Берагчы і аднаўляць наша багацце — жывёльны і раслінны свет

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Юрыя Церцеля начальнікам Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі, запатрабаваў ад яго навесці жалезны парадак у гэтай структуры.

“Ваша задача — прыйсці ў інспекцыю, разабрацца з тым штатам, з якім вы будзеце працаваць, паглядзець на людзей і жалезнай рукой навесці парадак у інспекцыі, а затым і ліквідаваць вузкія месцы, якія, магчыма, узніклі ў краіне па ахове жывёльнага і расліннага свету”, — даручыў прэзідэнт.

“Вельмі шмат будзе крыватолкаў, размоў, што Лукашэнка зноў узяў крэн на назначэнне ваенных у тыя ці іншыя грамадзянскія структуры. Я гэтага абсалютна не баюся, вы павінны быць да гэтага гатовы. Больш за тое, не скажаш, што Дзяржаўная інспекцыя — грамадзянская. А з тым бачаннем, якое ў мяне на гэтую інспекцыю, яна больш чым ваенная”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што гэты дзяржорган ствараўся па яго ініцыятыве і на базе пэўных структур за кошт іх колькасці, каб не выдзяляць лішнія грошы з бюджэту і не пладзіць лішніх людзей у пагонах. “У нас багацце адно — гэта прырода. Гасподзь нас надзяліў цудоўнай прыродай, яе асновай з’яўляецца раслінны і жывёльны свет. Але гэты дар не можа быць бясконца добрым, калі да яго дрэнна ставіцца. Яго трэба берагчы, аднаўляць. Нашу прыроду і той жывёльны свет, з якім мы сёння жывём, трэба захаваць. Таму была створана гэтая інспекцыя”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што з цягам часу ў інспекцыі сталі забываць пра свае галоўныя абавязкі. “У барацьбе з правапарушальнікамі і браканьерамі рознага тыпу некаторыя самі сталі браканьерамі. Гэта дайшло і да начальнікаў. Калі начальнік — браканьер, сістэма не зможа змагацца супраць браканьераў. Таму я быў вымушаны адхіліць ад займаемай пасады шэраг начальнікаў гэтай інспекцыі і даручыў знайсці чалавека строгага, дысцыплінаванага — ваеннага чалавека. Іх было дзясяткі, выбар прыпаў на вас”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце — асаблівая структура, некаторыя супрацоўнікі якой нават узброены. “Гэта ваенізаванае падраздзяленне, таму расхлябанасці, недысцыплінаванасці там быць не павінна. Я вельмі спадзяюся, што вы не падведзяце і наведзяце парадак у гэтай сістэме. Вельмі трэба гэта зрабіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Юрый Станіслававіч Церцель нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Прывалкі Гродзенскага раёна. Пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах СССР ён стаў курсантам Бранскай спецыяльнай сярэдняй школы міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў СССР і да 2002 года праходзіў службу ў органах унутраных спраў. У 1996 годзе ён завочна скончыў Акадэмію МУС Беларусі.

У 2002—2009 гадах праходзіў службу на розных пасадах у вайсковай часці 1250 органаў пагранічнай службы.
Са студзеня 2009 года па 2018 год — камандзір вайсковай часці 1250.

Узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме” III ступені, медалямі “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы”, “За бездакорную службу” III, II ступені.