгалістыя дрэвы старога парку, непадалёк — мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны”. Адзінае, што засталося нязменным — гэта велічны палац, які сваімі вежамі, здаецца, дакранаецца да неба.

Чырвоныя слёзы

Бераг, чырвоны ад слёз… Менавіта так у 2006 годзе назвала сваю работу Кацярына Міхайлаўна Шынкарэнка, у той час вучаніца 10 класа Чырвонабярэжскай сярэдняй школы, а цяпер настаўніца англійскай мовы гэтай установы адукацыі. Такімі словамі можна ахарактарызаваць і малую радзіму Кацярыны Міхайлаўны. Калі ж гаварыць пра чырвонабярэжскі край больш дакладна, то варта дадаць яшчэ і слова “дзіцячых” — “Бераг, чырвоны ад дзіцячых слёз”. Ніякіх недарэчнасцей у гэтым выказванні няма. Па словах настаўніцы, чырвоныя слёзы — гэты кроў, што была праліта мясцовымі жыхарамі ў гады вайны. І пралівалася яна не толькі ў баях.
У гады вайны ў вёсцы Чырвоны Бераг акупантамі быў створаны канцлагер для дзяцей-донараў. Для здачы крыві са Жлобінскага, Рагачоўскага, Добрушскага і іншых раёнаў Гомельшчыны адбіралі хлопчыкаў і дзяўчынак 8—14-гадовага ўзросту. На тэрыторыі былой панскай сядзібы іх мылі ў лазні, потым праводзілі медагляд. Тых, хто падыходзіў, прыводзілі ў асобны пакой, саджалі на крэсла, руку прасоўвалі за агароджу ў спецыяльную адтуліну, потым выкачвалі кроў. Па ўспамінах ураджэнца Чырвонага Берага Паўла Мікітавіча Ткачова, калі нехта з дзяцей пасля гэтай працэдуры падаваў прыкметы жыцця, яму змочвалі вусны атрутай. Потым маленькія трупікі спальвалі ў топках кацельнай. Больш моцных дзяцей зганялі на чыгуначнай станцыі ў цягнікі і адпраўлялі ў Германію, дзе таксама бралі кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Усяго за некалькі месяцаў з чырвонабярэжскага канцлагера з гэтай мэтай было вывезена амаль 2 тысячы дзяцей.
На жаль, час няўмольны. З малалетніх вязняў чырвонабярэжскага канцлагера, якім пашчасціла выжыць, побач з намі толькі адзінкі. Таму трэба спяшацца сустракацца з гэтымі людзьмі, гутарыць, запісваць іх каштоўныя ўспаміны. Чырвонабярэжскія настаўнікі і вучні гэта цудоўна разумеюць. У выніку памятных сустрэч ствараюцца шматлікія работы. Змешчаны ў іх матэрыял надзвычай каштоўны, а праз гадоў пяцьдзясят, калі адыдзе ваеннае пакаленне, ён будзе ўнікальным. Сярод гэтых работ ужо згаданая “Бераг, чырвоны ад слёз”, а таксама “Мой любімы Чырвоны Бераг”, “Дзяцінства, абпаленае вайной”, “Піянеры-героі”, “Дзеці і вайна”, “Успаміны Ткачова Паўла Мікітавіча пра чырвонабярэжскі дзіцячы канцэнтрацыйны лагер”, “Успаміны малалетняга вязня чырвонабярэжскага канцлагера па зборы крыві Мігай Ніны Мікалаеўны” і дзясяткі іншых вынікаў даследаванняў, якія вучні Чырвонабярэжскай школы праводзяць у асноўным пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Вольгі Сяргееўны Гурчанка.

Ціхім летнім ранкам

Якім бы ты ні быў псіхалагічна ўстойлівым чалавекам, аднак без камяку ў горле гэтыя работы чытаць нельга. Прыведзеныя ў іх успаміны прымушаюць задумацца над каштоўнасцю чалавечага жыцця, пераконваюць, што нават з самых складаных сітуацый абавязкова знойдзецца выйсце. Таму настаўнікі часта зачытваюць гэтыя ўспаміны для вучняў на класных гадзінах, уроках, выхаваўчых мерапрыемствах. Думаю, яны будуць цікавыя не толькі для чырвонабярэжскіх школьнікаў.
Жыхар вёскі Чырвонабярэжская Слабодка Андрэй Андрэевіч Сазончык любіў гаварыць, што яму пашчасціла, ён нарадзіўся ў кашулі. “Мяне разам з іншымі дзецьмі адвезлі на машыне ў вучгас на тэрыторыю былой панскай сядзібы. Тут нас памылі ў лазні і размясцілі ў хатах. На другі дзень у кожнага ўзялі на аналіз кроў, павесілі на шыю бірку, дзе была пазначана група крыві. Потым нас пагрузілі ў цягнікі і павезлі далей. Я трапіў у канцлагер каля Мар’інай Горкі, дзе правёў некалькі дзён. Тое, што я там убачыў, застанецца ў маёй памяці назаўсёды. Кожны дзень фашысты забіралі па некалькі дзясяткаў дзяцей. Спачатку ім давалі па кубачку супу, а пасля гэтага выводзілі. Ніхто ўжо больш не вяртаўся. Але мне пашчасціла. Падчас змены каравула мы збеглі разам з двума іншымі хлопчыкамі, схаваліся ў лесе, потым трапілі да партызан, якія нас прытулілі, выратавалі жыццё. Дадому мы вярнуліся ў ліпені 1944 года”.
Сярод малалетніх вязняў чырвонабярэжскага канцлагера была і Ніна Мікалаеўна Мігай, якая, на жаль, ужо памерла. Шкада, таму знаёміцца з лёсам гэтай жанчыны давялося завочна, праз работу “Бераг, чырвоны ад слёз”.
“У памяці да сённяшняга часу стаіць ціхі чэрвеньскі ранак 1944 года, калі нямецкія салдаты акружылі вёску і пачалі забіраць у матуль іх дзяцей. На той час у нашым доме, акрамя мяне, была маці і дзве сястры. Бацька паехаў да партызан, сярод якіх быў і мой брат Міхаіл. Самую маленькую Любу немцы пакінулі з мамай, паколькі палічылі яе занадта кволай і непрыгоднай для донарства. Старэйшую сястру Таню адправілі працаваць на чыгунку Чырвоны Бераг — Жлобін, а мяне разам з іншымі дзецьмі пагрузілі ў крытую машыну. Прывезлі нас у мясцовы тэхнікум, павялі ў лазню. Падчас медагляду ўзялі кроў, кожнаму на шыю павесілі кардонную бірку, дзе былі пазначаны прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння. Пасля размясцілі па хатах. Кожны дзень забіралі па некалькі дзясяткаў дзяцей і некуды адвозілі. На іх месца прывозілі новых”, — узгадвала Ніна Мікалаеўна.
Канечне, на той час 11-гадовая Ніна, як і яе таварышы, не ведала, куды адвозілі равеснікаў. Аднак нешта нядобрае дзеці адчувалі. Таму Ніна разам з сяброўкай Аняй вырашылі схітраваць. Яны нацёрлі скуру паміж пальцамі крапівой, і ў іх з’явіліся пухліны, падобныя на часотку. Іх паклалі асобна на салому і пачалі лячыць. Так дзеці змаглі адцягнуць час. А дапамог дзяўчынкам уцячы з палону бургамістр Чырвонабярэжскай воласці Віктар Міхайлавіч Васільчык, які падтрымліваў цесныя сувязі з партызанамі.
“Хутка нашы салдаты вызвалілі Чырвоны Бераг. Здарылася гэта таксама ціхай летняй раніцай. Усе здзівіліся, што нідзе не чуваць нямецкай мовы. Раптам з лесу з’явіліся нашы байцы. Гэта была сустрэча са слязамі на вачах. Усе беглі да салдат, старэйшыя людзі неслі іконы”, — узгадвала Ніна Мікалаеўна.
Пра Ніну Мікалаеўну, як і пра Андрэя Андрэевіча, таксама можна сказаць, што яна нарадзілася ў кашулі. Ёй пашчасціла застацца ў жывых. Аднак для многіх дзяцей, прывезеных у Чырвоны Бераг, усё скончылася трагічна. Па ўспамінах ураджэнкі вёскі Казімірава Зінаіды Рыгораўны Казакевіч, з Чырвонага Берага яе павезлі ў Германію. Кроў бралі па некалькі разоў. Ад бяссілля дзеці гінулі дзясяткамі. Для іх смерць была як сон. Яны нібыта засыналі. Неяк у такі сон правалілася і Зінаіда. Аднак на сметніку, куды яе кінулі як адпрацаваны матэрыял, дзяўчынку падабрала немка і прывезла ў свой дом, даглядала, дапамагла адужаць. Пасля вайны Зінаіда вярнулася дадому, стварыла сям’ю.
Колькі такіх дзяцей засталося ляжаць на нямецкіх сметніках, колькі было спалена маленькіх трупікаў, дакладна невядома. Аднак памяць пра іх, як і памяць пра тыя жудасныя часы, павінна заўсёды захоўвацца ў нашым народзе. З гэтай мэтай адразу пасля вайны пачалася актыўная работа па ўвекавечванні памяці малалетніх вязняў. Сярод нераўнадушных людзей былі і тыя, каму пашчасціла выжыць у канцлагерах. Сярод іх і Ніна Мікалаеўна Мігай. Яна дасылала дзясяткі лістоў у розныя ўстановы, інстанцыі толькі з адной мэтай: стварыць у Чырвоным Беразе мемарыяльны комплекс. 28 чэрвеня 2007 года адбылося ўрачыстае адкрыццё такога мемарыяла. Кожны дзень комплекс наведваюць вучнёўскія экскурсійныя групы з розных куточкаў краіны. Толькі за першыя два з паловай гады тут пабывала каля 30 тысяч чалавек. Сярод
экскурсантаў было і шмат гасцей з Расіі, Германіі, Іспаніі, Ізраіля, іншых краін.
Увекавечваннем памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны актыўна займаюцца і выкладчыкі Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа (асабліва плённа — Ларыса Іванаўна Рэйдэр), на тэрыторыі якога знаходзіўся зборны пункт, дзе дзеці праходзілі камісію, адкуль іх адпраўлялі на чыгуначную станцыю і дзе знаходзіліся тыя самыя крэслы.
Памяць пра ваенныя часы захоўваюць экспанаты музея “Подзвіг”, што дзейнічае ў каледжы. Акрамя работы па зборы экспанатаў, навучэнцы і выкладчыкі даглядаюць і стэлу з барэльефнай выявай жанчыны і надпісам-прысвячэннем у памяць пра 38 мясцовых жыхароў, што загінулі ў гады вайны. Стэла на тэрыторыі каледжа была пастаўлена ў 1967 годзе. Каля будынка палаца знаходзіцца і магіла гвардыі капітана Леаніда Васільевіча Ісаева, ураджэнца Саратаўскай вобласці, які ў 25-гадовым узросце загінуў падчас вызвалення Чырвонага Берага. Памяць пра героя захоўваюць і школьнікі. Так, чырвонабярэжскай піянерскай дружыне прысвоена яго імя. Імя Леаніда Ісаева носіць і вясковая вуліца, а 26 чэрвеня 2004 года, у дзень вызвалення вёскі, мясцовымі жыхарамі была закладзена алея славы ў гонар землякоў-вызваліцеляў. У цэнтры алеі — валун, ад якога, нібыта промні сонца, разыходзяцца сцяжынкі. Па незвычайных промнях можна прайсці і падчас наведвання мемарыяльнага комплексу.

Белы караблік

У мітусні дарослага жыцця мы рэдка ўзгадваем дзіцячыя мары, забываем пра палёты ў космас, вандроўкі ў нязведаныя краіны, не ўсплывае ў нашай памяці і караблік — галоўны вобраз дзіцячых мар, які даўным-даўно мы ўсе любілі маляваць. Адзін з такіх караблікаў стварылі скульптары мемарыяльнага комплексу “Дзецям — ахвярам вайны”. Дарослыя нібыта перанеслі карабель з дзіцячых мар на плошчу Сонца. На белым ветразі, як чорныя крапінкі, шыльдачкі з дзіцячымі імёнамі. Побач вялізныя бетонныя мальберты з вітражамі — застылымі ў шкле вобразамі дзіцячых малюнкаў. Калі падыходзіць да кожнага мальберта і глядзець праз каляровае шкло на караблік, то ён раптоўна становіцца то сінім, то чырвоным, то жоўтым. Карабель быццам плыве па каляровым моры нашых мар і спадзяванняў далёкага бесклапотнага дзяцінства.
Ад плошчы Сонца, дзе знаходзіцца гэтая незвычайная выстава дзіцячых работ, адыходзяць 8 промняў. Па словах навуковага супрацоўніка мемарыяльнага комплексу Людмілы Пятроўны Мялашчанка, аўтар праекта мемарыяльнага комплексу Леанід Левін тлумачыць, што вобраз сонца нездарма займае цэнтральнае месца. Калі даць дзецям каляровыя алоўкі, то яны інтуітыўна пачнуць маляваць сонейка — крыніцу цеплыні, жыцця на Зямлі. 7 промняў жоўтага колеру сімвалізуюць сённяшняе шчаслівае дзяцінства. Гэта промні святла, міру. Адзін промень — чорны. Гэта промень Памяці, які нагадвае нам пра боль і пакуты дзяцей вайны. Ён скіраваны на захад, адкуль летам 41-га на беларускую зямлю прыйшло гора. Чорны промень вядзе наведвальнікаў ад плошчы Сонца ў незвычайны клас. На пустых бетонных партах ніколі не будуць ляжаць падручнікі і сшыткі, тут не празвініць званок, не з’явяцца дзіцячыя ўсмешкі. На класнай дошцы назаўсёды застылі словы з ліста 15-гадовай жыхаркі Лёзна Віцебскай вобласці Каці Сусанінай: “Дарагі, добры татка! Пішу я табе ліст з нямецкай катаргі. Калі ты, татка, будзеш чытаць гэты ліст, мяне ў жывых не будзе…”. Напісаны ліст 12 сакавіка 1943 года. Якім цудам і чаму ён захаваўся? Напэўна, дзеля таго, каб назаўсёды быць перапісаным на чорную дошку незвычайнага класа. Сустракае наведвальнікаў комплексу скульптурная кампазіцыя “Дзіця вайны”. Паглядзіце на фотаздымак (стар. 19). Вам не здаецца, што дзяўчынка падобна на гераіню знакамітай карціны “Дзяўчынка на шары”? Можа, гэтае падабенства невыпадковае?
“Асцярожна! Не наступіце на чырвоную гранітную стужку, — папярэдзіў падчас экскурсіі дырэктар Чырвонабярэжскай сярэдняй школы Мікалай Іванавіч Казачэнка. — Гэтая стужка сімвалізуе дзіцячую кроў, чырвоныя слёзы, што праліліся падчас вайны”.

Зялёны скарб

Ніводная значная падзея ў гісторыі Чырвонага Берага за апошніх 100 гадоў не заставалася без увагі ўнікальнага палаца, які па праву з’яўляецца архітэктурнай жамчужынай жлобінскага краю. Сведкам розных падзей давялося быць палацу, у тым ліку і Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, з гэтым перыядам звязаны толькі самыя змрочныя факты. Менавіта тут фашысты бралі кроў у дзяцей. Але змрочным лёс маёнтка быў не заўсёды. Былі і гады славы.
Упершыню маёнтак узгадваецца ў 1841 годзе. У канцы ХІХ стагоддзя гаспадарамі становяцца Паклеўскія. У 1878 годзе Вікенціем Казела-Паклеўскім на тэрыторыі ў 10 гектараў быў закладзены парк, пасаджаны 153 віды дрэў і 44 віды кустоў. Многія з гэтых дрэў і да сённяшняга часу ўзвышаюцца над невялікай рэчкай Добаснай. Будаўніцтва цаглянага двухпавярховага палаца пачалося ў 1890-я гады. Кожная з залаў была абсталявана па-рознаму: у арабскім, армянскім, рэнесансным стылях. Побач знаходзіліся 53 гаспадарчыя пабудовы. У тым жа годзе вакол сядзібы ўзвялі і цагляную агароджу, якая захавалася да сённяшняга часу. Узвышаецца над агароджай арыгінальная ўязная брама. Ліхалецці ХХ стагоддзя хоць і пашкадавалі палац, аднак былі нялітасцівымі да гаспадарчых пабудоў. Захаваўся толькі флігель, прычал, які мясцовыя жыхары называюць панскім мосцікам, а таксама цэнтральныя прысады парку. Ранейшай разнастайнасцю і багаццем раслін парк ужо не пахваліцца, аднак 73 віды дрэў і кустоў вартыя таго, каб падчас экскурсіі ў Чырвоны Бераг прайсціся па цяністых сцяжынках. Абавязкова патрэбна пагуляць па ліпавай прысадзе, дрэвам якой больш за 180 гадоў. Ахоўвае гэты зялёны скарб Жлобіншчыны валун, большая частка якога знаходзіцца пад зямлёй.
Унікальны палац, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі, з’яўляецца адным з галоўных аб’ектаў краязнаўчых даследаванняў вучняў Жлобінскага раёна. Па словах дырэктара Жлобінскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Алены Леанідаўны Раддзіеўскай, у кожнай рабоце, створанай на аснове падарожжаў па роднай зямлі, школьнікі абавязкова дзеляцца ўражаннямі ад наведвання палаца, расказваюць яны, безумоўна, і пра ваенны час (напрыклад, “Цудоўная сямёрка Жлобіншчыны”, “Жамчужына Жлобінскага раёна”, “Ёсць такая зямля”, “Памятныя мясціны Жлобіншчыны”, “Гістарычныя помнікі і памятныя мясціны нашага раёна”, “Край Прыдняпроўскі”, “Адметнасці майго краю”, “Па старонках легенд і гісторыі Жлобіншчыны”).
Актыўна даследчай работай займаюцца настаўніцы сярэдняй школы № 6 Жлобіна Дзіяна Маркіянаўна Цыганова і Ірына Анрыеўна Паўленка, сярэдняй школы № 12 Жлобіна Ала Валянцінаўна Бяляева, сярэдняй школы № 9 Жлобіна Ірына Уладзіміраўна Коваль, Сцяпской сярэдняй школы Кацярына Антонаўна Аляксеенка, Кіраўскай сярэдняй школы Валянціна Васільеўна Самусенка. Работы, створаныя пад кіраўніцтвам названых настаўніц, часта займаюць прызавыя месцы на абласных конкурсах.
Калі гаварыць шчыра, то ў кожнай установе адукацыі горада і раёна працуе чалавек, для якога любоў да роднай зямлі не ўяўляецца без падарожжаў па малой радзіме, без наведвання знакамітага Чырвонага Берага. Канечне, вядучыя ролі тут выконваюць чырвонабярэжскія настаўнікі і вучні.
“Я часта практыкую такую форму работы з дзецьмі, як велапаходы. За многія гады мы аб’ездзілі ўсе сцяжынкі ў ваколіцах Чырвонага Берага. У выніку аднаго з велападарожжаў, здзейсненага па маршруце Чырвоны Бераг — Рэкта — Чырвоны Бераг, створана работа “Ёсць такая зямля…”. Па выніках здзейсненага маршруту Чырвоны Бераг — Малевіч — Чырвоны Бераг, які быў распрацаваны для вучняў 7—11 класа і пралёг праз помнікі ваеннай славы вёсак Чырвонабярэжскага, Малевіцкага, Кароткавіцкага сельскіх саветаў, створана работа “Дакрануцца сэрцам”. Велапрабег праз вёскі Чырвоны Бераг, Радуша, Сцяпы, Селішча, Шчадрын, Дворчышча стаў асновай для напісання работы “Пазнай сваю Радзіму”. Наша работа прыносіць і свае вынікі. Так, у 2008 годзе калектыў нашых настаўнікаў і вучняў быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край” у намінацыі “Паход” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Чырвонабярэжскай сярэдняй школы Алена Васільеўна Драздова.
Пасля наведвання мемарыяльнага комплексу “Дзецям — ахвярам вайны” на душы яшчэ раз стала крыху крыўдна ад таго, што не ўдалося сустрэцца з Нінай Мікалаеўнай Мігай. Сярод мноства пытанняў, якія я мог бы задаць жанчыне, галоўнае, безумоўна, тычылася б яе дзіцячых мар. Шкада, не атрымалася сустрэцца. Застаецца толькі здагадвацца. Аднак нешта падказвае, што і ў тых дзяцей, якія пасля медагляду з кардоннай біркай на шыі чакалі ў канцлагеры далейшага лёсу, у марах або снах абавязкова з’яўляўся белы караблік — сімвал надзеі і шчаслівай долі. Вайна вайной, а дзяцінства ўсё ж застаецца дзяцінствам.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.