Беражэ культурную спадчыну, традыцыі і сямейныя каштоўнасці

Так склалася, што жыццё кожнага чалавека непарыўна звязана з радзімай, з тым месцам, дзе ён нарадзіўся. А інакш і быць не можа. Бо радзіма — гэта нашы карані, наша дзяцінства, нашы самыя першыя ўражанні: радасць, захапленне, здзіўленне. Вось толькі не ў кожнага чалавека атрымліваецца жыць і працаваць там, дзе ён нарадзіўся.

І тут адразу ўспамінаецца фраза Любові Пятроўны Акуліч, дырэктара Прыбалавіцкай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, пра якую хочацца многае расказаць: “Добра там, дзе нас няма”.

Любоў Пятроўна — яркі прыклад для многіх, і пра яе можна сказаць словамі прымаўкі: “Дзе нарадзілася, там і зга­дзілася”.

Кажуць, што чалавек сам вызначае свой лёс, выбіраючы пры гэтым асабісты шлях. Любоў Пятроўна Акуліч яшчэ са школы паставіла перад сабой мэту с­таць настаўнікам, жыць і працаваць у роднай вёсцы.

Пачынала сваю педагагічную дзейнасць піянерважатай, потым працавала настаўніцай беларускай мовы. У 1995 годзе стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. З 2007 года Любоў Пятроўна кіруе роднай Прыбалавіцкай сярэдняй школай і з’яўляецца адным з лепшых дырэктараў школ раёна. У яе ўнікальны талент арганізатара, педагога, настаўніка. Яна генератар новых ідэй, удумлівы субяседнік, патрабавальны кіраўнік. У школе створаны ўсе ўмовы для грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Па ініцыятыве Любові Пятроўны ў сялянскім доме быў створаны музей “Сялянская хатка”, які з’яўляецца цэнтрам адра­джэння абрадаў, традыцый сяла, выхавання любві да малой радзімы, яе гісторыі.

Гордасцю школы з’яўляецца лялечны тэатр “Батлейка” — актыўны ўдзельнік і пераможца раённых і абласных конкурсаў.

Цяпло і ўтульнасць, атмасфера любові, творчасці адчуваецца ў кожным кутку школы, а школьная тэрыторыя падобная да казкі. Тут вам і альтанкі, і кветнікі, і розныя вырабы, што радуюць вока. Усё гэта выглядае вельмі прыгожа і арыгінальна.

Жыццёвае крэда Любові Пятроўны: “Умей адчуваць побач з сабой чалавека, умей разумець яго душу, ба­чыць у яго вачах складаны духоўны свет” (В.А.Сухамлінскі).

Настаўніцкая ніва для Любові Пятроўны — не проста работа, гэта сапраўды вялікае служэнне высакароднай справе выхавання новых пакаленняў! Таму ня­дзіўна, што педагагічнаму калектыву школы ўдалося стаць дружнай і згуртаванай камандай, здольнай вырашаць любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення.

Сельская школа — гэта цэнтр жыцця, энергіі, мудрасці, любові і прыгажосці. На ёй трымаецца ўсё духоўнае і свецкае жыццё вёскі.

Любоў Пятроўна — адказны і чулы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Ад яе часта можна пачуць: “Мой дом — маё сяло”. У гэтых словах тоіцца любоў да малой радзімы, да яе гісторыі і традыцый.

Разам са сваім дружным калектывам Любоў Пятроўна прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі, стварэнні малых архітэктурных форм, навядзенні парадку на зямлі.

Як жанчына і маці яна востра адчувае праблемы мясцовых жыхароў. Прыцягваючы ўвагу грамадскасці да сваёй грамадзянскай і патрыятычнай дзейнасці, Любоў Пятроўна стараецца засцерагчы жыхароў і сельскую моладзь ад негатыўных сітуацый, часта выступае перад насельніцтвам з абмеркаваннем праблем сяла. 

— Вельмі люблю, калі вакол мяне радуюцца людзі, — кажа Любоў Пятроўна. І гэта не проста словы: педагог прыкладае нямала сіл, каб настроіць людзей на пазітыўную хвалю.

Любоў Пятроўна спрабуе сваім прыкладам даказаць: вёска павінна жыць, жыццё на сяле не згасне! Разам са сваім калектывам яна дапамагае аднасяльчанам быць больш добрымі і чалавечнымі, радавацца ў святы і спачуваць адно аднаму ў бядзе. Яна не забывае пра такую катэгорыю жыхароў вёскі, як адзінокія пажылыя людзі. З ліку навучэнцаў школы арганізаваны цімураўскія і валанцёрскія атрады. Пажылыя людзі, ветэраны працы з’яўляюцца частымі гасцямі на шматлікіх школьных мерапрыемствах.

Любоў Пятроўна праводзіць актыўную работу, накіраваную на вырашэнне сацыяльных задач: прапаганду сямейнага вольнага часу, здаровага ладу жыцця, захаванне і развіццё нацыянальных традыцый, выхаванне эстэтычнай культуры сярод жыхароў вёскі, абарону інтарэсаў мацярынства і дзяцінства. А правядзенне такіх мерапрыемстваў, як Дзень бацькі, творчая справаздача школы, выпускны баль, святочныя канцэрты, прысвечаныя традыцыйным святамі (Дню маці, Дню вёскі і інш.), сталі агульнымі для ўсіх жыхароў.

— Многае ў нашым жыцці мае жаночы пачатак, і само слова “радзіма” жаночага роду. Менавіта Жанчына, Маці — захавальніца ўсіх укладаў і асноў.

Пад умелым кіраўніцтвам такіх жанчын, як Любоў Пятроўна Акуліч, на сяле фарміруецца жаночы рух з ліку членаў калектыву школы, дзіцячага сада, СДК. Гэтыя жанчыны ўмеюць уплываць на грамадскую думку аднасяльчан, ва ўсіх справах паспяховыя і карыстаюцца заслужанай павагай.

Любоў Пятроўна лічыць, што толькі праз лёсы лепшых людзей вёскі можна захаваць традыцыі і гісторыю роднага краю. Актыў школы вырашыў спраў­ляць дзень сельскіх жанчын, прысвечаны людзям з цяжкім, але светлым лёсам, прымаць актыўны ўдзел у конкурсах, якія праводзяцца сельскім саветам у намінацыях “Лепшая сядзіба”, “Маладая сям’я”, “Прыёмная сям’я”, з мэтай прапаганды сямейных каштоўнасцей на сяле.

Вось яна якая, наш дырэктар! Незвычайная, мужная і цудоўная жанчына. Яна належыць да рэдкай катэгорыі лю­дзей, якія ўмеюць рабіць сваё жыццё і жыццё тых, хто побач, насычаным і цікавым. Менавіта дзякуючы такім людзям, як Любоў Пятроўна, захоўваецца культурная спадчына на сяле, традыцыі і сямейныя каштоўнасці.

Святлана МАЛАШЧОНАК,
настаўніца біялогіі і хіміі Прыбалавіцкай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна
Гомельскай вобласці.