Бэз, апельсіны і клюзюм

- 14:03Навука і інавацыі

Чым Цэнтральны батанічны сад здзівіць нас у чарговы раз?

Мінчане, якія любяць гуляць па Цэнтральным батанічным садзе, магчыма, думаюць, што асноўная задача яго супрацоўнікаў — наводзіць і падтрымліваць тут прыемную воку прыгажосць. Аднак зялёнае будаўніцтва і фітадызайн — хоць і важны, але не адзіны напрамак дзейнасці батанічнага саду. Гэта сур’ёзная навуковая ўстанова, якая вядзе цэлы шэраг фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Іх вынікі кладуцца ў аснову новых распрацовак у медыцыне, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, дапамагаюць у вырашэнні праблем аховы навакольнага асяроддзя.

Днямі журналістаў рэспубліканскіх СМІ запрасілі ў Цэнтральны батанічны сад і паказалі тое, што звычайна не бачна большасці наведвальнікаў, — вялікую навуку. Можа, яна не такая яркая, як тое мора дэкаратыўных кветак, што разлілося па садзе, але ўсё ж не менш уражальная.

Дырэктар Цэнтральнага батанічнага саду член-карэспандэнт НАН Беларусі Уладзімір Ціток сам праводзіць для нас экскурсію. Ён паказвае нам развіццё саду ў дынаміцы: ад старых прысад і велізарных кветкавых плантацый да сучасных пасадак і новых збудаванняў. Зараз ідзе рэканструкцыя батанічнага саду, і штогод тут плануецца здаваць хаця б адзін новы аб’ект. Так, летась увялі ў эксплуатацыю мадэрнізаваны будынак сховішча грунтоў. Акрамя таго, у будынку размясцілася лабараторыя біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў, якая фарміруе нацыянальны рэзервовы генафонд рэдкіх раслін прыроднай флоры Беларусі і вызначае шляхі іх захавання і рэпатрыяцыі. Лабараторыя абменьваецца насеннем і пасадачным матэрыялам з трыма сотнямі батанічных садоў з 60 краін свету.

Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук быў утвораны 17 красавіка 1932 года. Сёння ён уваходзіць у шэраг найбуйнейшых батанічных садоў Еўропы як па плошчы (каля 100 га), так і па складзе калекцый раслін (больш за 14 тысяч найменняў).

Штогод Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі наведвае каля 250 тысяч чалавек.

Дагэтуль у Цэнтральным батанічным садзе быў пабудаваны лабараторны корпус біятэхналагічнага комплексу. Стаіць задача сёлета дабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю ўвесь комплекс, які забяспечыць паскоранае вырошчванне саджанцаў буякоў высокіх, іншых каштоўных ягадных, дэкаратыўных, драўнінных, лекавых і вострапахучых раслін.

У лабараторыях нам паказалі гэты цуд — як літаральна з некалькіх клетак вырошчваюцца моцныя здаровыя саджанцы, якія ўжо на трэці год пачынаюць плоданашэнне. Сёння ў прабірках і слоіках тут “спеюць” тысячы новых раслін. Калі комплекс выйдзе на праектную магутнасць, ён зможа вырошчваць да 1 млн аздароўленых саджанцаў у год.

— Кланальнае размнажэнне раслін у культуры in vitro павышае эфектыўнасць вытворчасці саджанцаў у параўнанні з традыцыйнымі метадамі ў 8—10 разоў, — тлумачыць кіраўнік біятэхналагічнага комплексу намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Аляксандр Вяеўнік. — Выкарыстанне згаданай тэхналогіі паскорыць укараненне ў прамысловую вытворчасць нашай краіны каштоўных ягадных і дэкаратыўных культур. Новая для Беларусі галіна — прамысловае ягадаводства — будзе цалкам забяспечана аздароўленым пасадачным матэрыялам.

Дырэктар Цэнтральнага батанічнага саду член-карэспандэнт НАН Беларусі Уладзімір Ціток: “Наш сад мае статус навуковага аб’екта, які складае нацыянальны здабытак, і абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння і помнікам ландшафтнай архітэктуры.

Гэта самы буйны ў краіне цэнтр па захаванні біяразнастайнасці жывых раслін, вядучая навуковая ўстанова ў галіне інтрадукцыі, акліматызацыі, фізіялогіі, біяхіміі і экалогіі раслін, аховы навакольнага асяроддзя, дэкаратыўнага садаводства і ландшафтнай архітэктуры”.

Як паведаміў дырэктар Уладзімір Ціток, сярод бліжэйшых перспектыўных планаў — стварэнне вялікага гадавальніка, абсталяванага кропельным палівам і спецыяльным ангарам з торфанабіўной машынай, якая будзе запаўняць да 4 тысяч гаршкоў у гадзіну. Такім чынам будзе асвоены механізаваны спосаб вытворчасці саджанцаў на самым сучасным узроўні.

Трэба адзначыць, што прамысловае ягадаводства мае ў Беларусі вельмі добрую перспектыву — пра гэта сведчыць вялікая цікавасць да галіны з боку прадпрыемстваў розных форм уласнасці. Акрамя таго, тут ёсць вялікі экспартны патэнцыял. А яшчэ прамысловае ягадаводства ў пэўнай ступені вырашыць праблему рацыянальнага выкарыстання парушаных зямель.

— У прыватнасці гэта тычыцца зямель, парушаных у працэсе здабычы торфу, — тлумачыць загадчык лабараторыі экалагічнай фізіялогіі раслін Аляксандр Якаўлеў. — Сёння ў нашай краіне каля 300 тысяч га выпрацаваных тарфянікаў, якія дагэтуль не знайшлі годнага прымянення. Яны адрозніваюцца высокім узроўнем кіслотнасці, нізкай урадлівасцю і не прыдатныя для вырошчвання сельскагаспадарчых і лясных культур. Мы прапанавалі аднаўленне натуральнай урадлівасці выпрацаваных тарфянікаў шляхам вырошчвання там ягадных культур.

Сёння буйныя фермерскія гаспадаркі пачалі ў прамысловых маштабах асвойваць тэхналогіі фітарэкультывацыі выпрацаваных тарфянікаў, высаджваючы там інтрадуцыраваныя гатункі буякоў высакарослых, журавін паўночнаамерыканскіх і буйнаплодных, брусніц звычайных. Для гэтых мэт рознымі ўласнікамі ўзята ў арэнду каля некалькі соцен га закінутых зямель. Прыкладна 10 га ўжо даюць ураджаі ягад.
— Дарэчы, у гэтай справе нам вельмі дапамагаюць школы, — заўважыў Аляксандр Якаўлеў. — Навучэнцы Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна і Фядорскай школы Столінскага раёна бяруць непасрэдны ўдзел у работах па рэкультывацыі выпрацаваных тарфянікаў.

Калекцыйны фонд кветкава-дэкаратыўных раслін Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі налічвае каля 6 тысяч відаў і гатункаў: гладыёлусы — 775, цюльпаны — 600, лілеі — 430, нарцысы — 417, півоні — 355, ружы — 282, вяргіні — 260 і інш.

Такім чынам, з аднаго боку, навукоўцы вырашаюць экалагічную праблему — вяртаюць закінутыя тарфянікі ў сельскагаспадарчае карыстанне, што стабілізуе парушанае прыроднае асяроддзе. З другога боку, краіна атрымлівае каштоўную ягадную прадукцыю, якая можа выкарыстоўвацца ў фарматэўтыцы і харчовай прамысловасці.

Дарэчы, у Ганцавіцкім раёне, дзе знаходзіцца вялікая пляцоўка Цэнтральнага батанічнага саду, плануецца стварыць цэх па перапрацоўцы ягаднай прадукцыі.

— Кожную восень мы прадаём журавіны, вырашчаныя на нашых плантацыях у Ганцавічах (штогод стабільна збіраем каля 50 тон), — расказвае Уладзімір Ціток. — Але мы разумеем, што рэалізацыя сыравіны — гэта ўжо ўчарашні дзень. Трэба ствараць і прадаваць прадукт з высокім дабаўленым коштам. Сёння ўжо многія беларусы чулі пра клюзюм (разынкі з журавін) — выдатны прадукт, які можна вырабляць сваімі сіламі і рэалізоўваць, у тым ліку на экспарт.

У Цэнтральным батанічным садзе мы таксама наведалі экспазіцыйную аранжарэю, дзе прадстаўлена больш за 600 відаў субтрапічных і трапічных раслін — папайя, банан, фейхоа і многія іншыя.

Май — час красавання бэзу. Сёлета з-за халоднай вясны гэтая дзівосная расліна спазнілася з цвіценнем на 2—3 тыдні. Але зараз прыгрэла сонейка — і кветкі пачалі распускацца.

Якраз сёння ў Цэнтральным батанічным садзе пачынаецца доўгачаканы тыдзень бэзу. Як для японцаў сакура, так для беларусаў бэз з’яўляецца крыніцай творчай энергіі і натхнення. Тысячы мінчан прыйдуць у гэтыя дні ў батанічны сад, каб палюбавацца пышнай, але недаўгавечнай прыгажосцю.

Сірынгарый батанічнага саду (ад лац. Syringa — бэз) налічвае больш за 250 гатункаў, у тым ліку ўласнай селекцыі. Яны вылучаюцца надзвычай буйнымі, разнастайнымі па форме і афарбоўцы суквеццямі, а таксама пяшчотным водарам. Дарэчы, у 2011 годзе бэзавая калекцыя Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі атрымала міжнароднае прызнанне і была адзначана Ганаровай граматай Міжнароднага таварыства бэзу.

Аранжарэя пладовых цытрусавых раслін з’яўляецца адзінай і ўнікальнай у Беларусі. Тут сабрана каля 100 гатункаў цытрусавых: 15 гатункаў апельсінаў, 10 гатункаў мандарынаў, каля 10 гатункаў грэйпфрутаў і інш.Напрыклад, зараз пладаносіць беларускі гатунак апельсінаў Аранжавы карлік, да стварэння якога прыклаў руку дырэктар саду Уладзімір Ціток. Карлікам апельсін названы таму, што само дрэўца кампактнае па памеры, затое плады на ім вельмі яркія і буйныя. Прэзідэнт Акадэміі навук Егіпта, які нядаўна наведаў батанічны сад, быў уражаны работай беларускіх калег.

— Батанічны сад унікальны тым, што ў нас запатрабавана ўсякая дзейнасць (тэарэтычная, практычная), а яшчэ трэба рукамі працаваць, — заўважыў акадэмік Уладзімір Мікалаевіч Рашэтнікаў. — Мы заўсёды павінны лічыцца з умовамі надвор’я, якія ўвесь час мяняюцца, думаць, як захаваць расліны ў маразы, абараніць ад іншых неспрыяльных уздзеянняў. Таму ў батанічным садзе працуюць высокакваліфікаваныя людзі, якія не толькі шмат ведаюць і ўмеюць, але і любяць сваю работу. Сёння мы цесна ўзаемадзейнічаем з установамі вышэйшай адукацыі краіны, каб знаходзіць такіх жа апантаных людзей, якія будуць дапамагаць нам развіваць сад.

У Год навукі Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы. Па-першае, завяршыць будаўніцтва і абсталяванне біятэхналагічнага комплексу. Па-другое, да 2019 года пабудаваць Аранжарэю-2. Па задумцы яна павінна стаць яркім сімвалам горада і вельмі прывабным аб’ектам як для аматараў прыгажосці, так і для садаводаў, якія змогуць набыць там расліны для сваіх калекцый. А яшчэ тут будуць закладзены сад ценяў і сад дэкаратыўных злакаў… Паважны 85-гадовы сад будзе прырастаць навукай і прыгажэць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.