“Берагіня” Мядоцкага краю

- 14:01Культура

У Мётчанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Барысаўскага раёна 25 гадоў дзейнічае заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Берагіня”, які з’яўляецца першым у нашай краіне вопытам сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў сродкамі традыцыйнай культуры. Мастацкі кіраўнік калектыву Мікола КОЗЕНКА і музычны — Антаніна АБРАМОВІЧ падыходзяць да кожнага свайго выхаванца з любоўю і памятаюць усіх, хто прайшоў праз іх ансамбль. Абое яны ў выхаванні юных беларусаў робяць акцэнт на самавыяўленні і імправізацыі. Чым гэта дапамагае ў навучанні беларускім традыцыям і аўтэнтычным абрадам і чым прываблівае фальклорны гурт сучасных дзяцей — сёння ў цэнтры нашай увагі.

Гурт-ахоўнік Мётчы

Сустрэўшыся з Міколам Аляксеевічам, папрасіла расказаць, як жа ўзнікла мядоцкая “Берагіня”. “Пасля работы ў Чачэрску Гомельскай вобласці, дзе таксама займаўся аднаўленнем традыцыйнай культуры (танцавальнай, карагоднай, спеўнай), у сярэ­дзіне 90-х гадоў выпадкова ці заканамерна я аказаўся ў Барысаўскім раёне. Прыйшоўшы ў Мётчанскую школу, прапанаваў сваю канцэпцыю па аднаўленні мясцовых традыцый. Мяне падтрымалі, так і пачалося стварэнне “Берагіні”, — узгадаў кіраўнік калектыву.

Ён прызнаўся, што доўга шукаў назву для гурта, сядзеў з энцыклапедыямі і слоўнікамі, вывучаў сэнс слова “Берагіня”, яго сімвалы і міфалогію. “Уладзімір Міхайлавіч Конан, доктар філасофскіх навук, вызначыў, што Берагіня ва ўяўленні нашых продкаў — гэта істота, якая аберагае ўсё навокал, гэта ўвасабленне ўсіх добрых і пазітыўных сіл прыроды. І я таксама ў нашу назву ўкладаю такі ж сэнс. Берагіня — ахоўніца нашых сям’яў, роду, краю, культуры ў розных яе праяўленнях — і ў вусных формах, і ў матэрыяльных”, — дадаў этнахарэограф.

У 1996 годзе завучам Мётчанскай школы працавала Антаніна Абрамовіч, якая амаль адразу стала музычным кіраўніком калектыву. “Антаніна Анатольеўна да чаго разумная і таленавітая! Яна філолаг, настаўніца беларускай і рускай мовы і літаратуры, але навучылася іграць на ўсіх нашых народных музычных інструментах дзеля ідэі — выхавання дзяцей рознымі сродкамі беларускай традыцыйнай народнай культуры”, — акцэнтаваў увагу М.Козенка. А намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Мётчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы А.В.Крачкоўская дадала, што Антанiна Анатольеўна “поўная самых незвычайных мастацкiх талентаў i проста чалавечых якасцей, такiх як смеласц­ь, вернасць, надзейнасць, спагадлiвасць, сяброўства, і дзякуючы яе мацярын­скаму стаўленню да кожнага ўдзельнiка, гурт стаў сапраўднай сям’ёй”: “Увогуле, “Берагiня” — гэта не проста калектыў, гэта пэўная жыццёвая філасофія. Мікола Аляксеевіч і Антаніна Анатольеўна — Асветнікі з вялікай літары, майстры, людзі неверагодна таленавітыя, якія выгадавалі многія пакаленні вучняў. І хоць выпускі школы ідуць далей, на сцэне мы бачым усю тую ж “Берагіню”, якая з гонарам нясе сябе. Мікола Аляксеевіч заўсёды гаворыць: “Дзяўчаты, вы прынцэсы, а вы, хлопцы, прынцы. Вы павінны быць моцнымі і дапамагаць, падтрымліваць дзяўчат і адно аднаго”. І ён ні разу не здрадзіў гэтаму свайму педагагічнаму прынцыпу”.

Этнаэкспедыцыі

М.Козенка і А.Абрамовіч наладзілі этнаграфічную дзейнасць, пачалі даследаваць мясцовыя культурныя традыцыі, вусна-паэтычную творчасць, музычнае інструментальнае мастацтва, народны побытавы танец, спеўныя жанры, народнае адзенне, дэкаратыўна-прыкладную творчасць. “Уся работа калектыву некалі пачыналася з фальклорных вандровак, бо трэба было пераймаць ад некага традыцыі. Мы хадзілі і сустракаліся з носьбітамі, запісвалі ад іх песні і танцы, у нас багата фальклорных аўдыязапісаў. Зараз ужо малодшыя пераймаюць ад старэйшых, — расказала Антаніна Анатольеўна. — Пачыналі мы з дзясятка песень, а зараз у нашым арсенале іх каля ста самай рознай накіраванасці, прымеркаваныя да каляндарна-абрадавых свят, сямейна-радавога цыкла, проста пазаабрадавыя песні. Мы спяваем і пад акампанемент гармоніка, і акапэла таксама”.

З часам у калектыве сфарміраваўся выдатны склад музыкантаў, якія іграюць у асноўным на гармоніках, а таксама на дудачках, акарынах, жалейках, бубнах, цымбалах і розных шумавых і ўдарных інструментах. Таксама з’явіліся свае дызайнеры па касцюмах. Выхаванцы калектыву ўласнымі рукамі, часам з дапамогай бацькоў і настаўнікаў, шыюць і вышываюць кашулі і спадніцы. “Нашы дзеці робяць вышыўку па ручніковых знаходках і старых кашулях. Такім чынам мы аднаўляем мясцовыя ўзоры Новай і Старой Мётчы, Аскерак, Дроздзіна, Селішча ды іншых вёсак, што знаходзяцца вакол нашай школы”, — патлумачыў М.Козенка.

Мядоцкая “Берагіня” — узор дзіцячага фальклорна-этнаграфічнага калектыву, у якім праз традыцыі і народную творчасць моладзі перадаюцца павага і любоў да свайго краю.

Наогул, у “Берагіні” захоўваецца рэпертуар, пераняты ад мясцовых носьбітаў традыцыйнай культуры, строі адноўлены па аўтэнтычных узорах сваёй мясцовасці, а фальклорна-этнаграфічная спецыфіка выступленняў заўсёды вытрымана. Усе ў­дзельнікі калектыву — як на сцэне, так і ў што­дзённым жыцці — з павагай ставяцца да культурных традыцый сваёй Бацькаўшчыны.

Самыя прыгожыя

Разам два кіраўнікі за пяць гадоў зрабілі “Берагіню” ўзорным калектывам, а яшчэ праз сем — і заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь, пры гэтым ні на хвіліну не здраджваючы сваім ідэалам. “Берагіня” — першы пеўчы калектыў такога кірунку. У 2012 годзе мы амаль паўгода змагаліся за званне, бо не ўпісваліся ў адпаведны рэгламент, прыняты Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Справа ў тым, што мы адрозніваемся ад астатніх аматарскіх калектываў: нашы дзеці танцуюць не як у сцэнічнай самадзейнасці “пад адзін шнурок”, а як у сапраўднай народнай традыцыі — кожны па-свойму і разам з тым у поўнай гармоніі. І касцюмы нашы не яркія, па водгуках крытыкаў, у той жа час яны зроблены сваімі рукамі і з захаваннем традыцыі, — дадаў мастацкі кіраўнік. — Я лічу цудам, калі дзіця самавыяўляецца, захоўваючы форму танца і пластычны вобраз. Галоўнае, каб дзецям было цікава і зразумела, што яны выказваюць праз рухі. Мы ўвесь час паўтараем нашым дзецям, што яны самыя прыгожыя, калі паказваюць сябе ў танцы, пластыцы, паводзінах, што кожны ўнікальны па-свойму”.

Антаніна Абрамовіч пераканана, што цікавасць да народнага мастацтва сучасным дзецям перадаецца ў тым ліку і на генетычным узроўні: “Іх прадзеды і прабабкі спявалі і танцавалі, бо гэта найперш вясковая культура. Традыцыйныя танцы вельмі актыўныя, рухавыя, тая ж полька або лявоніха. Дзецям цікавы рытмы, у народным побытавым танцы яны маюць магчымасць паказаць сваю сутнасць, сваю душу, самавыявіцца”.

А калі гаворка зайшла пра ўнікальнасць “Берагіні”, то А.Абрамовіч акцэнтавала ўвагу на тым, што ў гурце дзеці не толькі маюц­ь магчымасц­ь праявіцца на сцэне, але і па­працаваць інтэлектуальна ў час фальклорных вандровак: “Мікола Аляксеевіч перад дзецьмі ставіў задачу занатоўваць свае ўражанні аб тым, што яны бачаць, чуюць і адчува­юць, пра лю­дзей, з якімі сустракаюцца. Таму вынікі нашай шматграннай жыццядзейнасці (вандроўкі, выступленні, сустрэчы) заў­сёды фіксаваліся пісьмо­ва і знаходзілі працяг у кнігах. І сёння мы ганарымся, што ў нас ёсць свой берагінскі кнігазбор, у якім багата кніг. Яшчэ адна наша адметнасць у прынцыпе “старэйшыя вучаць малодшых”: тут не толькі роля настаўніка — дзеці вучацца адно ў аднаго. А яшчэ нашы дзеці і танцуюц­ь, і спяваюць, іграюць на музычных інструментах, з’яўляюцца даследчыкамі і стваральнікамі сваіх строяў”.

У “Берагіні” не існуе адбору, навучанне адбываецца на аснове добраахвотнага жадання дзяцей займацца народнай творчасцю, незалежна ад іх разумовых, узроставых адметнасцей, фізічных даных, месца пражывання і сацыяльнага статусу. Кіраўнікі гурта перакананы, што кожнае дзіця таленавітае: “У нас няма горшых ці лепшых, у нас усе салісты, артысты, кожнага ёсць за што пахваліць”, — падкрэсліла А.Абрамовіч.

Па яе словах, у старэйшай групе калектыву зараз 16 чалавек, у малодшай — 10, а яшчэ ўсе вучні пачатковай школы засвойваюць асновы беларускай народнай харэаграфіі на занятках рытмікай. Зараз у гурце больш за 30 выхаванцаў ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў, якія ўдзельнічаюць у канцэртных праграмах: спяваюць, танцуюц­ь, іграюць на народных інструментах, ла­дзяць народныя гульні, расказваюць казкі і прамаўляюць скорагаворкі. Дарэчы, наступны канцэрт “Берагіні” запланаваны на апошнюю пятніцу красавіка: “Мы хочам адзначыць наш 25-гадовы юбілей вялікім канцэртам на сцэнічнай пляцоўцы Мётчанскай школы. У праграме заяўлены: “Лявоніха”, “Полька з камандамі”, “Шастак”, “Абэрак”, “Прымак”, кадрыля “Масточак”, “Малацілачка”, “Шахцёр”, “Аляксандр”, “Лапці”, “Гапак”, “Сербіянка”, — праанансаваў М.Козенка. — А “Польку-разяву”, карагод “Заінька”, а таксама “Вераб’я”, “Козаньку”, “Матылька” выканае група “Зярняткі”.

Адукацыйны фальклор

Прынамсі, “Зярняткі” некалі стварыла настаўніца малодшых класаў Алена Валер’еўна Крачкоўская, якая зараз працуе намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці. Яна а­дзначыла, што, дзякуючы гурту “Берагіня”, Мядоцкі край ведаюць далёка за межамі Беларусі, а творчыя і педагагічныя напрацоўкі калектыву сталі асновай мастацка-адукацыйных праграм, якія ўваходзяць у склад нацыянальных адукацыйна-культуралагічных праектаў.

Алена КРАЧКОЎСКАЯ: “Берагiня” — унiкальная магчымасць для вясковых дзяцей дакрануцца да вечных каштоўнасцей свайго народа сродкамi мастацтва, якiя iграюць на струнах дзiцячых душ цудоўную мелодыю дабрынi, працавітасці, прыгажосцi”.

— Зараз мы ажыццяўляем рэалізацыю інавацыйнага праекта на рэспубліканскім узроўні “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэнне адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Гэта работа ў модулях этнакультурных тэхналогій, напрыклад, па вывучэнні рэлігійных праяўленняў народа, навучанні танцавальнай культуры народа, вывучэнні музычнай культуры, навучанні дэкаратыўна-прыкладному мастацтву (выцінанка, вышыўка), навучанні спевам, звычаям і абрадам, фальклорнай творчасці, вывучэнні нацыянальнага касцюма — усе гэтыя тэхналогіі ўключаны і ў вучэбныя заняткі, і ў выхаваўчую работу, — праінфармавала А.Крачкоўская. — У рэалізацыі праекта задзейнічаны 9 настаўнікаў, і кожны ў сваім кірунку працягвае гэтую дзейнасць, пачынаючы з пачатковых класаў.

Акрамя таго, у Мётчанскай школе на пачатку студзеня праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя “Калядная зорка”, а ў першую пятніцу кожнай чвэрці адзначаюцца каляндарныя святы: Багач, Дзмітрыеўскія Дзяды, Талака, кірмашы, розныя зімовыя святы. “Мы адкрыты для ўсіх і гатовы дзяліцца з калегамі сваімі педагагічнымі набыткамі і распрацоўкамі, — сказала намеснік дырэктара. — Спадзяёмся, што сёлета адбудзецца вялікі рэспубліканскі семінар па лініі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, на якім мы прадставім свае здабыткі”.

***

А.В.Крачкоўская з удзячнасцю адзначыла, што Мікола Козенка і Антаніна Абрамовіч для ўсіх вучняў і настаўнікаў Мётчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы з’яўляюцца своеасаблівым “фундаментам і апорай, падказваючы кожнаму, што яму варта зрабіць у пэўны момант”: “Хочацца выказаць гэтым людзям словы ўдзячнасцi за iх высакародную мiсiю. Яны маюць неверагодныя ўнутраныя маладосць і запал, у іх запланавана яшчэ шмат праектаў, а таму няхай усе яны абавязкова рэалізуюцца. Доўгага-доўгага жыцця ім, творчасці, сілы і добрых дзетак! Будзьце шчаслівымі, рабіце тое, што любіце, і любіце тое, што робіце!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.