Без ажыятажу і чэргаў

12 чэрвеня ў краіне пачалася кампанія па наборы дзяцей у 1-я класы школ і гімназій. Толькі ў Мінску ў новым навучальным годзе адкрыецца 854 першыя класы, за школьныя парты ўпершыню сядуць больш за 20 тысяч маленькіх мінчан. У сталічную гімназію № 24 наш карэспандэнт завітаў, каб паглядзець, як праходзіць прыём дакументаў.

Перад наведваннем гімназіі ў інтэрнэт-крыніцах давялося прачытаць некалькі не зусім аптымістычных артыкулаў наконт сёлетняга залічэння дзяцей ў 1-я класы, дзе аўтары прадказвалі чэргі, ажыятаж, канфлікты паміж адміністрацыяй гімназій і бацькамі. Шчыра кажучы, вельмі здзівілася, калі ў першы дзень прыёму дакументаў у 15 гадзін ніякай чаргі ля гімназіі, бацькоў, якія дзяжурылі б з самага ранку са спісам, — увогуле нікога з дарослых не заўважыла. Больш за тое, прачакаўшы амаль гадзіну, жадаючых падаць дакументы ва ўстанову я так і не ўбачыла. Дарэчы, у першы дзень прыёму дакументаў так і не было, што крыху здзівіла і дырэктара гімназіі, і яе супрацоўнікаў.

Дырэктар гімназіі Таццяна Віктараўна Лукша лічыць, што сярод бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў гімназіі, была праведзена папярэдняя растлумачальная работа. Яшчэ з 1 верасня на працягу ўсяго навучальнага года бацькі прыходзілі па прыёмных днях да дырэктара і даведваліся падрабязнасці залічэння дзіцяці ў школу. Акрамя таго, вясной праводзіўся сход для бацькоў будучых першакласнікаў, на якім расказвалі, як будзе праходзіць прыём, хто з педагогаў набірае дзяцей, у якіх памяшканнях будуць размяшчацца вучні, на што звярнуць увагу пры падрыхтоўцы дзяцей да школы.

— Сёлета камітэт па адукацыі прапанаваў алгарытм па прыёме дзяцей у 1-я класы, які значна аблегчыў работу, — расказвае Т.В.Лукша. — Так, бацькі дзяцей, якія пастаянна пражываюць ці маюць часовую рэгістрацыю тэрмінам не менш за адзін год у мікрараёне, замацаваным за ўстановай адукацыі, могуць звяртацца ў прыёмную камісію гімназіі з дакументамі. Ім неабходна прынесці медыцынскую даведку, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, напісаць заяву, а таксама прадаставіць пашпарт з рэгістрацыяй. Прыём дзяцей, якія не пражываюць у мікрараёне, замацаваным за ўстановай адукацыі, арганізуецца на свабодныя месцы і па-іншаму. Бацькі ці законныя прадстаўнікі прыходзяць на асабісты прыём дырэктара школы па папярэднім запісе — па серадах і ў трэцюю суботу кожнага месяца. Бацькі могуць патэлефанаваць у гімназію (у прыёмную ці на вахту) і запісацца на пэўны час. Кіраўнік пры сустрэчы прымае заяву, рэгіструе яе ў спецыяльна адведзенай кнізе аб парадку падачы заяў, а таксама ў кнізе прыёму грамадзян. Рашэнне аб залічэнні на свабодныя месцы прымаецца не асабіста кіраўніком, а камісіяй. Калі бацькі зарэгістраваны па мікрараёне нядаўна і толькі на тры месяцы, то яны таксама будуць падаваць заяву на свабодныя месцы разам з тымі, хто падае дакументы без рэгістрацыі.

У гэтым годзе ў гімназіі ўпершыню адкрываюцца два 1-я класы па 24 чалавекі ў кожным (кантрольныя лічбы прыёму, магчыма, могуць і змяніцца). Звычайна набіраўся толькі адзін клас. У іх будуць працаваць вопытныя педагогі. Адзін з іх ужо вядомы — Наталля Юр’еўна Семяненка, якая выпусціла 4 клас. Кандыдатура яшчэ аднаго настаўніка знаходзіцца на ўзгадненні ў дырэктара. У сваёй рабоце педагогі будуць спалучаць новыя адукацыйныя тэхналогіі з традыцыйнымі. Як запэўніла дырэктар, па магчымасці гімназія будзе ісці насустрач бацькам, якія выкажуць жаданне быць залічаным да канкрэтнага педагога.

Па мікрараёне за гімназіяй замацаваны некалькі дамоў: Старажоўская, 6, Я.Купалы, 23 і праспект Незалежнасці 27а і 29. “Колькі будзе свабодных месцаў і ці будуць яны ўвогуле, зараз сказаць нельга, — заўважае Таццяна Віктараўна. — Залічваць будзем пасля 28 жніўня па меры падачы заяў. Прычым, паводле рашэння Мінгарвыканкама, першачарговае права пры залічэнні на свабодныя месцы маюць дзеці, чые браты і сёстры ўжо вучацца ў гімназіі, а таксама дзеці супрацоўнікаў гімназіі. На 13 чэрвеня да мяне на асабісты прыём запісаліся 37 чалавек. Зразумела, усе яны пададуць заявы, але гэта не гарантуе ім месца ў гімназіі. Мы будзем інфармаваць бацькоў наконт магчымасці падаць заявы ў некалькі гімназій. Калі ж бацькі даведаюцца, што іх дзіця не залічылі, яны могуць вярнуцца ў школу, да якой адносяцца па месцы жыхарства. Бывае і так, што бацькі ад’язджаюць з дзіцем адпачываць, вяртаюцца ў жніўні і прыносяць дакументы. І дзіця будзе абавязкова прынята”.

Бацькі, з якімі мне давялося паразмаўляць, прыйшлі на асабісты прыём да дырэктара, бо не адносяцца тэрытарыяльна да гімназіі. На маё пытанне “Чаму выбралі менавіта гэтую навучальную ўстанову?” яны адзначылі, што сарафаннае радыё працуе безадказна: неаднаразова даводзілася чуць станоўчыя водзывы дзяцей аб цудоўным мікраклімаце ў гімназіі, добрым педагагічным калектыве, аўтарытэтных настаўніках. Дзеці атрымліваюць трывалыя веды, дэманструюць высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, шматлікіх алімпіядах і конкурсах. Пра гэта яскрава гавораць водзывы ў сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі, якія бацькі рэгулярна манітораць.

І гэта сапраўды так. Дзесяць гадоў гімназія займае першае месца па выніках каляндарнага года па базавых паказчыках. Высокія дасягненні выпускнікоў на алімпіядах (сёлета 46 дыпломаў на раённым узроўні, 15 — на гарадскім, 1 — на рэспубліканскім), навукова-практычных канферэнцыях. Так, дыплом НПК — у дзесяцікласніцы гімназіі Святланы Фядосік. У гэтым годзе адзінаццацікласнікі атрымалі 4 залатыя медалі, 11 пасведчанняў з адзнакай — у выпускнікоў 9-х класаў. Свае веды навучэнцы пацвярджаюць на цэнтралізаваным тэсціраванні. Летась 4 вучні атрымалі 100-бальныя вынікі, 91—99 балаў па прадметах у дзесяці навучэнцаў. “Гістарычна склалася, што наша гімназія была лінгвістычнай установай адукацыі. І хаця зараз у вучэбным плане ў 1—2 класах няма замежнай мовы, мы даём магчымасць вывучаць яе за кошт платных адукацыйных паслуг, гуртковай і індывідуальнай работы. Гэта прыцягвае бацькоў, якія разумеюць, як патрэбны сёння замежныя мовы. У сценах установы навучэнцы маюць магчымасць атрымаць дыплом міжнароднага ўзору па нямецкай мове, — расказвае Т.В.Лукша. — На старшай ступені мы прапаноўваем на выбар філалагічны (на павышаным узроўні вывучаюцца замежная мова — англійская ці нямецкая і руская мовы) і матэматычны профілі (замежная мова і матэматыка). Акцэнт зроблены менавіта на гэтыя прадметы, бо іх выкладаюць моцныя настаўнікі. Нашы педагогі — настаўнікі матэматыкі Т.У.Ячэйка, І.Ю.Сёміна, Т. Д.Юстус, настаўнікі рускай мовы Т.Ю.Панцялеева, Г.Д.Бялко, А.І.Петрусевіч, Н.А.Болатава, настаўнікі замежнай мовы В.В.Негурэ, І.У.Зубрыліна, Т.М.Антонава — з’яўляюцца рэцэнзентамі і аўтарамі нацыянальных падручнікаў, узначальваюць метадаб’яднанні, вынікова і творча працуюць”.

24-я гімназія не вельмі вялікая па колькасці навучэнцаў — тут вучыцца крыху больш за 660 дзяцей. Пачатковая школа заўсёды ва ўсіх на віду, у цэнтры ўвагі. Усіх пачаткоўцаў старшакласнікі і настаўнікі ведаюць пайменна. Дамашняя, цёплая атмасфера, псіхалагічны камфорт, добрыя адносіны да дзяцей найбольш прыцягваюць бацькоў.

Большасць бацькоў пераканана, што залічэнне па новых правілах — гэта не вельмі добрае рашэнне. Патрэбна, каб была магчымасць паступаць і тым, хто не адносіцца да гімназіі. Некаторыя ж бацькі (у асноўным тыя, хто падаваў дакументы па прапісцы) у новай сістэме не бачаць нічога дрэннага. “Тое, што ўвялі залічэнне па тэрытарыяльным прынцыпе, добра. Зараз будзе прасцей і дзецям, і настаўнікам, і бацькам. Калі бацькі пачынаюць аддаваць сваіх дзяцей у іншыя раёны па парадах і чутках, атрымліваецца блытаніна і неразбярыха”, — лічыць адна мама.

— Калі адмянілі экзамены ў 5-я класы, мне як кіраўніку стала прасцей і камфортней псіхалагічна. Па-першае, не адчуваюць стрэсу навучэнцы і іх бацькі. Трэба бачыць дзяцей, каб сказаць, наколькі яны паспакайнелі, сталі больш шчаслівымі, упэўненымі, перасталі штудзіраваць зборнікі, без хваляванняў перайшлі ў 5 клас. Для нас стала спакайней, бо ўступныя выпрабаванні ў 5 клас супадалі з днямі выпускных экзаменаў за курс базавай школы. У выніку — двайная нагрузка на педагогоў і вельмі напружаная атмасфера. Сёлета мы больш часу маглі ўдзяліць адзінаццацікласнікам і дзевяцікласнікам, — падкрэслівае Таццяна Віктараўна.

Да 12 гадзін 15 чэрвеня ў першы клас падалі заяву толькі бацькі аднаго дзіцяці.

Асноўная інтрыга сёлетняй прыёмнай кампаніі разгорнецца ў апошнія дні залічэння. Прыём дакументаў дзяцей, якія тэрытарыяльна адносяцца да гімназіі, скончыцца 28 жніўня, а да 30 жніўня камісія вырашыць, хто стане першакласнікам гімназіі, а хто — не.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.